Ездзіць на закупы ў «Акропаліс» для беларусаў стала дорага
10- 5.03.2015, 17:55
- 31,388
У 2015 годзе ў Літву на закупы стала прыязджаць нашмат менш беларусаў.
Гэта адзначаюць мясцовыя гандляры і пастаўшчыкі паслуг, піша ru.delfi.lt.
Кіраўнік ГЦ Ozas Інга Навіцкайтэ сказала, што ў студзені 2015 у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года, на траціну скарацілася колькасць пакупнікоў з Беларусі.
«Колькасць гасцей з Беларусі зменшылася амаль на 30%, мы атрымліваем статыстыку выпісаных чэкаў: калі ў студзені мінулага года беларусам выдалі больш за 5000 чэкаў, то ў гэтым годзе - крыху больш за 3600, аднак пакупніцкі кошык застаўся ранейшым», - сказала яна.
З яе слоў, замежнікі прыязджаюць у Літву і ў працоўныя дні, аднак больш за ўсё іх прыязджае ў выходныя і ў святы.
«Асноўная прычына відавочная, гэта абясцэньванне рубля, акрамя таго, адзін час былі ўведзеныя дадатковыя падаткі пры куплі валюты», - pаспавяла Навіцкайтэ.
Прэс-сакратар сталічнага Akropolis Фрэдэрыкас Янсанас сказаў, што ў іх ГЦ прыезд беларусаў - сезонная з'ява.
Там спадзяюцца, што пасля зніжэння ў лютым-сакавіку пачнецца ажыўленне.
Кіраўніца Літоўскай асацыяцыі гасцініц і рэстаранаў Эвалда Шышкаўскенэ таксама адзначыла скарачэнне колькасці гасцей з Беларусі і Расеі.
З яе слоў, расейцаў практычна няма, колькасць беларусаў таксама зменшылася, але не так значна.
Цяпер у Літве спадзяюцца на кліентаў з іншых рынкаў: Скандынавіі, Нямеччыны і Польшчы.