30 красавiка 2024, aўторак, 19:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вадзім Іосуб: У нас не водзіцца кошты змяншаць

1
Вадзім Іосуб: У нас не водзіцца кошты змяншаць

Кошт бензіну ў Беларусі залежаць выключна ад пастановы ўладаў і вельмі малаімаверна, што гэтыя цэннікі могуць таннець у залежнасці ад кан'юнктуры рынку.

Пра тое, што кошты бензіну ў Беларусі больш не прывязаныя да курсу даляра і могуць знізіцца, заявіў 18 сакавіка на прэс-канферэнцыі старшыня канцэрну «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка. З ягоных слоў раздробны кошт паліва будзе «змяняцца дынамічна», і ў выпадку, калі кошт нафты прадоўжыць падзенне - а сусветныя эксперты кажуць ледзь не пра мяжу ў 20 даляраў за барэль - то раздробны кошт паліва «адэкватна будзе зніжацца».

Са слоў Ігара Ляшэнкі, у найбліжэйшай перспектыве «Белнафтахім» будзе арыентавацца на кошты бензіну ў сумежных краінах і кошт нафты.

- Прывязка да курсу даляра была актуальная ва ўмовах, калі кошт барэля нафты знаходзіўся на ўзроўні 75 даляраў, - растлумачыў кіраўнік «Белнафтахіма».

Пракаментаваць агучаныя змены «Ежедневник» папрасіў фінансавага аналітыка «Альпары» ў Менску Вадзіма Іосуба:

- Фактычна адвязванне коштаў бензіну ў Беларусі ад даляра адбылося раней, калі курс даляра вырас да 15 тысяч рублёў. І кошт бензіну росту даляра не паўтарыў. То бок, фактычна прывязкі бензіну да даляра ўжо не было, а цяпер гэта зрабілі дэ-юрэ. Сэнс у гэтай прывязцы меўся, напрыклад, летась, калі кошт даляра пастаянна, паслядоўна рос. Гэта значыць тыя, хто прадаваў бензін, таксама былі зацікаўленыя ў пастаянным павелічэнні бензінавых тарыфаў. Цяпер жа, пасля завяршэння дэвальвацыі, кошт даляра вагаецца вакол адзнакі 15 тысяч беларускіх рублёў і тым, хто гандлюе бензінам, няма нейкай эканамічнай рацыі прывязвацца да курсу даляра. Гэта значыць тэарэтычна можна дапусціць, што калі ў будучыні сітуацыя на валютным рынку зменіцца і зноў пачнецца ўстойлівы рост валюты, у Беларусі могуць зноў перайграць правілы і захацець «прывязаць» бензін да даляра. Хоць адвязка ад даляра знаходзіцца ў рэчышчы працэсу дэдалярызацыі, які з пераменным поспехам спрабуюць праводзіць ва ўсёй беларускай эканоміцы. Увогуле ў нас рынак нафты і нафтапрадуктаў дастаткова закрыты і таму незразумелыя пытанні коштаўтварэння. У прыватнасці, няма інфармацыі ў адкрытым доступе, якім коштам Беларусь закупляе нафту ў Расеі.

Зыходзячы з агульных меркаванняў з нагоды далейшай дынамікі коштаў на бензін, можна нагадаць, што ў нас не водзіцца на штосьці кошты памяншаць. Калі не браць у разлік сезонныя кошты на сельгаспрадукты, то складана знайсці прыклады, каб у Беларусі нешта адчувальна таннела. Таму, зыходзячы з такіх агульных меркаванняў, я сумняваюся, што кошт на бензін знізіцца. А вось ці будзе ён расці або нейкі час заставацца стабільным, залежыць, уласна, ад таго, што думаюць нашы ўлады пра гэта. То бок, у нас не будзе нейкага рынкавага механізму, залежнасці ад попыту і прапановы, як у Амерыцы, дзе ўсё гэта вельмі гнутка прывязана да коштаў нафты. Нам гэта не пагражае. Да сусветных коштаў нафты Беларусь ніяк не прывязаная. У нас доўгатэрміновы кантракт з Расеяй.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках