1 траўня 2024, Серада, 18:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Каспараў: Дыктатары самі не спыняюцца

10
Гары Каспараў: Дыктатары самі не спыняюцца

У Захаду ёсць шмат спосабаў спыніць Пуціна.

Апазіцыйны расейскі палітык і чэмпіён свету ў шахматах Гары Каспараў у інтэрв'ю «Эху России» выказаў сваё меркаванне аб тым, хто забіў Барыса Нямцова і чаго хоча Уладзімір Пуцін.

- Вы ведалі Барыса Нямцова, што для вас азначае гэта забойства?

- Цяпер той рэдкі выпадак, калі я нават не зусім разумею, што сказаць. Гэтую трагедыю яшчэ прыйдзецца асэнсаваць. Адна справа, калі кажаш, што рэжым непазбежна скоціцца да палітычных рэпрэсіяў і забойстваў, праводзіш аналогіі з гісторыяй, кажаш, што гэта непазбежна - ператварэнне дыктатуры аднаго чалавека ў фашысцкую дыктатуру... Але ўсё няясна атрымліваецца. А калі адбываецца такое, калі забіваюць чалавека, якога я добра ведаў, з якім мы разам змагаліся 10 гадоў, - гэта зусім іншая гісторыя.

- Якім вы запомнілі Барыса Нямцова?

- Барыс быў вялікім чалавекам - і фізічна, і каларытам, і характарам, яго заўсёды было шмат. Для пуцінскай Расеі гэта ўжо злачынства. Калі чалавек такога калібру пачынае актыўна змагацца з рэжымам, ён рызыкуе ўсім. І зразумела, што ў нейкі момант гэтая рызыка становіцца смяротнай.

Для мяне гэта асабліва цяжка, бо мы з Борам шмат спрачаліся ў 2012-2013 гадах. Я казаў, што змены ў Расеі праз выбары немагчымыя, што гэты рэжым не сыдзе без крыві, а ён пераконваў мяне ў адваротным. Ён заўсёды казаў: «Не, у Расеі трэба доўга жыць, мы ўбачым перамены, гэта цяжкі працэс, але трэба патроху рухацца». Ён захоўваў аптымізм, меркаваў, што гэты жудасны рэжым можа неяк трансфармавацца.

- Чатыры кулі ў спіну 55-гадоваму палітыку. Хто страляў?

- Ніхто цяпер дакладна не можа сказаць, хто страляў, але яго забіў рэжым. Я сумняваюся, што Пуцін даваў каманду. Мне здаецца, гэта абстаноўка, у якой самыя адмарожаныя элементы, ужо зусім ашалелыя, мяркуюць, што могуць адстрэльваць непажаданых людзей.

Пуцін стварыў атмасферу, у якой такія палітычныя забойствы становяцца магчымымі. Я заўсёды казаў, што кожны дзень знаходжання Пуціна ва ўладзе будзе памнажаць кроў і пакуты. Думаю, што казаць гэта вам, людзям, якія жывуць ва Украіне, бессэнсоўна, вы разумееце, што такое Пуцін. Нават Нямцова, чалавека, які адстойваў метады негвалтоўнага супраціву, які не хацеў бачыць у Расеі кровапраліцця, паўтарэння 1917, нейкіх страшных узрушэнняў, менавіта яго забіваюць.

- На ваш погляд, гэта забойства звязанае з планамі правесці ў Маскве апазіцыйны марш «Вясна» 1 сакавіка?

- Напэўна, гэта неяк звязанае з маршам, які павінен быў адбыцца ў Мар'іна, але...яго ж забілі ў двух кроках ад Крамля! З усімі гэтымі пуцінскімі сілавікамі, якія кантралююць кожны сантыметр, чалавека застрэлілі проста на вачах у Крамля.

Гэта даказвае, што ўся вертыкаль улады занятая не гарантыяй бяспекі краіны і яе грамадзян, а менавіта абаронай рэжыму: Пуціна і ягонай клікі. Бандыты, узгадаваныя гэтым рэжымам, адчуваюць сябе беспакарана, краіна апускаецца ў бязмежжа, гэта ўжо відавочныя прыкметы тлення. І пытанне не ў тым, чым гэта скончыцца, мы ведаем вынік. Пытанне ў тым, колькі жыццяў яшчэ забярэ гэтае зло, якое замбуе людзей і сілкуецца крывёй. Кожны дзень знаходжання Пуціна ва ўладзе, гэта працяг эскалацыі, бо па-іншаму рэжым жыць ужо не можа.

- Што стала падмуркам такой сітуацыі ў Расеі?

- Разумееце, уся гэтая істэрыка на тэлевізіі, усе гэтыя зусім вар'яцкія скуголенні, крыкі «больш пекла!» - гэта на самай справе ўсё матэрыялізуецца. Калі ствараецца такая атмасфера, трэба паглядзець гісторыю - гэта фашысцкая Германія, сталінскі Савецкі Саюз. Вы не можаце патрабаваць крыві ў тэлевізары 24 гадзіны ў суткі, сем дзён у тыдзень, а потым здзіўляцца, што на вуліцы адбываецца такое. Гэтая кроў - вынік татальнай паранойі і замбавання людзей, якія разгорнутыя былі цягам апошніх гадоў. Напэўна, гэта агонія рэжыму, вынік таго, што цяпер адбылося татальнае замбаванне грамадства.

- Што рабіць тым, хто застаецца ў Расеі і працягвае супраціў?

- Палітычныя забойствы актывістаў Расеі заўсёды былі. Проста цяпер мы гаворым пра забойства такога ўзроўню. Але да гэтага было і забойства Паліткоўскай, і такія забойствы ў Расеі не з'яўляюцца чымсьці экстраардынарным, то бок, у рэжыму няма алергіі на кроў.

Пуцінскі рэжым зараджаўся ў агні і крыві другой чачэнскай вайны і ў выбухах маскоўскіх дамоў, пра што мы да гэтага часу не ведаем усёй праўды. Метады падаўлення апазіцыі вар'яваліся, былі арышты, крымінальныя справы. Я ведаў, што рэпрэсіі будуць нарастаць, але, мабыць, у кагосьці ўжо па-сапраўднаму свярбяць рукі, і нейкія адмарозкі, безумоўна, блізкія да Пуціна, проста страляюць.

Сам прэзідэнт РФ гэты працэс ужо не можа кантраляваць, бо гэтая нянавісць, гэтая звярыная сутнасць выплюхнулася далёка праз край. Гэта значыць, можна ўжо ўсё. Ёсць ворагі, якіх трэба забіваць, бо яны амерыканскія шпіёны, бо яны працуюць на карысць Украіны, і гэтак далей. Далей ідзе татальнае трызненне, якое можна не абмяркоўваць. Але калі ўвесь час накручваць гэтае трызненне, то рана ці позна пачынаюць адбывацца страшныя рэчы.

- Пуцін як у выпадку з Паліткоўскай, скажа, што смерць «нанесла большыя страты ўладзе, чым жыццё»?

- Сітуацыя істотна адрозніваецца ад 2006 года, калі забілі Паліткоўскую. Для мяне Пуцін заўсёды быў тыранам, але з пункту гледжання сусветнай супольнасці ён быў паважаным чалавекам. Ён быў прымаючым бокам на «васьмёрцы», улетку ў яго збіраліся ўсе лідары вольнага свету, ягоная рэпутацыя была больш чым дастатковай для таго, каб падазрэнні ў забойстве ад сябе адвесці. Падазраваць Пуціна тады было дрэнным тонам.

Цяпер іншая сітуацыя, у яго на руках ужо столькі крыві, і гэта перастала быць таямніцай. Злачыннасць рэжыму, яго ілжывасць такая, што нават Джон Кэры вымушаны прызнаць, што Лаўроў пастаянна хлусіць. Забойства Нямцова ў такой атмасферы пераводзіць усё гэта на якасна іншы ўзровень, гэтая кроў ужо на руках Пуціна. І тут не важна, наколькі ён звязаны з тымі, хто арганізоўваў і санкцыянаваў гэтае забойства.

- Немагчыма не спытаць пра Надзею Саўчанку, якой вы перадавалі ліст з просьбай спыніць галадоўку. Яе адпусцяць?

- Яе не адпусцяць. Я баюся, што гэтая трагедыя, гэтая смерць непазбежная, бо ніякіх рэальных дзеянняў, якія прымусілі б Пуціна хоць неяк варушыцца, ніхто не робіць на Захадзе. Існуе дастаткова спосабаў прадэманстраваць, што гэтая смерць будзе мець найцяжэйшыя наступствы, пачынаючы з высылкі сем'яў, канфіскацыі грошай, закрыцця SWIFT. У Захада ёсць шмат спосабаў, і калі б яны хацелі паслаць мэсэдж, яны б гэта зрабілі.

Але мы назіраем «страўсіную» палітыку - галава з пяску часам высоўваецца, але ўсё роўна відавочна нежаданне, як яны кажуць, дапускаць эскалацыю. Гэта абсалютная бязглуздзіца, цалкам ясна, што эскалацыя выклікаецца адным чалавекам.

- Што далей, магчыма пралічыць дзеянні Пуціна?

- Я ўбачыў нядаўна вельмі добры каментар, па-мойму, у палякаў: яшчэ пяць-шэсць такіх замірэнняў і Пуцін дойдзе да Берліна. Захад спрабуе адкупіцца, не разумеючы, што там няма прадмета перамоваў. Яны спрабуюць, як Чэмберлен адкупляцца тэрыторыяй іншай краіны, але пытанне ў тым, што тэрыторыі, якія атрымаў сёння Пуцін - Крым, Данбас - не з'яўляюцца для яго самамэтай. Яго мэта на сённяшні дзень цалкам відавочная - разваліць Украіну, як незалежную дзяржаву і стварыць абсалютна не трывальную абстаноўку ў Еўропе. Дзе НАТА і ЕЗ перастануць адыгрываць уласцівую ім ролю.

Гэта значыць, гаворка ідзе пра татальнае разбурэнне сістэмы кантынентальнай бяспекі, якая стваралася ў 1945 годзе і паслужыла асновай для сусветнай сістэмы бяспекі. Пуцін пераводзіць гульню ў іншы рэжым, і гэта для яго пытанне выжывання. Ці пойдзе ён заўтра штурмаваць Марыупаль, або пачне правакацыі ў Харкаве? Гэта пытанне часу, куды ён рушыць далей. Ён можа нечакана пераключыцца на Эстонію, але цалкам відавочна, што пытанне, як ён кажа, пашырэння рускага свету, а на самай справе пытанне татальнага разбурэння сістэмы міжнароднай бяспекі з'яўляецца для Пуціна прыярытэтам. І пакуль ён не будзе спынены, сам не спыніцца.

Дыктатары самі не спыняюцца. Я з агідай чытаю заходніх палітыкаў, якія баяцца адправіць нейкую зброю ва Украіну. Дзяржавы, якія змушалі Украіну адмовіцца ад ядравай зброі ў 1994 годзе, сёння ніяк не могуць наважыцца прадаць ёй процітанкавая зброю. Гэта ганьба.

Фота: Anadolu Agency/Getty Images

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках