28 красавiка 2024, Нядзеля, 20:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Магілёўскі журналіст патрабуе ад міліцыі вярнуць кампутары

3
Магілёўскі журналіст патрабуе ад міліцыі вярнуць кампутары

Журналіст Ігар Барысаў напісаў скаргу на імя пракурора з нагоды канфіскацыі кампутараў.

Ён просіць неадкладна вярнуць яму тэхніку, якая была канфіскаваная на экспэртызу супрацоўнікамі міліцыі, а таксама мадэм і нататку, піша сайт ПЦ "Вясна".

Акрамя таго Ігар Барысаў просіць спыніць супраць яго праверку паводле заявы дырэктара ААТ «Лента» Сяргея Пятрова, а таксама прыцягнуць да адказнасці за парушэнне ягоных правоў і працэсуальных тэрмінаў пры правядзенні праверкі і яе зацягванні.

Юрыстка Алена Барысава адзначае, што падчас агляду памяшкання, дзе яна жыве разам з Ігарам Барысавым, было дапушчана шмат парушэнняў.

У першую чаргу міліцыянты прыйшлі са сваімі сведкамі і не далі магчымасці выклікаць сведак з ліку незацікаўленых у выніках справы асоб, Не быў растлумачаны статус, у якім знаходзіцца Ігар Барысаў, аднак яму зачыталі ягоныя правы і папрасілі распісацца пад гэтым, было адмоўлена ў законным прадстаўніку, аб якім хадайнічаў Ігар - прававы інспектар незалежнага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці Аляксей Яўгенаў пастаянна знаходзіўся за дзвярыма.

Алена Барысава таксама адзначае, што быў парушаны прынцып прапарцыянальнасці пры вядзенні агляду. З боку міліцыянтаў было шэсць чалавек. З боку тых, у каго праходзіў агляд кватэры, было ўсяго два чалавекі. Пасля агляду кватэры на рукі не было выдадзена ніякіх копій дакументаў. Міліцыянты таксама забаранілі зрабіць метадам фатаграфавання копію санкцыі пракурора на агляд памяшкання і копію пратаколу агляду кватэры. Для кантактаў участковы міліцыянт пакінуў толькі свой нумар мабільнага тэлефона.

- Мяркую, што сэнсу ў такім візіце міліцыянтаў не было, бо прайшло два месяцы з моманту напісання заявы гр. Пятровым. Што яны рабілі ўвесь гэты час - мне невядома. Гэта наводзіць на думку, што гэта справа мае палітычны падтэкст, бо міліцыянты не ведалі, як звязаць усе факты з маім мужам і таму агляд нашай кватэры можна расцэньваць як выведку боем, каб заспець знянацку і што-небудзь знайсці, што можна прыкласці да матэрыялаў магчымай справы, - кажа юрыстка Алена Барысава.

Нагадаем, што 12 сакавіка ў кватэры магілёўскага журналіста і намесніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) з'явіліся міліцыянты. Яны прыйшлі з санкцыяй магілёўскага пракурора Вульвач на агляд памяшкання ў рамках праверкі паводле арт.188 ч.2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Паклёп». Нагодай для візіту стала адна з публікацый на сайце газеты «Наш Магілёў», якая, на думку дырэктара ААТ «Лента» Сяргея Пятрова, утрымлівала што да ягонай асобы паклёпніцкую інфармацыю і прымусіла яго напісаць з гэтай нагоды заяву ў міліцыю.

Сам Ігар Барысаў адзначае, што да гэтай публікацыі не мае ніякага дачынення - артыкул, які быў размешчаны на сайце «Наш Магілёў» не быў падпісаны ягоным прозвішчам, у артыкуле не фігуруе ягонае прозвішча як чалавека, які дае каментар аб Сяргеі Пятрове.

Раптоўны візіт міліцыі Барысаў звязвае з надыходзячай прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй, якая павінна адбыцца ў канцы гэтага года і планах праваахоўнікаў і спецслужбаў перашкодзіць як у вядзенні выбарчай кампаніі, так і арганізацыі незалежнага назірання за выбарамі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках