17 траўня 2024, Пятніца, 12:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Штайнмаер выступіў супраць удзелу Пуціна ў саміце G7

9
Штайнмаер выступіў супраць удзелу Пуціна ў саміце G7

Міністр замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер выступіў супраць удзелу прэзідэнта Расеі ў саміце G7, які пройдзе ў чэрвені ў Баерне.

Словы кіраўніка МЗС Нямеччыны падае нямецкая газэта Welt am Sonntag, паведамляе Lenta.ru.

«У нашы інтарэсы не ўваходзіць працяглая ізаляцыя Расеі. Аднак пасля незаконнага далучэння Крыма [да Расеі] мы не можам проста зрабіць выгляд, што нічога не здарылася, і весці справы як зазвычай», - заявіў Штайнмаер. Паводле ягоных слоў, вяртанне да фармату «Вялікай васьмёркі» магчымае толькі «пасля выканання Расеяй менскіх пагадненняў».

З ініцыятывай запрасіць Пуціна на саміт G7 раней выступіў лідар фракцыі «Левыя» у бундэстагу Грэгар Гізі. На ягоную думку, урэгуляваць канфлікты без Расеі немагчыма. «Ізаляцыя Расеі нічога не прынясе, яна толькі прычыняе шкоду (...) Мы павінны з G7 зноў зрабіць G8», - заявіў палітык, адзначыўшы, што расейскі прэзідэнт «застаецца важным чалавекам ва ўсіх сфэрах міжнародных стасункаў».

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель яшчэ ў сярэдзіне студзеня 2015 года выключала магчымасць удзелу Пуціна ў саміце «Вялікай сямёркі».

«Вялікая сямёрка» заўсёды ўважала сябе за супольнасць вартасцяў. Анэксія Крыма, з'яўляючыся абуральным парушэннем прынцыпаў міжнароднага права, і падзеі на ўсходзе Украіны парушаюць гэтыя агульныя вартасці», - заяўляла яна.

У адказ у Крамлі заявілі, што расейскі лідар не чакае запрашэння на форум, а таксама засумняваліся ў мэтазгоднасці фармату правядзення G7 з адсутнасцю Расеі, Кітая ды Індыі.

«Вялікая васьмёрка» (Францыя, Вялікабрытанія, Расея, ЗША, Нямеччына, Японія, Італія і Канада) спыніла існаванне ў якасці міжнароднага клуба праз украінскі крызіс у сакавіку 2014 года. У чэрвені ў Брусэлі прайшоў саміт G7 - упершыню за 17 гадоў без удзелу Расеі. Першапачаткова імпрэза ў фармаце G8 павінна была адбыцца ў Сочах. Пры гэтым удзел Расеі не спыняўся ў эканамічным форуме G20 (Аргенціна, Аўстралія, Бразілія, Канада, Кітай, Францыя, Нямеччына, Індыя, Інданэзія, Расея, Італія, Японія, Паўднёвая Карэя, Мэксіка, Савудаўская Арабія, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Турцыя, Вялікабрытанія, ЗША і ЕЗ).

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках