4 траўня 2024, Субота, 16:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр Аляксандр Надсан

15
Памёр Аляксандр Надсан
Аляксандр Надсан
Фота: bymedia.net

Вядомы дзеяч беларускай эміграцыі і апостальскі візітатар для беларусаў-уніятаў замежжа памёр на 89 годзе жыцця.

Айцец Аляксандар Надсан памёр у Лондане. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Вялікай Брытаніі. Падрабязнасці пакуль невядомыя.

Аляксандр Надсан нарадзіўся ў 1926 годзе ў мястэчку Гарадзей (цяпер Гарадзея) Нясвіжскага раёна Менскай вобласці. У 1958 годзе, пасля сканчэння Лонданскага ўніверсітэта, Грэцкага каледжа і Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме Надсан прыняў сан. З канца 1950-х гадоў жыў у Лондане. З 1981 года - кіраўнік Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане, з 1986 года - апостальскі візітатар для беларусаў грэка-каталікоў замежжа.

Айцец Аляксандр займаўся вывучэннем беларускай свецкай і духоўнай літаратуры XVI-XVII стагоддзяў. У 1994 годзе Ватыкан афіцыйна зацвердзіў літургічныя тэксты для беларусаў-уніятаў, перакладзеныя Надсанам на беларускую мову. Аляксандр Надсан таксама быў адным з першых, хто падняў тэму Чарнобыльскай катастрофы за мяжой.

У кастрычніку 2010 года Надсан прыязджаў у Беларусь на прэзентацыю кнігі «Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца», выдадзеную да ягонага 80-годдзя і 50-годдзя ягонага царкоўнага служэння. У 620-старонкавым зборніку сабраныя арыгінальныя артыкула 100 навукоўцаў з розных краін і творы 25 пісьменнікаў. Выданне ўключае раздзелы па лінгвістыцы, гісторыі, археалогіі, літаратуразнаўству, скарыназнаўству, фалькларыстыцы і этнаграфіі, а таксама раздзелы, прысвечаныя беларускай дыяспары, Чарнобыльскай катастрофе і гісторыі царквы.

Прэзентацыя праходзіла 21 кастрычніка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАНБ. На пытанне БелаПАН, што было самым цяжкім у ягоным жыцці, айцец Аляксандр адказаў: «Усё жыццё было складанае. Але трэба было неяк перамагаць, развязваць гэтыя вузельчыкі. Жыць за межамі Беларусі амаль усё жыццё (а я з'ехаў з радзімы яшчэ юнаком, не маючы 20 гадоў) і застацца беларусам, і рабіць нешта для Беларусі - гэта не было лёгка. Ды і людзі не заўсёды разумелі нас і нашы намаганні. Але мы перамагалі, і дзякую Богу за тое, што даў магчымасць гэта зрабіць».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках