7 траўня 2024, aўторак, 7:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Івонка Сурвіла: Салідарнасць - галоўная зброя беларусаў

23
Івонка Сурвіла: Салідарнасць - галоўная зброя беларусаў

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла са зваротам напярэдадні Дня Волі.

Івонка Сурвіла накіравала яго ў цэнтры беларускіх дыяспар і ў СМІ, перадае «Радыё Свабода».

«Імпэрскі цмок, на якога шмат нашых людзей перасталі звяртаць увагу пад уплывам штодзённага прамывання мазгоў маскоўскай і прамаскоўскай прапагандай, зноў разбудзіўся. Незалежнасць Беларусі зноў апынулася пад пагрозай і ў сённяшніх варунках мы не здолеем яе абараніць без дапамогі цывілізаванага свету», - гаворыцца ў ім.

Велізарную ролю ў такіх варунках, на думку Івонкі Сурвілы, адыгрывае салідарнасць.

«Любоў да свайго краю, салідарнасць паміж намі і нашыя паводзіны ёсць адзінай зброяй, якой мы валодаем, каб захаваць незалежнасць нашай Бацькаўшчыны. Толькі калі цывілізаваны свет зразумее, што мы ёсць стары еўрапейскі народ, які нічым не розніцца ад іншых еўрапейскіх народаў, і што мы таксама заслугоўваем на еўрапейскія варункі жыцця ў сваёй уласнай вольнай краіне, ён зверне ўвагу на нашае нядолю. Але дзеля гэтага трэба, каб іншыя народы бачылі, што мы заслугоўваем на іхні давер ды іхнюю павагу. Вольны свет не паможа маскоўскім паплечнікам ці саюзнікам. Нават калі мы ўважаем, што дапамога, якую аказаў Захад Украіне, была недастатковай, каб абараніць яе тэрытарыяльную цэласнасць, — без салідарнасці Захаду палова Украіны была б у руках маскоўскага агрэсара. Без гэтае салідарнасці не дамо рады і мы», - мяркуе Івонка Сурвіла.

Напрыканцы звароту старшыня Рады БНР узгадвае словы класіка беларускай літаратуры.

«Караткевіч казаў: «І адзін можа!» дык заклікаю сёння кожнага з вас, мае дарагія суродзічы, - зрабіце сваёй мэтай спрычыніцца да волі зямлі вашых продкаў і да найлепшай долі вашых унукаў і праўнукаў. Каб усе мы маглі разам марыць пра тую Беларусь, пра якую марыў і беларускі народ, калі прыняў Акт 25 сакавіка 1918 году», - падкрэслівае старшыня Рады БНР.

Нагадаем, апазіцыя падала заяўку на правядзенне шэсця і мітынгу 25 сакавіка ў Дзень Волі.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках