4 траўня 2024, Субота, 23:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Stratfor: Авіяцыя ЗША будзе ва Украіне на другі дзень вайны з Расеяй

14
Stratfor: Авіяцыя ЗША будзе ва Украіне на другі дзень вайны з Расеяй

Нягледзячы на замірэнне на Данбасе, развіцця вайсковага канфлікту выключаць нельга.

Амерыканская прыватная выведвальна-аналітычная кампанія Stratfor у сваім даследаванні падае аналіз сцэнарыяў, у якіх расейскія і заходнія сілы могуць уступіць у наўпроставы канфлікт ва Украіне, піша «Корреспондент».

Stratfor яшчэ называюць «ценявым ЦРУ», кампанія займаецца зборам і аналізам інфармацыі пра падзеі ў свеце. На падставе сабраных звестак аналітыкамі кампаніі складаюцца эканамічныя і геапалітычныя прагнозы.

Усё вызначыць авіяцыя

Калі Злучаныя Штаты і/або NATO адрэагуюць на адкрыты вайсковы наступ Расеі ва Украіне, самым хуткім і, мабыць, самым мэтазгодным спосабам агнявога ўздзеяння на тэатры вайсковых дзеянняў стане выкарыстанне авіяцыі.

Пры поўнамаштабным удзеле сіл ЗША ці NATO ў канфлікце, цалкам магчыма, што наступ Расеі будзе асуджаны на крах.

У NATO і ЗША ёсць магутныя наземныя войскі, якія можна разгарнуць ва Усходняй Еўропе і ва Украіне ў выпадку патрэбы, але для перакідання гэтых сіл і сродкаў на тэатр вайсковых дзеянняў сыдзе шмат часу.

І нават у гэтым выпадку без дасягнення перавагі ў паветры такія войскі наўрад ці будуць уведзеныя ў бой.

З гэтай прычыны ў рамках аналізу магчымых дзеянняў Захаду ў адказ мы разгледзелі яго магчымасці ўжывання ва Украіне значных сіл авіяцыі для зрыву расейскага наступу і прымусу супраціўніка да адступлення.

Гэта будзе складаная аперацыя, якая запатрабуе разгарнуць авіяцыйныя сілы і сродкі на аэрадромах паблізу пазіцый расейскіх войскаў, наладзіць тылавое забеспячэнне гэтых сіл, зладзіць дзеянні для здушэння расейскай сістэмы СПА, а затым прыступіць да наземнай аперацыі з мэтай паслаблення расейскага вайсковага патэнцыялу на тэрыторыі Украіны.

Пры аналізе варыянтаў вайсковых дзеянняў Маскве давядзецца ўлічваць самы горшы сцэнар, у якім краіны NATO ва Усходняй Еўропе дадуць свае вайскова-паветраныя базы ў распараджэнне ВПС ЗША і будуць выконваць матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне.

Самае галоўнае - перавага ў паветры

Перш чым пачаць поўнамаштабныя дзеянні ВПС супраць расейскіх войскаў, Злучаным Штатам і іх еўрапейскім хаўруснікам трэба будзе размясціць побач з Украінай вялікую колькасць знішчальнай авіяцыі.

Гэтым самалётам давядзецца не толькі аслабляць расейскую наземную СПА перад наземным нападам, але і змагацца з расейскай авіяцыяй, якая надае паветраную падтрымку войскам, што наступаюць.

Для дасягнення стратэгічнай перавагі, для здабыцця перавагі ў паветры спатрэбіцца максімальна магчымая колькасць сучасных знішчальнікаў.

Еўрапейскія ВПС ужо знаходзяцца даволі блізка да ўкраінскага тэатру, але ў рамках перадавога разгортвання бліжэй да Украіны спатрэбіцца абмежаваць час палёту да мэты і скараціць нагрузку на самалёты-запраўшчыкі, якія і без таго будуць задзейнічаныя максімальна ў аперацыі такога размаху і маштабу.

Але Злучаныя Штаты сутыкнуцца яшчэ з адной праблемай стратэгічнага разгортвання авіяцыйных сіл і сродкаў, якая звязаная з перакідкай авіяцыі з кантынентальнай частцы ЗША ва Усходнюю Еўропу.

Тэмпы перакідання і разгортвання авіяцыі будуць залежаць ад мноства фактараў, такіх як наяўнасць самалётаў-запраўшчыкаў, стратэгічнай вайскова-транспартнай авіяцыі і аэрадромных магутнасцяў у пунктах прызначэння і ў месцах прамежкавай пасадкі.

Першыя самалёты ВПС ЗША змогуць даставіць на тэатр вайсковых дзеянняў даволі хутка, што пераважна звязана з тым, што некалькі амерыканскіх знішчальных эскадрылляў загадзя размешчаныя на авіябазах у Еўропе.

Тры эскадрыллі F-15 дыслакуюцца на базе каралеўскіх ВПС Лейкенхіт у Брытаніі, дзве эскадрыллі F-16 знаходзяцца ў Італіі на ВВБ Авіяна, і адная эскадрылля F-16 разгорнутая на авіябазе Шпангдалем у Нямеччыне.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках