5 траўня 2024, Нядзеля, 5:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Банкірка» з Віцебска знікла, набраўшы крэдытаў на 500 мільёнаў

2
«Банкірка» з Віцебска знікла, набраўшы крэдытаў на 500 мільёнаў

Управа Следчага камітэта Віцебскай вобласці абвясціла ў вышук махлярку, якая схавалася з грашыма грамадзян.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйная прадстаўніца УСК Віцебскай вобласці Іна Гарбачова, цяпер на разглядзе следчай управы знаходзіцца справа ў дачыненні да 59-гадовай Марыі Бартноўскай, якая падазраецца ў махлярстве, учыненым у асабліва буйным памеры (ч.4 арт.209 КК).

Выяўлена, што Бартноўская з 28 студзеня 2013 да 21 сакавіка 2014 года шматкроць авалодвала грашовымі сродкамі грамадзян.

Злоўжываючы даверам знаёмых людзей, жанчына ўгаворвала іх узяць на сваё імя крэдыты - пры гэтым запэўнівала, што аплачваць ўсе выдаткі крэдытавання будзе сама. Акрамя таго абвінавачаная не раз брала ў пазыку вялікія сумы грошай нібыта на развіццё ўласнага бізнэсу, добраўпарадкаванне кватэры дачкі, аплату дарагога лячэння. Аформленыя на знаёмых крэдыты не выплачвала, узятыя ў пазыку грошы не вяртала.

Пасля таго, як банкі пачалі ўжываць захады да спагнання грашовых сум з кліентаў, якія ўкладалі з імі дамовы крэдытавання, а пацярпелыя сталі звяртацца ў праваахоўныя органы, абвінавачаная знікла.

Цяпер пацярпелымі паводле крымінальнай справы з'яўляюцца больш за дваццаць жыхароў Віцебска. Яны тлумачаць сваю даверлівасць тым, што Бартноўская цягам доўгага часу займала кіроўныя пасады ў розных банкаўскіх установах горада.

«Банкірка» аб'яўленая ў вышук, да яе завочна ўжыты захад стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. Агульная шкода, якую яна нанесла пацярпелым, складае блізу 500 млн беларускіх рублёў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках