5 траўня 2024, Нядзеля, 9:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жарко: Фармацэўт павінен рэкламаваць пацыентам беларускія лекі

29
Жарко: Фармацэўт павінен рэкламаваць пацыентам беларускія лекі

Міністэрства аховы здароўя абяцае забяспечыць поўны асартымент лекаў як беларускай, так і імпартнай вытворчасці.

Пра гэта заявіў міністр аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко 12 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску, піша БелаПАН.

«Яшчэ раз паўтараю, ніякіх абмежаванняў няма. Пацыент мае права абраць як айчынныя, так і імпартныя прэпараты. І ў аптэках ёсць і будзе забяспечаны поўны асартымент лекавых сродкаў як нашай, так і імпартнай вытворчасці», - дадаў ён.

Міністр адзначыў, што просіць фармацэўтычных работнікаў даводзіць да пацыентаў інфармацыю аб наяўнасці аналагічных беларускіх і імпартных лекаў, коштах на іх, а таксама тое, што яны «паводле сваёй структуры і дзеянню супастаўныя».

«Калі ў нас няма сваёй вытворчасці, то прысутнічаюць або арыгінальныя, або джынэрыкі імпартнай вытворчасці. Яны прысутнічалі і будуць прысутнічаць. Ніякіх абмежаванняў няма, але кошт нашых лекаў - 1,36 даляра, імпартных - 4,72 даляра», - сказаў Жарко.

Ён таксама растлумачыў, што кошты беларускіх лекавых сродкаў не падвышаюцца, калі ў іх няма імпартных кампанентаў. Кошт імпартных лекаў таксама застаецца ранейшым, але ў далярах ці еўра.

«Калі наш беларускі лекавы сродак ёсць і ён добры па якасці (а яны ўсе добрыя па якасці, асабліва тыя, якія знаходзяцца ў пераліку асноўных лекавых сродкаў для бясплатнага водпуску), мы прапануем наш. Я прашу фармацэўтычных работнікаў, калі грамадзяне прыходзяць у аптэку, каб да іх даводзілі інфармацыю, што вось у нас ёсць айчынны прэпарат па такім кошце і імпартны па такім», - заявіў міністр.

Ён адзначыў, што ў Беларусі выпускаецца больш за 1300 найменняў лекаў, прычым больш за 400 з іх асвоена цягам апошніх гадоў. «Рынак лекаў штогод павялічваецца. Летась ён склаў больш за 850 млн даляраў - гэта не маленькія грошы, гэта грошы бюджэту і нашых грамадзян. Мы павінны зрабіць усё, каб грамадзянін меў доступ да даступных беларускіх і імпартных сродкаў», - сказаў Жарко.

Задачу павялічыць долю беларускіх лекаў на фармацэўтычным рынку Беларусі да 50% кіраўнік Міністэрства аховы здароўя назваў «няпростай», бо кошт 70% беларускіх сродкаў менш за 1 даляр у эквіваленце.

Рэзанансны загад Міністэрства аховы здароўя №196 «Аб прасоўванні айчынных лекавых сродкаў» быў прыняты для таго, каб данесці да лекараў інфармацыю пра з'яўленне на рынку беларускіх лекавых сродкаў, заявіў Жарко.

«Калі чалавек усё жыццё прымае нейкі імпартны аналаг, мы выпішам імпартны аналаг. Ніхто не прымушае выпісваць беларускія лекі», - сказаў Жарко.

Што ж тычыцца ўзмацнення жорсткасці правіл водпуску ў аптэках рэцэптурных прэпаратаў, то, са слоў міністра, гэта было зроблена з мэтай прадухіліць «вэрхал у аптэках».

Нагадаем, з 19 кастрычніка ў Беларусі дзейнічае пастанова Міністэрства аховы здароўя №66. Згодна з дакументам, рэцэпты застаюцца ў аптэках на месяц. Пры гэтым пералік лекаў, якія прадаюцца па рэцэптах і без, не змяніўся. Мэтай, якой хацела дамагчыся ведамства, стала памяншэнне выпадкаў самалячэння і павелічэнне адказнасці лекараў за выпісаныя лекі.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках