29 красавiка 2024, панядзелак, 4:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік выдавецтва Беларускага Экзархата падазраецца ў крадзяжах

8
Кіраўнік выдавецтва Беларускага Экзархата падазраецца ў крадзяжах

У дачыненні да былога кіраўніка выдавецтва Беларускага Экзархата (БПЦ) распачатая крымінальная справа.

Яго падазраюць у крадзяжах шляхам злоўжывання службовым становішчам, паведамляе БелТА.

Былы 55-гадовы кіраўнік цягам амаль дзесяці гадоў раскрадаў грашовыя сродкі выдавецтва. «Ён наўмысна аддаваў незаконныя распараджэнні падначаленым аб штомесячным знішчэнні дакументаў першаснага ўліку таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў і грашовых сродкаў, а таксама незаконна адбіраў з касы прадпрыемства гатоўку. Далей грашовыя сумы фігурант выкарыстаў для набыцця за мяжой грузавога і легкавога аўтатранспарту. З сабранага матэрыялу ўстаноўлена, што такая дзейнасць мела месца цягам некалькіх гадоў - з 2005 да 2014 года», - распавялі ў ГУУС.

У міліцыі ўдакладнілі, што ў агульнай складанасці гаворка ідзе пра 14 адзінак тэхнікі на агульную суму больш за 150 тысяч даляраў. Аўтамабілі афармляліся альбо непасрэдна на падазраванага, альбо на ягоных сваякоў.

Супрацоўнікі БЭЗ працягваюць разбірацца ў нюансах гаспадарчай дзейнасці падазраванага. Прадстаўнікі БПЦ садзейнічаюць праваахоўнікам у правядзенні праверачных мерапрыемстваў, накіраваных на выяўленне незаконнай дзейнасці, паведамілі ў ГУУС.

У кастрычніку мінулага года на афіцыйным сайце БПЦ паведамлялася, што Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Менскі і Заслаўскі (тады яшчэ Менскі і Слуцкі) Павел наведаў выдавецтва Беларускага Экзархата і правёў нараду з ягонымі супрацоўнікамі. Мітрапаліт Павел азнаёміў калектыў выдавецтва з высновамі Сінадальнай рэвізійнай камісіі Беларускага Экзархата, якая правяла праверку адміністрацыйнай, гаспадарчай і фінансавай дзейнасці выдавецтва. Экзарх прадставіў прысутным новага дырэктара выдавецтва Беларускага Экзархата - іерэя Алексія Кандрашова.

Больш за тое, мітрапаліт Павел заявіў тады, што рэвізійная камісія прызнала дзейнасць першага намесніка дырэктара выдавецтва Беларускага Экзархата Уладзіміра Грозава нездавальняючай. Яго паўнамоцтвы на названай пасадзе былі прыпыненыя. Былі прыпыненыя дзейнасць Міжнароднага дабрачыннага фонду «Сям'я - Яднанне - Айчына» і Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Бацькі і настаўнікі - за адраджэнне праваслаўнай адукацыі», і ўдзел у іх Уладзіміра Грозава.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках