5 траўня 2024, Нядзеля, 16:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берасцеец, які абвінавачваецца ў «паклёпе» на Лукашэнку: Хачу, каб улада дазволіла мне жыць паводле закону

15
Берасцеец, які абвінавачваецца ў «паклёпе» на Лукашэнку: Хачу, каб улада дазволіла мне жыць паводле закону

Міхаілу Лукашэвічу пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі.

«Будавалі камунізм - а атрымаўся крызіс», «Калі нашу ўладу пасадзіць у псіхічную лякарню, то наш народ будзе жыць лепш за ўсіх у свеце», «Хто хлусіць - той лепш за ўсіх жыве. Але нядоўга». Такія, і іншыя надпісы можна ўбачыць на плоце 63-гадовага жыхара горада. Ёсць там і словы пра Аляксандра Лукашэнку. «Радыё Свабода» паразмаўляла з берасцейцам Міхаілам Лукашэвічам.

Лукашэвіч - дысідэнт са стажам. Яшчэ да пачатку перабудовы ён пісаў лісты-скаргі «на Захад». А ў 1984 годзе быў затрыманы ў Маскве каля амбасады Францыі. Кажа, што хацеў перадаць чарговы ліст у ААН. Пасля затрымання Лукашэвіча змясцілі ў савецкую псіхічную лякарню.

Выйшаў ён адтуль толькі тады, калі не стала Савецкага Саюза.

Дом Міхаіла Лукашэвіча знаходзіцца ў Вычулках, былой вёсцы, якая стала часткай Берасця. Побач - аўтобусны прыпынак. Цяпер у гэтым раёне шмат катэджаў бізнэсоўцаў і чыноўнікаў.

Міхаіл адразу зладжвае экскурсію ля свайго плота. Кажа, што не разумее, дзе тут паклёп на прэзідэнта.

«Ну вось надпіс: «Рабілі з мяне дурня, а самі абгадзіліся». Ну разваліўся ж Савецкі Саюз? Абгадзіліся? Абгадзіліся! Далей: «70 гадоў здзекаў уладаў. Розум, гонар, сумленне, закон - гэта нашай уладзе супрацьпаказана». Ну што тут не так? Я працаваў, новалукомльскую ГРЭС будаваў, дзве кілы зарабіў... І што, на да мной не паздзекаваліся?» - тлумачыць Міхаіл Лукашэвіч надпісы на сваім плоце.

Суседзі да палітычнага блога на плоце Лукашэвіча ставяцца неадназначна. Міхаіл распавёў, што аднойчы ад некага з суседзяў была скарга ў міліцыю, быццам у ягоным доме наркотыкі і зброя. Кажа, прыехалі міліцыянты, выбілі вокны, рабілі ператрус... Нічога не знайшлі.

«Я ў савецкі час выступаў не супраць камунізму, а за справядлівасць. Я паважаю закон. Я за 63 гады ні ў выцвярэзніку, ні ў турме - нідзе не бываў. 15 дзён толькі сядзеў за тое, што за жанчыну заступіўся... Пасля затрымання ля французскага пасольства сядзеў у той жа псіхічнай лякарні, дзе Высоцкі... Я хачу, каб улада дазволіла мне жыць паводле закона, а не штурхала на яго парушэнне», - кажа Міхаіл.

Пасля распаду Савецкага Саюза жыццё Міхаіла Лукашэвіча не наладзілася. Спрабаваў рэабілітавацца, даказаць, што ён не вар'ят. Кажа, што пасля адной з няўдач і пачаў пісаць на плоце. З мінулым «вар'ята» Лукашэвічу цяжка было знайсці працу і доўга на ёй утрымацца.

У выніку, пакінуў спробы ўладкавацца на працу і пачаў перабівацца часовымі заробкамі.

«Мне ўсё забаранілі. Жыць забаранілі... За стырном яшчэ ездзіў, але і гэта забаранілі. На свабодзе мне месца няма - мне ці вар'яцкі дом, ці турма... Але я памру што так, што гэтак, у мяне хвароб - і хранічных, і ўсялякіх...»- нярадасна апісвае Міхаіл Лукашэвіч свае перспектывы.

На пытанне, як сваякі ставяцца да ягонай сітуацыі, Міхаіл адказвае: «Сям'я мая - гэта сабака і я...»

У снежні 2014 Следчы камітэт Берасця распачаў супраць Міхаіла Лукашэвіча справу паводле ч.1 артыкула 367 Крымінальнага кодэкса Беларусі - паклёп у дачыненні да прэзідэнта. Следчыя пакуль не абвяшчалі дэталяў справы, так прызначаны шэраг экспэртыз. Абвінавачанне пакуль не выстаўленае. Берасцейскі праваабаронца Уладзімір Малей распавёў, што ў лютым Міхаіл Лукашэвіч на тры дні быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Дома ў Лукашэвіча прайшоў ператрус - забралі фарбы, і пэндзлікі, якімі мужчына нібыта рабіў надпісы.

Са слоў Уладзіміра Малея, Лукашэвічу хутчэй за ўсё прызначаць псіхіятрычную экспэртызу:

«Калі напішуць яму псіхічнае захворванне, то ў сувязі з гэтым суд яго не прывядзе да крымінальнай адказнасці. Могуць накіраваць на прымусовае лячэнне. А калі напішуць, што здаровы, то тады можа быць і лёгкае пакаранне - штраф. А можа быць і пазбаўленне волі да 4 гадоў».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках