19 красавiка 2024, Пятніца, 1:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дыктатар: Беларусь не падпіша дакументы Рыжскага саміту

30
Дыктатар: Беларусь не падпіша дакументы Рыжскага саміту
Фота: Getty Images

Беларусь прынцыпова не стане падпісваць дакументы саміту «Усходняга партнёрства», які праходзіць у Рызе, і ў якіх будзе адкрыта ўтрымлівацца антырасейская пазыцыя.

Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 22 траўня ў Менску на VII з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, піша БелаПАН.

«Здавалася б, украінскія падзеі павінны былі ўсіх навучыць, які кволы мір, як трэба берагчы гэты мір. Трэба развязваць праблему Ўкраіны, Грузіі. Але не, сабраліся на «Усходнім партнёрстве» - у кожным дакуменце давай ганьбіць Расею, не прама, так ускосна. Мы катэгарычна заўсёды былі супраць таго, каб «Усходняе партнёрства» было супраць кагосьці», - заявіў дыктатар.

«Калі ЕЗ хоча з намі супрацоўнічаць ва «Усходнім партнёрстве», давайце будзем гэта рабіць. Але Расея не ўдзельнічае ва «Усходнім партнёрстве», чаму завочна, без Расеі, мы яе павінны дубасіць, у тым ліку за Крым? На нас крыўдзяцца, што мы гэта не падтрымалі. Гэта мая прынцыповая пазіцыя», - падкрэсліў Лукашэнка.

З ягоных слоў, сёння галоўная задача - спыніць гібель людзей на ўсходзе Украіны, а ўжо потым «разбірацца, хто вінаваты». Беларусь стала «месцам міру для Украіны» і цяпер трэба ўтрымаць там мір, дадаў Лукашэнка.

Як паведамлялася раней, паводле вынікаў Рыжскага саміту «Усходняга партнёрства», у якім ад Беларусі бярэ ўдзел кіраўнік МЗС Уладзімір Макей, плануецца прыняць сумесную дэкларацыю краін ЕЗ і УП.

Напярэдадні агенцтва Рэйтэр са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы паведаміла, што Беларусь і Арменія адмовіліся падпісваць першапачатковы варыянт дэкларацыі праз наяўную там фразу аб анэксіі Крыма з боку Расеі.

Каментуючы гэтую інфармацыю, прэс-сакратар беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык заявіў: «Праца над тэкстам дэкларацыі працягваецца. Што тычыцца пазіцыі Беларусі, то яна добра вядомая. Мы выступаем за неканфрантацыйны характар Усходняга партнёрства з пазітыўным парадкам дня, у тым ліку і для «суседзяў суседзяў».

22 траўня перад пачаткам саміту еўракамісар у еўрапейскай палітыцы суседства і перамоваў у пашырэнні Ёханэс Хан заявіў журналістам: «Мы падрыхтуем такі варыянт дэкларацыі саміту, які задаволіць усіх».

З ягоных слоў, фінальная дэкларацыя яшчэ абмяркоўваецца, але «агульная перспектыва зразумелая». На пытанне, ці атрымалася пераадолець рознагалоссі аб згадванню Крыма ў выніковай дэкларацыі, еўракамісар паведаміў, што пакуль не. «Але я не буду рабіць якіх-небудзь заяў, таму што дэлегацыі яшчэ вядуць перамовы. Упэўнены, што да канца дня будзе фармулёўка, якая задаволіць усіх», - сказаў Хан. З ягоных слоў, 28 краін ЕЗ ужо навучыліся знаходзіць кампрамісы. «Цяпер гэтаму давядзецца навучыцца і шасці краінам. І яны да гэтага гатовыя», - дадаў еўракамісар.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках