6 траўня 2024, панядзелак, 16:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вертыкальшчык» патрабаваў ад прыватнікаў забяспечваць яго ежай, кветкамі і алкаголем

25
«Вертыкальшчык» патрабаваў ад прыватнікаў забяспечваць яго ежай, кветкамі і алкаголем

Намеснік старшыні Баранавіцкага гарвыканкама курыраваў гандаль і вымагаў з кіраўнікоў мясцовых прадпрыемстваў прадукты харчавання, кветкі і спіртное.

У выніку былы чыноўнік атрымаў 3 гады ўзмоцненага рэжыму і пазбавіўся маёмасці, паведамляе TUT.BY.

Першы факт, зафіксаваны ў крымінальнай справе ў дачыненні да былога намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама, адбыўся ў пачатку красавіка 2012 года. Чыноўнік, які курыраваў гандаль, даў указанне кіраўніку адпаведнага аддзела патэлефанаваць у адно з прыватных прадпрыемстваў горада. Супрацоўніца павінна была перадаць дырэктару патрабаванне начальніка накрыць стол з нагоды ягонага дня нараджэння. Кіраўніца прадпрыемства просьбу выканала і арганізавала бяседу ў будынку дзіцяча-юнацкай школы. За паслугі і прадукты ніхто з ёй так і не разлічыўся.

Далей - больш. Кіраўніцтва рынку на першае патрабаванне перадавала пакеты з агуркамі, памідорамі, бананамі, апельсінамі і кавунамі. Загадчыца адной з крам горада збірала «бандэроль» з печывам «Слодыч», зефірам, чырвоным віном і скрынкай цукерак. Дырэктар прыватнага гандлёвага прадпрыемства забяспечваў каньяком і віскі «Black Label». Загадчыца сталовай перадавала каўбасу, сыр, рыбу, каньяк. Намеснік дырэктара гандлёвага дома «загарнуў» пірог для цешчы чыноўніка. Ад аднаго прадпрыемства абвінавачваны патрабаваў піцу, чабурэкі, спіртное, а ад іншага - ружы, каўбасу, паляндвіцу, вэнджанае мяса. Некаторым прадстаўнікам гандлю абвінавачаны тэлефанаваў сам, іншым перадаваў свае патрабаванні праз падначаленых.

З матэрыялаў справы вынікае, што кармілі і паілі былога намесніка старшыні 8 прадпрыемстваў горада. Пры гэтым за прадукты кіраўнікі разлічваліся са свайго кашалька.

У судзе былы чыноўнік ўсе абвінавачванні адмаўляў. Паказанні сведак тлумачыў нагаворамі, «псіхалагічным уздзеяннем», непаразуменнем. Аднак шматлікія довады і запісы тэлефонных размоў казалі пра адваротнае.

«26 лютага 26 судовая калегія ў крымінальных справах Берасцейскага абласнога суда прызнала 47-гадовага жыхара Баранавічаў вінаватым па ч. 3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса (Перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў) і прысудзіла да 3 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці», - паведамілі ў Берасцейскім абласным судзе.

Акрамя таго, абвінавачанага на тры гады пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.

Экс-чыноўнік з абвінавачваннем не згодны і абскардзіў прысуд.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках