6 траўня 2024, панядзелак, 16:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арцём Троіцкі: Беларусь абавязкова выйдзе на еўрапейскую дарогу

16
Арцём Троіцкі: Беларусь абавязкова выйдзе на еўрапейскую дарогу

Вядомы журналіст адгаварыў жонку мяняць беларускае грамадзянства на расейскае.

Пра гэта Арцём Троіцкі заявіў у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

- Барыс Нямцоў казаў, што новая дэмакратычная Беларусь непазбежна стане часткай аб'яднанай Еўропы і, такім чынам, пакажа прыклад Расеі. «Чым хутчэй пераможаце вы, тым хутчэй пераможам мы», - казаў ён. Ці згодныя вы?

- Я падзяляю гэты пункт гледжання нябожчыка Барыса Яфімавіча. Заўсёды ўважаў, што рана ці позна, так ці інакш, але Беларусь абавязкова выйдзе на простую еўрапейскую дарогу. Мая жонка Вера - грамадзянка Рэспублікі Беларусь, і адзін час яна хацела змяніць беларускае грамадзянства на расейскае, паколькі я - грамадзянін Расеі, дзеці ў нас - грамадзяне Расеі. І я яе заўсёды адгаворваў ад гэтага і казаў: «Вера, што будзе з Расеяй, я не маю ўяўлення, і вельмі можа быць, што нічога добрага не будзе, а вось твая родная краіна Беларусь рана ці позна будзе ў поўным парадку. Так што захавай сваё першапачатковае грамадзянства».

- Як вы ўважаеце, ці зменіць Расею забойства Нямцова?

- Складанае пытанне, адказу на якое я пакуль даць не магу. Я думаю, што забойства Барыса Нямцова можа вельмі сур'ёзна змяніць Расею і паслужыць каталізатарам для сур'ёзных зменаў, але, на маю думку, пастанова ў гэтым пытанні (відавочна будзе не адна пастанова, а цэлая паслядоўнасць пастаноў) яшчэ не прынятая. У знакамітым учорашнім артыкуле «Новай газеты» гаворка ішла як раз пра тое, што расейскія ўлады, Пуцін, цяпер стаяць на раздарожжы, куды павярнуць. Цяпер Пуцін узяў тайм-аўт, ён быццам бы хворы, і тыдзень яго нідзе не было відаць. Я думаю, што пасля гэтага ён выдасць нейкую пастанову. Што гэта будзе за пастанова, цікава будзе паглядзець. Вельмі можа быць, што сітуацыя пагоршыцца, а можа і палепшыцца...

- Як шмат можа зрабіць адзін чалавек? Напрыклад такі, як украінская лётчыца Надзея Саўчанка?

- Я думаю, што ніхто акрамя аднаго чалавека ўласна нічога зрабіць не можа. Тое, што ў свеце адбываецца, робяць людзі. Перш чым яны збіраюцца ў групы, войскі, партыі, арганізацыі, яны самі для сябе прымаюць сур'ёзныя пастановы. І, натуральна, ад аднаго чалавека залежыць вельмі шмат. Надзея Саўчанка дае прыклад рэальнага гераізму, які не зусім тыповы для XXI стагоддзя, пра які мы прывыклі думаць як пра вельмі прагматычны і павярхоўны час. Высвятляецца, што такое магчыма і ў наш час. Гэта добра.

- У Эстоніі вас цяпер называюць лідарам грамадскага меркавання. Вы былі запрошаны на прыём да прэзідэнта Эстоніі Томаса Ільвеса, дарэчы былога дырэктара эстонскай службы «Радыё Свабода», з нагоды Дня незалежнасці. Няма ў вас адчування, што цяпер усе прыстойныя людзі ў Расеі ўсё больш цкаваныя на радзіме, але пры гэтым любімымі і вельмі папулярнымі становяцца ў суседніх з Расеяй краінах, як прадстаўнікі Расеі, за якую не сорамна? Напрыклад, Андрэй Макарэвіч, цяпер напэўна лідар грамадскай думкі Беларусі пасля таго, як праспяваў па-беларуску, не кажучы ўжо пра ягоную пазіцыю што да вайны ва Украіне...

- Я не згодны з тым, што я - лідар грамадскай думкі ў Эстоніі. Па-мойму, гэта перабольшанне. Думаю, што ў Эстоніі ёсць іншыя лідары грамадскай думкі. Я даволі папулярны журналіст і блогер, не больш за тое. Пра людзей, якія не вельмі прызнаныя ў сваёй айчыне, але выклікаюць цікавасць за мяжой... Так, я думаю, што ў Расеі заўсёды так было. Заўсёды былі людзі, не згодныя з яе меркаваннем, што крытыкуюць яе з-за мяжы. У XIX-XX стагоддзі было шмат такіх прыкладаў - Герцэн, Бакунін, Пляханаў, ды і Ленін таксама доўгі час грунтаваўся ў іншых краінах. Што тычыцца мяне ў Эстоніі, так гэтая краіна вельмі ўтульная, свабодная, празрыстая, і адчуваю сябе я там добра.

- Вы - вядучы перадачы «Рознакаляровыя навіны» на рускамоўным інтэрнэт-канале ARU TV, адзін са стваральнікаў якога - беларускі палітэмігрант Павел Марозаў. Як вы думаеце, які найбольш дзейсны спосаб супрацьстаяць прапагандзе расейскіх СМІ?

- Я думаю, што дзейсных спосабаў супрацьстаяць такой масіраванай прапагандзе фактычна няма, таму што тыя людзі, на якіх яна ўздзейнічае, як мне ўяўляецца, з гэтай іголкі ўжо не злезуць. Для мяне яны ўяўляюцца загубленымі душамі, і я даўно перастаў весці з імі нават унутраны дыялог, таму што гэта фактычна гаворка людзей узаемна глухіх, якія абсалютна адзін аднаго не разумеюць. Колькі ім аргументаў ні прыводзь, яны ўсё роўна будуць казаць, што Крым наш, што Пуціну замены няма і што Расея ўстае з каленяў. Уласна ў пацверджанне гэтых тэзаў ім сказаць асабліва няма чаго, але трымаюцца яны за іх даволі моцна. Таму займацца контрапрапагандай мне зусім нецікава.

Тое, што я раблю на партале ARU TV... Там вельмі добрыя хлопцы, яны папрасілі мяне ім дапамагчы, падтрымаць. Я думаю, што, сапраўды, без маёй дапамогі ім было б крыху больш складана прабіцца да больш шырокай аўдыторыі. І я гэта з вялікім задавальненнем раблю. Тое, што я раблю, гэта іранічныя нататкі, каментары, лёгкае падкусванне, таму што гаварыць на гэтую тэму з трагізмам і драматызмам мне не хочацца.

- Я нядаўна пачула ад аднаго з аўтарытэтных экспертаў меркаванне, што калі расейцам цягам некалькіх тыдняў з тэлеэкранаў падаваць інфармацыю, наўпрост процілеглую таму, што яны цяпер чуюць, то яны хутка ў гэта павераць, і што можна змяніць вось гэтыя 85 адсоткаў расейцаў. Вы згодныя з гэтым?

- Калі палітыка нашай тэлевізіі раптам, натуральна, паводле загаду зверху зменіцца на 180 градусаў, я не сумняваюся ў тым, што 95% журналістаў з задавальненнем выявяць свае хамелеонскія здольнасці і пачнуць казаць прама супрацьлеглае таму, што яны кажуць цяпер. Што тычыцца публікі, то яна не настолькі вёрткая, як журналісты, але думаю, што не праз некалькі тыдняў, а праз паўгода сітуацыя з настроямі ў краіне зменіцца вельмі моцна. ТВ у гэтым сэнсе сапраўды сатанінская сіла. І ад гэтага тэлевізія занадта залежыць...

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках