6 траўня 2024, панядзелак, 21:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тысячы літоўцаў выйшлі святкаваць 25-годдзе незалежнасці краіны

6

11 сакавіка тысячы людзей у Вільні ўдзельнічалі ў святочным шэсці з нагоды 25-годдзя аднаўлення незалежнасці Літвы.

Пасля ўрачыстай цырымоніі ўзняцця сцягоў краін Балтыі больш 4000 чалавек у суправаджэнні вайсковага аркестра ішлі па праспекце Гедыміна ад будынка парламента да Кафедральнага пляцу, піша ru.delfi.lt.

Многія ўдзельнікі шэсця неслі святочныя сімвалы. Удзельнікі шэсця неслі сцягі Літвы, іншых краін Балтыі, Украіны, Польшчы.

"Для мяне гэта асаблівае свята, гэта мая Літва, гэта мая Радзіма. Я радая, што людзей вельмі шмат", - сказала BNS удзельніца шэсця Станіслава Галадзілдэне.

"Мы шлём не столькі ўсяму свету, колькі сабе вялікую вестку, паколькі жывем у час хуткіх пераменаў. Летась я прыходзіў падтрымаць Майдан. Погляды ўсіх жыхароў Літвы змяніліся", - сказаў іншы ўдзельнік шэсця 26-гадовы Алмантас Абромайціс.

Удзельнікі шэсця падкрэслілі адзінства ўсіх грамадзян, на ім не было нацыяналістычных выкрыкаў "Літва - для літоўцаў", якія, магчыма, прагучаць у гэты дзень пазней, падчас іншага шэсця.

Перад шэсцем на ўрачыстым пасяджэнні парламента кіраўнікі Літвы сказалі, што адзінства цяпер асабліва важнае перад тварам новых пагроз (мелі на ўвазе неспакой, звязаны з Расеяй, якую Захад вінаваціць у распальванні беспарадкаў ва Украіне).

"Сіла адзінства тых гадоў стала легендай. Такая ж сіла нам патрэбная і сёння, праз чвэрць стагоддзя. Калі рэха бразгання зброяй ідзе з таго ж боку", - сказала прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ.

Пра пагрозу з боку "імперыі", не называючы Расеі, у сераду казаў і першы кіраўнік незалежнай Літвы Вітаўтас Ландсбергіс.

"Калі агрэсію вар'ятаў не стрымаць, і імперыя вяртаецца назад у былыя калоніі, то наша гісторыя поспеху можа стаць гісторыяй часовага поспеху, якую ператвораць у прах. А напалоханыя сябры-еўрапейцы нават параяць не пярэчыць нападніку, паколькі ў свеце ёсць больш важныя рэчы, так яны скажуць. Яны важнейшыя за свабоду і справядлівасць. Але мы заўсёды тыя, каму ёсць што сказаць. Трэба рыхтавацца да абароны сівога бацькі і каханай бабулі, і малодшай сястрычкі", - сказаў ён.

Пасля святочных выступленняў дзеці выпусцілі ў неба трохкаляровыя паветраныя шары.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках