18 траўня 2024, Субота, 9:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вытворца кавы Matador паўгода не плаціць заробкі

10
Вытворца кавы Matador паўгода не плаціць заробкі

Кампанія «Ікартайм» - айчынны вытворца кавы пад маркамі Matador і «Чорнае зерне» - амаль паўгода не плаціць заробкі супрацоўнікам.

Работнікі наракаюць, што іх месяцамі «кормяць абяцаннямі», некаторыя звальняюцца і падаюць у суд. Заснавальнік разводзіць рукамі: рахункі фірмы заблакаваныя праз запазычанасці ў крэдыце.

«Не скарачаюць, не звальняюць, проста людзі сядзяць паўгода без працы і без грошай. Кіраўніцтва абяцала, што закрые пазыку то 8 сакавіка, то 3 красавіка, то 17 красавіка. А грошай усё няма і няма», - напісаў у рэдакцыю tut.by супрацоўнік аднаго з філіялаў кампаніі, які папрасіў захаваць ананімнасць.

Прыватнае прадпрыемства «Ікартайм» з 2001 года вырабляе каву ў Беларусі пад гандлёвымі маркамі Matador, El cafe Barcelona і «Чорнае зерне». Сыравіна закупляецца на біржы ў Нямеччыне. У Астрашыцкім гарадку (Менская вобласць) кампанія мае вытворчасць для пражання, памолу і фасоўкі. Таксама «Ікартайм» рэалізуе элітныя гатункі кавы і гарбаты праз сетку крам Bungalow.

- Апошні заробак аддалі 31 снежня а 8 гадзіне вечара. Некаторыя людзі ўжо звольніліся і падалі ў суд, але пакуль нічога не атрымалі, - удакладніў работнік, які звярнуўся да журналістаў. - Нейкая надзея [на выплату заробку] ўсё-ткі была. Жыў на зберажэнні і за кошт жонкі. Калі была праца, то і грошы плацілі нядрэнныя, 7-8 мільёнаў.

Зрэшты, суразмоўца плануе забраць працоўную кніжку да канца тыдня. Мужчына не выключае, што падасць у суд, каб спагнаць грошы з працадаўцы.

Двое супрацоўнікаў з іншых філіялаў «Ікартайм» пацвердзілі інфармацыю пра нявыплату заробкаў.

- Усё так і ёсць. Дзед Мароз на Новы год, як гаворыцца, пералічыў нам апошнія грошы. Я забраў працоўную кніжку на пачатку красавіка і звярнуўся ў суд. Пастанова была вынесеная на маю карысць, але грошай я пакуль не атрымаў, - паведаміў былы работнік кампаніі. З ягоных слоў, філіял, у якім ён працаваў, пакінулі ўсе супрацоўнікі, акрамя аднаго.

Работнікі «Ікартайм» няўцямна кажуць аб прычынах амаль паўгадавой нявыплаты заробкаў. Маўляў, нешта звязанае з банкаўскім крэдытам і блакаваннем рахункаў кампаніі.

Кампанія мае пратэрмінаваны крэдыт у Белаграпрамбанку, і работнікі гэта ведаюць, тлумачыць заснавальнік «Ікартайм» Ерванд Ісаян.

- Банк не хоча пралангаваць крэдыт, у нас ужо 8 месяцаў арыштаваныя разліковыя рахункі. Ніяк не можам падпісаць міравое пагадненне. Судзімся з банкам у гаспадарчым судзе Менскай вобласці. Выплата заробку не ідзе, бо чакаем пастановы суда. 25 траўня будзе апеляцыя. Калі рахункі разблакуюцца, мы пачнём плаціць заробак. Калі не, будзем падаваць [скаргу ў парадку нагляду] ў Вярхоўны суд, - сказаў ён.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках