5 траўня 2024, Нядзеля, 13:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вайна ў Емэне: хто, з кім і за што?

8
Вайна ў Емэне: хто, з кім і за што?

Міжканфесійны канфлікт у Емэне пераплятаецца з рэгіянальным і палітычным.

У зборках навін выява баёў у Емэне такая: з аднаго боку шыіты-хусіты, якіх падтрымлівае Іран, з другога - суніты, якіх падтрымлівае Савудаўская Арабія. Напраўду размеркаванне сіл значна складанейшае, піша Deutsche Welle.

Емэн - адна з самых бедных арабскіх краін. Колькасць насельніцтва - больш за 25 мільёнаў чалавек. Сярод іх крыху больш за палову - суніты, астатнія шыіты. Шыіцкія паўстанцы-хусіты кантралююць большую частку краіны. Яны захапілі сталіцу Емэну Сану. Шыітаў актыўна падтрымлівае пастаўкамі зброі Іран, сунітаў - Савудаўская Арабія, якая супольна з іншымі краінамі наносіць па паўстанцах удары з паветра. Такая, на першы погляд, сітуацыя. Напраўду ў Емэне ідзе вайна ўсіх супраць усіх са зменлівымі франтамі.

Вязьмо канфліктаў

Шыіты жывуць збольшага на поўначы краіны, у гарах на мяжы з Савудаўскай Арабіяй, суніты - на поўдні. Да 1990 года краіна была падзеленая. У Паўднёвым Емэне практыкаваўся арабскі варыянт сацыялізму. Пасля аб'яднання жыхары поўдня адчувалі сябе ўціснутымі, што дапамагло там замацавацца групоўцы "Аль-Кайда на Арабійскай паўвыспе".

Дзяржаўная ўлада ў Емэне безупынна мянялася. Доўгі час у краіне верхаводзіў дыктатар Алі Абдула Салех. Цяпер ён далучыўся да паўстанцаў-хусітаў. У 2012 годзе да ўлады прыйшоў прэзідэнт Абд Рабу Мансур Хадзі. Але падчас узброенага канфлікту ён у студзені сёлета падаў у адстаўку. Пазней ён прашэнне адклікаў. Аднак наступ шыіцкіх паўстанцаў прымусіў яго бегчы ў Савудаўскую Арабію.

Войска і дзяржаўны апарат раздробленыя: большасць падтрымлівае былога прэзідэнта, іншыя захоўваюць вернасць былому дыктатару Салеху. А розныя плямёны з самых розных матываў падтрымліваюць хто адну, хто – іншую старану.

Чаго дамагаюцца ваеўнікі-шыіты?

Паўстанцы-хусіты называюць сябе "Ансар Алаг". Узброены канфлікт яны пачалі яшчэ ў 2004 годзе праз спробы тагачаснага ўрада накінуць ім суніцкі варыянт ісламу. Хусіты актыўна ўдзельнічалі ў скіданні дыктатара Салеха, але ў новым урадзе Хадзі прадстаўленыя не былі. І, адчуўшы сябе падманутымі, працягнулі барацьбу.

"Алаг вялікі, смерць Амэрыцы, смерць Ізраілю, праклён габрэям, перамогу ісламу", - вось просты лозунг "Ансар Алаг". Групоўка вінаваціць выгнаны ўрад у карупцыі і "суніцкім экстрэмізме". Пасля ўцёкаў урада хусіты ўтварылі часовую адміністрацыю. Хусіты меркавалі, што змогуць кантраляваць увесь Емэн, але з прасоўваннем на поўдзень наткнуліся на супраціў Аль-Кайды, так званых "народных камітэтаў" і розных плямёнаў", адзначае супрацоўніца нямецкага фонду "Навука і палітыка" Марайке Трансфэльд (Mareike Transfeld).

"Аль-Кайда" ваюе супраць усіх

"Аль-Кайда на Арабійскай паўвыспе" - бадай, самае небяспечнае дзейнае падраздзяленне тэрарыстычнай арганізацыі. Яна кантралюе частку абшару на поўдні Емэна. Сваімі ворагамі называе збеглага прэзідэнта Хадзі (той санкцыянаваў налёты амэрыканцаў з дапамогай беспілотнікаў на лагеры тэрарыстаў), Савудаўскую Арабію і паўстанцаў-хусітаў.

Часткова "Аль-Кайду" падтрымліваюць і "народныя камітэты", Акрамя таго, у часе баёў сотні ваеўнікоў збеглі з турмы ў партовым горадзе Адэн. Але напады тэрарыстаў-самагубцаў на шыіцкія мячэці ў сталіцы Сане, якія забралі блізу 140 жыццяў, прыпісвае сабе групоўка "Ісламская дзяржава". Цяпер Адэн таксама знаходзіцца ў руках хусітаў.

Спаборніцтва паміж Савудаўскай Арабіяй і Іранам

Грамадзянская вайна ў Емэне пагражае выліцца ў класічную "вайну чужымі рукамі". Шыіцкі Іран, як сведчыць емэнскі палітолаг Валід аль-Сакаф, морам і паветрам пастаўляе зброю і рыштунак паўстанцам-хусітам. У адказ суніцкая Савудаўская Арабія стварыла кааліцыю з іншымі нафтавымі эміратамі ды Егіптам і пачала паветраную вайну супраць хусітаў. Савудаўцы не выключаюць і наземнай інтэрвенцыі ў Емэн. Пры гэтым яны годзяцца з тым, што ўскосна падтрымліваюць "Аль-Кайду".

Гэта стасуецца з даўнім супрацьстаяннем паміж Іранам і Савудаўскай Арабіяй за панаванне ў рэгіёне. У Лібане Сірыя падтрымлівае цэнтральны суніцкі ўрад, а Іран - шыіцкіх ваеўнікоў з групоўкі "Хэзбалаг". У Сірыі Іран падтрымлівае дыктатара Асада, а Савудаўская Арабія - суніцкіх ваеўнікоў.

Пакуль ніводная з старон канфлікту ні ў краіне, ні за мяжой не выказвае ахвоты да перамоў. Але і ваеннага развязвання здоўжанага канфлікту не відаць.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках