6 траўня 2024, панядзелак, 20:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусы ашчаджаюць на забавах у крызіс

11
Як беларусы ашчаджаюць на забавах у крызіс

У людзей няма грошай на баўкі.

19 снежня 2014 года ў краіну прыйшоў чарговы крызіс. Валюта на некаторы час знікла з вольнага продажу, людзі падчысцілі паліцы з тэлевізарамі. Праз месяц афіцыйны курс рубля параўняўся з неафіцыйным і вырас з 11 да 15 тысяч. Заробкі ў сваёй масе застаюцца ранейшымі. Новы ўрад сцвярджае, што значна расці яны найбліжэйшым часам не будуць, перадае "Еўрарадыё".

"Кліентаў стала менш на 30%"

"Параўнаць, вядома, цяжка, як было ўлетку і цяпер. Але людзей у нас у боўлінгу прыкметна менш стала. На траціну дзесьці", - кажа Вольга, адміністратарка ў клубе "Боўлінг-хаўз". Падзенне наведвальнасці тут заўважылі пасля навагодніх святаў. Акрамя гэтага, і так невялікая колькасць наведнікаў цяпер у сярэднім пакідае менш грошай. Людзі бяруць танныя напоі і ежу. Пераадольваць крызіс у боўлінг-клубе імкнуцца рознымі спосабамі. Адміністратарка распавядае, што кіраўніцтва стараецца не павышаць кошт, прапануе акцыі і зніжкі для студэнтаў. Аднак працуе гэта ўсё пакуль не надта. "У людзей няма грошай на бавенні", - распавядаюць у клубе.

Крызіс закрануў усю сфэру забаў

"Ну вядома, што мы адчуваем крызіс, а як жа. І спад не толькі ў нас, спад ва ўсіх пэйнтбольных клубах. Ва ўсіх нашмат менш кліентаў", - распавядае Павел з клуба "УФА". Ён дадае, што тое ж самае мне скажуць у кожнай забаўляльнай установе. Ад дзіцячага ціра да пышнага караоке-клуба. На думку Паўла, спрагназаваць наступствы крызісу для такога бізнэсу вельмі цяжка. Даходы, вядома, моцна знізіліся. Але ці закране ён розныя клубы настолькі, каб яны ліквідоўваліся, можна будзе меркаваць толькі бліжэй да восені.

Клубы вымушаныя зніжаць кошт

У картынг-клубе "Фарсаж" таксама жаляцца на крызіс. Менш кліентаў, больш нізкі кошт, людзі бавяць у клубе менш часу. "У нас 10 хвілін заезду заўсёды каштавалі блізу 10 даляраў. Так усюды ў горадзе было да зімы. Увосень усюды кошт быў пад 100 тысяч за заезд. Цяпер трымаем 120, каб людзі хоць бы зусім не пакінулі хадзіць. Да 150 тысяч калі ўзнімем, каб было зноў 10 даляраў, то ніхто не прыйдзе", - распавядаюць у клубе.

Салоны прыгажосці выжываюць за кошт танных паслуг

У салонаў прыгажосці таксама справы ідуць не найлепшым чынам. Даходзіць да таго, што яны выжываюць дзякуючы... мужчынам. Яны стрыгчыся прыходзяць рэгулярна, раз на месяц. А вось на жаночай прыгажосці цяпер зарабіць складаней, наракаюць у менскім салоне In Style: "Значна менш цяпер заявак, людзі робяць толькі самыя патрэбныя працэдуры, без якіх зусім ніяк. Прычым, касаваць запіс на фрызуры ды працэдуры пачалі даслоўна ў той жа дзень, калі абрынуўся рубель". Выжываюць салоны прыгажосці цяперака выключна за кошт старых кліентаў, кажуць, што крызіс перажывуць толькі тыя, хто даўно працуе ў сфэры. У салонаў, што паўсталі надоечы, шанцаў выжыць у варунках крызісу зусім няшмат.

А высокую культуру крызіс пакуль не кранае

Але не ўсюды справы ідуць настолькі дрэнна. У касах Тэатра оперы і балета распавядаюць, што крызісу на сабе пакуль не адчулі. Людзі як раскуплялі самыя дарагія квіткі, так і раскупляюць. "У нас квіткі ў продаж паступаюць за шэсць месяцаў. Кошт ад 30 тысяч да 500. Ёсць і 700 тысяч у ложах. І пакуль мы не адчулі нейкага спаду ў колькасці гледачоў. Попыт на квіткі да нас сталы і не мяняецца", - распавядаюць у тэатры. І падаюць нядаўні выпадак, калі квіткоў на святочную праграму да 8 сакавіка ўсім ахвочым не выстарчыла, нягледзячы на не дужа нізкі кошт.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках