6 траўня 2024, панядзелак, 9:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады пачалі спехам фармаваць выбаркамы

30
Улады пачалі спехам фармаваць выбаркамы

Улады Магілёўскай вобласці ўжо фармуюць выбарчыя камісіі, хоць дата прэзідэнцкіх "выбараў" яшчэ не прызначаная.

Пра гэта ПЦ "Вясна" паведаміў актывіст з Хоцімска Валер Каранкевіч.

"З дакладных крыніц мне паступіла інфармацыя, што без абвяшчэння даты "выбараў" уладныя структуры паскоранымі тэмпамі ажыццяўляюць падрыхтоўку да іх, - распавядае Валерый Каранкевіч. - У канцы мінулага года ва ўсе раённыя выканкамы была накіравана інфармацыя аб падрыхтоўцы спісу чатырох кандыдатаў на пасаду старшыняў раённых выбарчых камісій. Магілёўскі аблвыканкам укараняе гэтую навацыю пры правядзенні падрыхтоўчых мерапрыемстваў да "выбараў". Гэтую работу было даручана правесці загадчыкам аддзелаў арганізацыйна-кадравай работы райвыканкамаў.

У Хоцімскім раёне работа была выкананая Лутчанковым Д.В. Ён прапанаваў чатыры кандыдатуры, у тым ліку сябе. Без прамаруджання спісы кандыдатаў на гэтую пасаду былі дасланыя ў абласную выбарчую камісію. У канцы студзеня строгая камісія з ліку памочніка Лукашэнкі ў Магілёўскай вобласці, пенсіянера Лаўранкова Г.М., ветэрана выбарчых кампаній пенсіянеркі Макаранкі Л.В., а таксама члена камісіі Мурашкі В.А. (намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама) у прысутнасці прадстаўнікоў спецслужбаў правялі дабор асоб на гэтыя пасады. І гэта насуперак патрабаванням Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь "Аб фармаванні выбарчых камісій з ліку прадстаўнікоў, вылучаных палітычнымі партыямі, грамадскімі аб'яднаннямі, працоўнымі калектывамі і грамадзянамі шляхам падачы заяў".

У Хоцімскім раёне быў зацверджаны на гэтую пасаду Курзянкоў Юрый, а ягоным намеснікам стаў усё той жа Лутчанкоў Д.В. І адразу ж пасля зацвярджэння гэтых прозвішчаў пачалі фармавацца раённыя выбарчыя камісіі. Сфармаваўшы іх і падзяліўшы па-новаму выбарчыя дзялянкі, такімі ж тэмпамі пачалі фармавацца першасныя выбарчыя камісіі.

Такім чынам, да прызначэння парламэнтам рэспублікі прэзідэнцкіх выбараў арганізацыйныя мерапрыемствы для падрыхтоўкі выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь будуць закончаныя. І на парадку дня застанецца адвечнае пытанне: якім чынам у склад камісій патрапіць прадстаўнікам незалежных структур? Такая ж работа праведзеная ва ўсіх абласцях і раёнах краіны", - сцвярджае Валерый Каранкевіч.

У свой час Валер Каранкевіч працаваў першым намеснікам старшыні Хоцімскага райвыканкама, у мясцовым аддзеле ЖКГ, узначальваў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ў Магілёўскім і Хоцімскім раёнах і, паводле ягоных слоў, у яго захаваліся добрыя кантакты з прадстаўнікамі адміністрацыйнай вертыкалі.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках