7 траўня 2024, aўторак, 15:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы выдаткоўваюць на ежу амаль палову заробку

55

На харчаванне беларусы сталі выдаткоўваць значна больш.

Узровень жыцця ў краіне добра вызначаецца той доляй сямейнага бюджэту, якая траціцца на харчаванне. Чым меншая гэтая доля, тым узровень жыцця вышэйшы. У Беларусі затраты на прадукты харчавання дастаткова працяглы перыяд няўхільна скарачаліся, аднак чарада крызісаў павярнула гэтую тэндэнцыю назад, пішуць «Беларускія навіны».

На харчаванне сталі траціць больш

Паводле звестак выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця, у 2014 годзе наяўныя рэсурсы ў разліку на хатнюю гаспадарку склалі 8,2 млн рублёў у месяц. У параўнанні з 2013 годам яны павялічыліся на 1,6 млн рублёў (на 23,6%), паведамляе Белстат.

Менш за 1 млн рублёў даходу на чалавека ў месяц мелі 0,9% хатніх гаспадарак, 1-1,5 млн - 4,2%, 1,5-2 млн - 8,8%, 2-2,5 млн - 14,3%, 2,5-3 млн - 16,7%, 3-3,5 млн - 14%, 3,5-4 млн - 10,2%, 4-4,5 млн - 7,7%, 4,5-5 млн - 5,8%, 5-5,5 млн - 4,3%, 5,5-6 млн - 3%, больш за 6 млн - 10, 1%.

Доля хатніх гаспадарак з узроўнем наяўных рэсурсаў на чалавека, ніжэйшым за бюджэт пражытачнага мінімуму (нацыянальнай рысы малазабяспечанасці), склала 3,4% (у 2013 годзе - 4%), у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу - 2,7% (у 2013 годзе - 3,3 %), у сельскіх населеных пунктах - 5,2% (у 2013 годзе - 5,9%).

Спажывецкія выдаткі ў разліку на хатнюю гаспадарку ў параўнанні з 2013 годам павялічыліся на 1,1 млн рублёў (на 22,2%) і склалі ў 2014 годзе 5,8 млн рублёў у месяц.

У структуры спажывецкіх расходаў хатніх гаспадарак доля расходаў на харчаванне склала 41,6%, на куплю нехарчовых тавараў - 35,7%, на аплату паслуг - 20,2%.

Выдаткі на куплю прадуктаў харчавання,%

У выдатках на харчаванне Беларусь знаходзіцца ў канцы еўрапейскага спісу. Горш, чым у нас, справы ідуць толькі ў пяці краін. Праўда, неабходна ўлічваць, што РІА «Рэйтынг» праводзіла параўнальны аналіз паводле звестак за 2013 год, а для некаторых краін была выкарыстаная і яшчэ менш свежая інфармацыя.

У развітых краінах з высокімі даходамі насельніцтва і параўнальна невысокімі коштамі прадуктаў харчавання выдаткі на ежу звычайна не перавышаюць 15% ад сукупных выдаткаў сям'і. Астатняе марнуецца на камунікацыі, вольны час і падарожжы, медыцыну, адукацыю, тэхніку, вопратку і іншае.

Жыхары больш бедных краін расходуюць на ежу больш істотную частку свайго бюджэту, бо ўзровень іх даходаў не дазваляе ім марнаваць значныя сумы на штосьці іншае.

У выпадку з Беларуссю звяртае на сябе ўвагу досыць высокая доля выдаткаў хатніх гаспадарак на алкагольныя напоі і тытунь - 3,9% ад агульных выдаткаў у 2014 годзе. Вядома, ёсць краіны, дзе гэты паказчык яшчэ вышэйшы - Румынія (5,9%), Сербія (4,5%), Эстонія (4%). Але раўняцца лепш, напрыклад, на Францыю (3%) або Ісландыю (3,2%), пра якія не скажаш, што там выпіць не любяць ці не ўмеюць.

Пры гэтым у Беларусі зніжаецца спажыванне тытуню і алкаголю. Прынамсі, продажы тытунёвых вырабаў летась скараціліся на 9,4%, алкаголю - на 7%.

Адбыліся змены і ў структуры спажывання алкагольнай прадукцыі: скараціліся продажы гарэлкі і лікёраў - на 10%, пладовых він - на 8%. Продажы вінаградных вінаў павялічыліся на 3,4%, каньяку і каньячных напояў - на 16,7%, слабаалкагольных напояў - на 1,3%.

Аднак наша нацыянальная асаблівасць у тым, што беларусы п'юць дома, на рэстараны сыходзіць не больш за 2,2% сямейнага бюджэту, у той час як у Францыі - 6,6%, Ісландыі - 4,8%, Эстоніі - 3%.

«Чалавек можа адмовіць сабе шмат у чым, але не ў ежы»

Эканаміст Уладзімір Мікалаеўскі не бачыць нічога дзіўнага ў тым, што беларусы сталі траціць больш на харчаванне:

«Гэта з'яўляецца доказам таго, што ўзровень жыцця падае. Пакупніцкая здольнасць зніжаецца, бо растуць кошты, а заробак - не. Рост коштаў адбіваецца і на структуры спажывання. Харчаванне - біялагічная патрэбнасць, чалавек можа адмовіць сабе шмат у чым, але не ў ежы».

Пасля змены структуры выдаткаў агулам, зменяцца і выдаткі ў харчаванні, адзначыў эканаміст.

Гэта азначае, што людзі будуць эканоміць і купляць больш танныя прадукты. Ужо, паводле звестак Мінгандлю, жыхары краіны ўжываюць больш за рэкамендаваную норму цукру, бульбы і мяса і менш за норму - рыбы, малака і садавіны.

«Павышаць заробак цяпер папросту няма адкуль, - мяркуе Уладзімір Мікалаеўскі. – У варунках затрымкі заробкаў на прадпрыемствах бедныя будуць пакутаваць яшчэ больш, сем'і з дзецьмі асабліва. У такой сітуацыі трэба быць асцярожнымі са спажывецкімі крэдытамі, якія здольныя пры высокіх стаўках і праблемах з выплатай заробкаў зрабіць сям'ю беднай».

Уладзімір Мікалаеўскі мяркуе, што ў такой сітуацыі сацыяльная падтрымка павінна быць структураваная па-іншаму: «Сем'і з дзецьмі знаходзяцца ў зоне рызыкі малазабяспечанасці. Важна звярнуць увагу на адзінокіх пенсіянераў. За шэсць мільёнаў рублёў двое пражыць могуць, а за тры адзін - з цяжкасцю. Для прыняцця пастаноў неабходны сур'ёзны аналіз сітуацыі».

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках