15 траўня 2024, Серада, 22:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Бухвостаў: Працоўных МТЗ і МАЗа чакае скарачэнне

10
Аляксандр Бухвостаў: Працоўных МТЗ і МАЗа чакае скарачэнне

Прадукцыя беларускай прамысловасці не можа канкураваць нават на ўнутраным рынку.

6 красавіка МАЗ запусціў канвеер для вырабу грузавых самаходаў пасля 10-дзённага прастою. Менскі аўтазавод спыніў вытворчасць 27 сакавіка, галоўны канвеер стаяў да 6 красавіка. Работнікаў прадпрыемства на гэты перыяд адправілі ў адпачынак з захаваннем 2/3 тарыфу. Шмат хто з рабочых атрымлівае выпрацоўную аплату, і таму застанецца практычна без грошай.

За кошт чаго здалелі запусціць МАЗ? Калі стаяць прадпрыемствы-гіганты, на якія беларуская дзяржава робіць стаўку, то як ідуць справы ў астатняй прамысловасці? Ці відаць выйсце з нявыкруткі?

На пытанні «Беларускай праўды» адказаў старшыня Свабоднага прафзвязу металістаў Аляксандр Бухвостаў.

- 6 красавіка МАЗ аднавіў вытворчасць грузавых аўтамабіляў. За кошт чаго здалелі запусціць канвеер: разладавалі склады, атрымалі крэдыты?

- Не думаю, што МАЗ разладаваў склады - на расейскім рынку, куды ідзе асноўная прадукцыя МАЗа, нічога не змянілася. Магчыма, прадпрыемства атрымала крэдыт.

І не факт, што ўсе цэхі аднавілі працу. Адзін працоўны распавядаў, што выходзіць на працу, выконвае заяўку - і соўгаецца без занятку. А заплату ўжо нацягваюць.

Напэўна, толькі кіраўніцтва завода можа сказаць, чаму МАЗ аднавіў працу. Магчыма, назапасілі абарачальных сродкаў, метал прыйшоў - калі ёсць з чаго працаваць, будуць працаваць.

МАЗ, МТЗ з каласальнай канцэнтрацыяй рабочых будуць падтрымлівацца кіраўніцтвам краіны. На заводзе «Строммаш» у Магілёве ўжо тры месяцы не выплачваюць заробак і мерацца скараціць блізу 800 рабочых. Заплату выдалі толькі за снежань, а за студзень-сакавік заробак яшчэ не плацілі. Паводле няспраўджанай інфармацыі, адміністрацыя рыхтуе звальненне прыкладна 800 чалавек і продаж часткі асноўных фондаў. У Менску ж і завод вылічальнай тэхнікі ператварыўся ў гандлёвыя шэрагі. Гэта характэрны працэс для беларускай прамысловасці, чыя прадукцыя не можа канкураваць нават на ўнутраным рынку з замежнымі вытворцамі.

Такая палітыка немагчымыя на МАЗе і МТЗ, бо выльецца ў хваляванні рабочых, суцішыць якія будзе вельмі цяжка.

- Лідэр БКДП паведаміў, што ўрад разглядае пытанне аб выдачы МАЗу крэдыту на 100 мільярдаў рублёў.

- Я такой інфармацыі не маю. Не выключана, што ўрад можа выдаць крэдыт, але гэта не можа працягвацца бясконца. 100 мільярдаў рублёў выстарчыць месяцы на два. Прадпрыемствы працуюць у закрытым рэжыме, такую інфармацыю кіраўніцтва заводу не публікуе.

Ужо ніхто не гоніць план, як гэта рабілася раней, дый нельга так працаваць.

- Крызіс толькі пачынаецца. Якой вы бачыце будучыню беларускай прамысловасці?

- Мае прагнозы што да беларускай прамысловасці - самыя неаптымістычныя, мякка кажучы. Прамысловасць спыняецца, і гэта надоўга. Працэс спынення прамысловасці можа прычыніцца да сур'ёзнага вызваленні працоўнай сілы. Праз падзенне попыту на расейскім рынку і МАЗ, і МТЗ знізілі планы вырабу прадукцыі. Пакуль на расейскім рынку не адбудзецца прамысловы бум, беларускай прамысловасці няма на што спадзявацца. Да таго ж, калі раней стасунку «кошт-якасць» расейскія спажыўцы аддавалі перавагу беларускім камбайнам, то цяпер кошт фактычна не адрозніваецца, таму расейцы з вялікім задавальненнем набудуць нямецкую тэхніку.

«Гомсельмаш», які таксама фактычна спыняецца, працуе толькі за кошт лізінгавай схемы: дзяржава дае грошы, «Гомсельмаш» вырабляе тэхніку і пастаўляе яе сельскагаспадарчым арганізацыям, а сяло потым разлічваецца з дзяржавай. Але і вяскоўцы хочуць купляць надзейную тэхніку.

У прамысловасці збіраецца мноства негатыўных з'яў, дзеля якіх прамысловасць калі не будзе калапсаваць, то будзе сур'ёзна згортвацца. Трэба ствараць новыя працоўныя месцы, мяняць прамысловую палітыку і ў цэлым дзяржаўную палітыку. Не будзе новых інвестараў - прамысловасць ляснецца. Унутраныя інвестыцыі (заводы закладвалі ў свае ўнутраныя планы сродкі на развіццё вытворчасці: на закупку новай тэхнікі, станкоў і гэтак далей) - але гэта адзінкавыя выпадкі, а мяняць старыя тэхналагічныя лініі на новыя - для гэтага патрэбныя зусім іншыя сродкі. Раней казалі, што МАЗу патрэбныя 300 мільёнаў даляраў на сур'ёзную рэканструкцыю прадпрыемства. Але гэта было яшчэ за часам майго старшынства ў прафзвязе аўтамабільнага і сельскагаспадарчага транспарту.

- Урад гатовы да новых выклікаў - да іх прадухілення ці хаця б мінімізацыі?

- Усё залежыць ад дзяржаўнай палітыкі. Калі абмежаваныя магчымасці краіны ў залучэнні інвестыцый, у прывабнасці капіталу, - тут урад не дае рады. Урад не выканаў інвестыцыйную праграму за 2014 год; калі інвестыцыі і здараюцца, то не ў прамысловасць. Таму ўсе прадпрыемствы-гіганты: МАЗ, МТЗ, БелАЗ - працуюць ужо з стратамі.

Становішча вельмі сур'ёзнае, і я не думаю, што ўрад знойдзе нейкае выйсце. Выйсце адное - ехаць у Маскву і прасіць новыя крэдыты, на якія падтрымліваць прамысловасць. І пакрысе скарачаць рабочых. Праўда, я не ведаю, куды дзяржава будзе іх уладкоўваць - на месцы з заробкам 2 мільёны? Дык гэта не працоўнае месца... Працоўных можа прывабіць заплата мінімум 7-10 мільёнаў. Адміністрацыйны ціск некаторы час можа падтрымліваць сацыяльны спакой, але ў выніку сацыяльнае абурэнне прарвецца.

Я не бачу выйсця для беларускай прамысловасці, якая хранічна хворая. Мы будзем назіраць павольнае згасанне арганізму. Каб прамысловасць не згасла, яе трэба ўкінуць у крызіс, уліць у яе каласальныя сродкі - каб абноўленая прамысловасць улілася ў новую прамыслова-эканамічную палітыку.

Мы маем адзін завод, які паспяхова працуе, - Менскі завод колавых цягачоў. МЗКЦ працуе з поўнай занятасцю, бо мае сур'ёзны рынак збыту - Расея рыхтуецца ваяваць. Некаторыя беларускія прадпрыемствы, якія яшчэ за савецкім часам працавалі на абаронную прамысловасць, цяпер выяўляюць памкненні да аднаўлення савецкіх магутнасцяў - Расея асцярожна выдае заяўкі. Бо ў свой час шмат якія ўкраінскія прадпрыемствы працавалі на расейскую абаронную прамысловасць, а цяпер - вайна. Расея ўважае Беларусь за больш надзейнага партнёра, за свой пратэктарат. Таму беларускія прадпрыемствы, якія працавалі раней на абаронную прамысловасць, спрабуюць аднавіць свой патэнцыял.

Але ўся гэтая тузаніна не развязвае праблему МАЗа і МТЗ. Калі раней можна было аб'яднаць МАЗ і КамАЗ - хоць бы для таго, каб адзіная структура не канкуравала паміж сабой, але цяпер КамАЗ мае сур'ёзныя праблемы, не да аб'яднання.

Калі ў бездань крызісу занураецца старэйшы брат, малодшы брат апускаецца туды ж, але значна хутчэй.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках