2 траўня 2024, Чацвер, 17:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Freedom House: Беларусь - у дзясятцы найгоршых

Freedom House: Беларусь - у дзясятцы найгоршых

У 2014 годзе сітуацыя са свабодай прэсы ў свеце сур'ёзна пагоршылася.

Журналісты сутыкаюцца з усё большымі праблемамі, якія перашкаджаюць свабоднай цыркуляцыі інфармацыі, уключаючы пагрозы іх жыццю. Урады, зацікаўленыя ў адсутнасці крытыкі, практыкуюць цэнзуру і арышты. Тэрарыстычныя структуры звяртаюцца да пагроз, выкраданняў і забойстваў журналістаў. Прыватныя ўладальнікі СМІ ў многіх краінах імкнуцца маніпуляваць журналістамі ў сваіх інтарэсах. Дэмакратычныя дзяржавы спрабуюць супрацьстаяць прапагандзе, якая распаўсюджваецца аўтарытарнымі рэжымамі і экстрэмістамі.

Пра гэта гаворыцца ў новым дакладзе праваабарончай арганізацыі Freedom House - «Свабода прэсы-2015» (Freedom of the Press), якая ацаніла сітуацыю ў 199 дзяржавах ды тэрыторыях. Гэты даклад штогод публікуецца з 1980 года, як адзначаюць аўтары, сітуацыя ў свеце пагаршаецца цягам апошніх дзесяці гадоў, прычым апошнім часам негатыўныя працэсы паскорыліся. Цяпер толькі 14% жыхароў Зямлі жывуць у дзяржавах, дзе прэса здольная сумленна выконваць свае абавязкі (усяго 63 дзяржавы, уключаючы ЗША), 44% у краінах, якія аднесеныя да катэгорыі «несвабодных» (71 дзяржава, уключаючы Расею) і 42% - у «часткова свабодных» (65 дзяржаў і тэрыторый), паведамляе «Голас Амерыкі».

Як адзначаецца ў дакладзе, летась пазітыўныя змены адбыліся толькі ў 8 краінах свету, а негатыўныя - у 18-ці (гэта, адпаведна, рэкордна нізкі і рэкордна высокі вынікі). Найбольшы рэгрэс прадэманстравалі Лівія, Тайланд, Паўднёвы Судан, Егіпет і Грэцыя. У дзясятку дзяржаў і тэрыторый, дзе існуе найгоршы для СМІ рэжым, увайшлі: Беларусь, Крым, Куба, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя, Іран, Паўночная Карэя, Сірыя, Туркменістан і Узбекістан.

Найбольшы прагрэс адзначаны ў Тунісе, М'янме (Бірме), Лівіі, Кот д'Івуар і Конга.

Першыя дзесяць месцаў у рэйтынгу занялі Нарвегія, Швэцыя, Бельгія, Фінляндыя, Нідэрланды, Данія, Люксембург, Андора, Швэйцарыя і Ліхтэнштэйн - у іх СМІ маюць найбольшую свабоду.

Рэйтынг Украіны падвысіўся: з катэгорыі «несвабодных» яна перайшла ў катэгорыю дзяржаў з «часткова свабоднымі» СМІ і займае 128 месца.

Расея - на 180 месцы (дзеліць яго з Саудаўскай Арабіяй і Эфіопіяй). У дакладзе адзначаецца, што ўлады Расеі падтрымліваюць жорсткі кантроль над мясцовымі СМІ, а таксама спрабуюць кантраляваць незалежныя крыніцы інфармацыі - якія дзейнічаюць у Інтэрнэце або замежныя. Як і Кітай, Масква прыкладае значныя намаганні для «маніпулявання інфармацыйным асяроддзем у рэгіёнах, якія ўважаюць за сваю сферу ўплыву» (Украіна, Цэнтральная Азія і краіны Балтыі).

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках