27 красавiка 2024, Субота, 13:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Жаліба: Да валютнага саюза - як да Месяца

6
Барыс Жаліба: Да валютнага саюза - як да Месяца

Эканаміст Барыс Жаліба мяркуе, што ў найбліжэйшай будучыні немагчыма стварэнне валютнага саюза Расеі, Беларусі і Казахстана.

Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю «Радыё Рацыя».

- Пакуль валютнага саюза не будзе - не бачу ніякіх перспектыў. У спецыялістаў узнікае пытанне: навошта Пуцін наогул падняў гэтую тэму? Складваецца ўражанне, што ў Астане нічым іншым не было і заняцца. А заява аб валютным саюзе выклікае толькі пытанні. Такі саюз - гэта вяршыня інтэграцыі, да якой як да Месяца. У рамках Еўразійскага эканамічнага саюза ён аднесены на 2025 год, што абсалютна лагічна. Каб выйсці на валютны саюз Расеі, Беларусі і Казахстана, трэба мець адзіную валюту. У першую чаргу неабходна інтэграваць гаспадарчае заканадаўства, манетарную палітыку, развязаць цэлы шэраг іншых пытанняў. Акрамя таго, асноўным бар'ерам у такім саюзе многія бачаць тое, што кіраўнікі трох краін - палітыкі аўтакратычнага тыпу. І ахвяраваць сваімі грашыма на карысць адзінай валюты яны не захочуць. Бо аддаць валюту - гэта аддаць уладныя эканамічныя рычагі, а значыць, і ўладу. Асабіста я не веру, што хтосьці пагадзіцца на тое, што прапанаваў Пуцін. Таму словы расейскага кіраўніка - не больш, чым палітычны жэст, - паведаміў Барыс Жаліба.

- Але Пуцін, наколькі вядома, даручыў Цэнтрабанку і ўраду прапрацаваць гэтае пытанне да 1 верасня гэтага года...

- А што яны распрацуюць? Можа быць, справы ў эканоміках Расеі, Беларусі і Казахстана настолькі дрэнныя (у першую чаргу таму, што ідзе на дно расейская эканоміка), што Крэмль наважыў узяць валюту ў свае рукі, а разам з гэтым і хаўруснікаў голымі рукамі? Тут можна ўбачыць толькі такі палітычны падтэкст. Хаця Лукашэнка з Назарбаевым будуць гэтаму ўсяляк супраціўляцца. Так што цягам найбліжэйшых гадоў аб валютным саюзе нават успамінаць не мае сэнсу.

- Ці адчуюць беларусы «перавагі» Еўразійскага эканамічнага саюза? З 1 студзеня 2015 года функцыянуе Еўразійскі эканамічны саюз, а Беларусь стане першай краінай, якая будзе старшыняваць у гэтым інтэграцыйным аб'яднанні. Паводле слоў пасла Расеі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава, перавагі саюза простыя беларусы заўважаць у сваім гаманцы ўжо ў наступным годзе.

- Беларусы не толькі не адчуюць «перавагі» ЕАЭС, але адчуюць яшчэ і падзенне жыццёвага ўзроўню. Таму што разлічвалі на плюсы ад Еўразійскага эканамічнага саюза, але ўсё пайшло не так праз замежны палітычны фактар. Расея не збіраецца выводзіць войскі з Данбаса, а значыць, будуць прадаўжацца заходнія санкцыі. Першае, што закранаюць гэтыя санкцыі, - фінансавы бок, бо расейскім банкам адмоўлена на заходнім фінансавым рынку ў сярэдніх і доўгатэрміновых крэдытах. Яны цяпер нават не ведаюць, як аддаць пазыкі да канца года, якія налічваюць сотні мільярдаў даляраў.

- Аднак цяпер назіраецца некаторая стабілізацыя расейскага рубля.

- Як мне здаецца, гэта часовая з'ява. Рубель будзе і далей дэвальвавацца. Да таго ж, невядома што далей будзе з коштамі нафты. Прагнозы такія, што яны будуць абрынацца і надалей, і дна не відаць. Усе гэтыя праблемы, безумоўна, чакаюцца і ў наступным годзе. А разам з расейскай эканомікай будзе захлынацца і беларуская, таму прагнозы ў мяне даволі песімістычныя. Таму тое, што заяўляе Сурыкаў, ніяк не ўпісваецца ў заўтрашнія рэаліі. У такіх выпадках - лепш ужо прамаўчаць.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках