Магілёўскі вагонабудаўнічы завод спыніў працу
115- 11.04.2015, 8:27
- 77,101
Попыт на прадукцыю прадпрыемства ўпаў катастрафічна.
Са снежня мінулага года Магілёўскі вагонабудаўнічы завод працаваў паўмесяца. З красавіка вытворчасць цалкам спыненая, распавёў «Беларускім навінам» спецыяліст прадпрыемства, які папрасіў не называць яго імя.
«У нас вытворчасць спынілася. Мы не ведаем, калі яе зможам запусціць», - паведаміў наш суразмоўца.
Паводле яго слоў, на прадпрыемстве працуе блізу 800 рабочых. Праз прастой яны атрымліваюць 2/3 акладу. У сярэднім на заводзе зарабляюць прыкладна 3,6 мільёна рублёў "бруднымі".
Дырэктар завода Сяргей Перапеча не пацвярджае і не адмаўляе інфармацыю аб спыненні прадпрыемства.
Намеснік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва Сяргей Арэшкаў, адказваючы на пытанне аб тым, якія захады распачне адміністрацыя раёна ў дачыненні да прадпрыемства, адказаў: «Тут ідзе праца не толькі адміністрацыі раёна. Тут ідзе сумесная праца - і гарвыканкама, і аблвыканкама. Узроўня адміністрацыі для развязання пытання недастаткова».
Прычына спынення прадпрыемства - значнае падзенне попыту на прадукцыю.
Так, у 2014 годзе завод прадаў блізу 750 вагонаў. За тры месяцы 2015 - толькі 10 вагонаў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года продажы ўпалі прыкладна ў 18 разоў.
«Раней завод прадаваў вагоны коштам 70 тысяч даляраў за адзінку. Цяпер кошт ў Расеі даходзіць да 29 тысяч долараў за адзінку. Кошты падаюць, паколькі на рынку празмернасць вагонаў. Калі раней кошт у 70 тысяч долараў дазваляў пакрываць сабекошт і нават атрымліваць прыбытак, то цяпер кошт ў 29 тысяч даляраў нават не пакрывае сабекошт. А пакупнік хоча браць вагоны паводле рынкавага кошту. У нас такога кошту няма», - тлумачыць спецыяліст.
Паводле яго слоў, з мінулага года прадпрыемства не можа праводзіць плацяжы па рахунках. Яны арыштаваныя. «Грошы, якія і маглі б да нас паступаць, не паступаюць, таму мы не можам казаць аб тым, што атрымліваем нейкія грошы», - распавядае суразмоўца.
Ва ўправе Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці адмовіліся прадастаўляць па тэлефоне інфармацыю на гэты конт.
У прэс-службе Міністэрства прамысловасці далі зразумець, што прадпрыемству не варта разлічваць на дзяржаўную падтрымку.
«Цяпер такая сітуацыя, што грошы трэба зарабляць, а не чакаць падтрымкі. Трэба шукаць новыя рынкі збыту, актыўна прапаноўваць сваю прадукцыю», - кажа прэс-сакратар ведамства Сяргей Шалай.
Паводле яго слоў, цяпер у межах Адзінай эканамічнай прасторы не прадастаўляюцца прэферэнцыі для беларускіх вытворцаў, таму прадпрыемствы павінны самі паклапаціцца аб падвышэнні канкурэнтаздольнасці прадукцыі.
«Цяпер яны на роўных канкуруюць са сваімі сябрамі і партнёрамі ў Расейскай Федэрацыі, таму трэба ўкараняць сучасныя тэхналогіі, зніжаць сабекошт прадукцыі. Трэба комплексна падыходзіць да пытання падвышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі, а не закладваць няслушныя развязанні ў сабекошт прадукцыі. Таму іх чаканні не павінны прымаць утрыманскія характар», - адзначаюць у прэс-службе Мінпрама.
Нагадаем, у апошні час многія прадпрыемствы пераводзяць на скарочаны працоўны тыдзень або вымушаюць працаўнікоў пісаць заявы аб адпачынках за свой кошт. Так, толькі на пачатаку сакавіка ў рэдакцыю charter97.org паступілі скаргі з такіх прадпрыемстваў як «Гомсельмаш», Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў, Светлагорскі завод жалезабетонных вырабаў, Бабруйскі завод дэталяў і агрэгатаў, «Магілёўтрансмаш», «Строммашына», МТЗ, «Гомельдрэў», Мінскі падшыпнікавы завод, Беларуская чыгунка, ААТ «Віцебскія прадукты» ды іншыя.
Фота: Валерый Саўчанка