2 траўня 2024, Чацвер, 19:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: Беларусь ужо фактычна акупаваная

17
Станіслаў Шушкевіч: Беларусь ужо фактычна акупаваная

У Гомельскім грамадска-палітычным цэнтры 14 сакавіка адбылася прэзентацыя кнігі Станіслава Шушкевіча «Маё жыццё, крах і ўваскрашэнне СССР».

Аўтар кнігі - першы кіраўнік незалежнай Беларусі, старшыня Вярхоўнага Савета ў 1991-1994 гадах. Менавіта ягоны подпіс стаіць пад Белавежскімі пагадненнямі, якія скасавалі існаванне СССР, паведамляе БелаПАН.

Выданне ў жанры палітычнай аўтабіяграфіі налічвае амаль 500 старонак і ўтрымлівае 300 фотаздымкаў.

На прэзентацыі ў Гомлі прысутнічалі больш за 60 чалавек.

«Мне вельмі не хацелася пісаць мемуары, паколькі ўважаецца, што гэта канец жыцця. А я яшчэ хачу крыху пажыць. Я стараўся неяк раскрыць тыя моманты, якія нам не трэба паўтараць, бо яны былі не найлепшым варыянтам, не найлепшым чынам зробленыя. Я прысвяціў гэтую кнігу моладзі, але вучыць моладзь - няўдзячная справа, бо яна ўважае старэйшых за даволі вялікіх дурняў, асабліва калі старэйшыя даюць ім парады: што рабіць ці як рабіць. Тут ёсць толькі прысвячэнне моладзі, я кажу так - вучыцеся на нашых памылках», - адзначыў на прэзентацыі Шушкевіч.

Аб сваіх памылках у жыцці аўтар выказаўся ў тым сэнсе, што толькі ў адным ён памыляўся - у людзях. І яго радуе, што ўспрымаў ён людзей лепшымі, чым яны выявіліся на самай справе.

Станіслаў Шушкевіч не выключыў магчымасці другога выдання кнігі. «Калі я дажыву да другога выдання - то ў мяне яшчэ ёсць каго аблаяць. Але я паспрабую зрабіць гэта ў тактоўнай форме», - заўважыў аўтар.

Частка кнігі прысвечаная асобе Станіслава Шушкевіча, ягоным бацькам і продкам і дапалітычнай біяграфіі - працы ў БДУ на розных пасадах. Правілы жыцця, хрысціянскіх паводзін, са слоў палітыка, былі закладзеныя ў ім з дзяцінства бабуляй. Гэтых правілаў, кажа Шушкевіч, ён стараўся прытрымлівацца ўсё жыццё.

У палітыку ж, як адзначыў аўтар кнігі, ён трапіў выпадкова - пасля прапановы вылучыць яго кандыдатам у дэпутаты. «Мне пашанцавала на з'ездзе народных дэпутатаў у Маскве, што я быў недалёка ад мікрафона ў зале, і калі там пачыналіся дэбаты, я дабягаў да гэтага мікрафона хутчэй за іншых. А калі вярнуўся ў Менск - мне было цяжка прайсці па вуліцы, мяне ўжо пазнавалі», - успамінае Шушкевіч.

Гаворачы аб сённяшняй сітуацыі ў краіне, былы яе кіраўнік выказаў меркаванне, што Беларусь трэба не адраджаць, а канструяваць, як нацыю.

Са слоў палітыка, ён не чакаў ад Расеі такой шалёнай антыўкраінскай прапаганды на фоне апошніх падзей. «Калі для мяне раней найгоршым прэзідэнтам быў Лукашэнка, то цяпер стаў Пуцін», - адзначыў Станіслаў Шушкевіч.

Прысутныя на сустрэчы задалі аўтару кнігі шэраг пытанняў. Прынамсі, ці магчымая ўжо гэтай восенню акупацыя Беларусі Расеяй? «Акупацыя - гэта стан нашага жыцця. БНР у стане нямецкай акупацыі паўстала, пазней у стане польскай акупацыі былі зацверджаныя шэраг іншых пазіцый. Пасля і ў стане расейскай акупацыі мы ўвесь час існавалі, таму і сёння мы акупаваныя. Беларусь фактычна акупаваная, у нас нават няма беларускай мовы ў войску», - мяркуе палітык.

Удзельнікі сустрэчы маглі набыць кнігу і атрымаць аўтографы аўтара.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках