29 красавiка 2024, панядзелак, 1:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

100 тысяч менчукоў пераселяць у гарады-спадарожнікі

30
100 тысяч менчукоў пераселяць у гарады-спадарожнікі

На сэсіі менскага гарсавета зацверджаная канцэпцыя развіцця гарадоў-спадарожнікаў Менска.

Новы дакумент прэзэнтаваў старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкама Павел Лучыновіч. Ён паведаміў, што пастанова Лукашэнкі аб спыненні экстэнсіўнага развіцця сталіцы, абмежаванні колькасці яе насельніцтва паскорыць працэс агламерацыйнага развіцця Менска з актыўным уцягваннем у інвестыцыйна-будаўнічую дзейнасць прылеглых паселішчаў, піша «Мінск-навіны».

Найперш гэты працэс павінен закрануць шэсць гарадоў-спадарожнікаў: Заслаўе, Лагойск, Фаніпаль, Дзяржынск, Смалявічы і Рудзенск. Пэрспэктыўнае развіццё гэтых населеных пунктаў будзе ўключаць будаўніцтва раёнаў жылой забудовы, новых вытворчых аб'ектаў, а таксама апераджальнае або адначасовае развіццё інжынерна-транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры.

Пры зніжэнні ў Менску з 2017 года аб'ёмаў штогадовага жыллёвага будаўніцтва да 600 тысяч кв.м плануецца да 2030-га размясціць у гарадах-спадарожніках да 120 тысяч жыхароў сталіцы. Уласны дэмаграфічны рост гэтых населеных пунктаў складзе блізу 20 тысяч чалавек. Такім чынам, агульная колькасць насельніцтва шасці гарадоў вырасце з цяперашніх 94 тысяч да 230-240 тысяч жыхароў.

Для занятасці насельніцтва плануецца стварыць блізу 75 тысяч новых працоўных месцаў, у тым ліку да 40% - у сфэры паслуг. Мяркуецца задзейнічаць насельніцтва ў складзе дзейных і новых вялікіх інвестыцыйных аб'ектаў.

Развіццё інавацыйнай інфраструктуры гарадоў-спадарожнікаў можа ісці за кошт стварэння цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва, бізнэс-цэнтраў, тэхнапаркаў, вольных эканамічных зон (у Фаніпалі і Рудзенску), а таксама ўтварэнні прамысловых кластэраў на базе існых і зноў ствараных прадпрыемстваў.

Грунтуючыся на аналізе гэтых гарадоў, у іх магчыма развіваць такія галіны: лёгкую прамысловасць - у Дзяржынску, Заслаўі, Лагойску, дрэваапрацоўку - у Дзяржынску, Фаніпалі, Смалявічах, Лагойску, хімічную прамысловасць - у Дзяржынску, Рудзенску, Смалявічах, выраб будматэрыялаў, машынабудаванне і металургію - у Дзяржынску, Фаніпалі, Смалявічах, Рудзенску.

На базе Заслаўя таксама павінен фармавацца турыстычны, рэкрэацыйны, адукацыйны кластэр. Лагойск будзе развівацца як цэнтр спорту і турызму.

Магчымае з'яўленне ў спадарожніках кластэраў адукацыі і навукі. Гэта звязана з тым, што велізарная тэрыторыя Менска сёння занятая ўстановамі вышэйшай адукацыі, дзе на дзённай форме навучаецца больш за 113 тысяч студэнтаў. Асноўная іх частка - прадстаўнікі рэгіёнаў і замежныя грамадзяне. Каб знізіць ціск на сталіцу, за яе межамі могуць быць размешчаныя асобныя ўстановы вышэйшай адукацыі. Але стварэнне ўніверсітэцкіх гарадкоў павінна ўключаць будаўніцтва не толькі навучальных устаноў, але і інтэрнатаў, аб'ектаў абслугоўвання ды іншага.

У канцэпцыі гаворыцца, што развіццё гарадоў-спадарожнікаў павінна грунтавацца на фармаванні прывабнага гарадскога асяроддзя, сучасным інжынерным забеспячэнні местаў, прывабных механізмах жыллёвага будаўніцтва, зручным транспартным абслугоўванні і эканамічных механізмах стымулявання інвестыцыйнай дзейнасці.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках