3 траўня 2024, Пятніца, 6:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алімпійскі чэмпіён Андрэй Багдановіч: Нацыянальная сімволіка - гэта нашая гісторыя

22
Алімпійскі чэмпіён Андрэй Багдановіч: Нацыянальная сімволіка - гэта нашая гісторыя
АНДРЭЙ БАГДАНОВІЧ

Беларусам трэба ведаць родную мову і паважаць «Пагоню» і бел-чырвона-белы сцяг.

Пра гэта ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» заяўляе Андрэй Багдановіч - вядомы беларускі канаіст, алімпійскі чэмпіён, пераможца сусветных і еўрапейскіх першынстваў. Цяпер ён разам з братам рыхтуецца да выступлення на першых у гісторыі Еўрапейскіх гульнях, якія стартуюць праз два тыдні ў Баку.

Аляксандр і Андрэй Багдановічы родам з вёскі Ялізава Асіповіцкага раёна. Тут пайшлі ў сярэднюю школу, а пасля па чарзе перабраліся ў Бабруйскую дзяржаўную вучэльню алімпійскага рэзерву. Журналісты пацікавіліся ў Андрэя, ці лёгка даўся падлетку пераезд з вёскі, дзе няма і 2,5 тысячы жыхароў, у досыць вялікі горад? Алімпійскі чэмпіён адказваў па-беларуску.

«З беларускай мовай сябрую, але, на жаль, не так моцна, як, можа, хацелася б. У школе вывучалі і беларускую, і расейскую - дзве мовы. Зразумела, што на ўроках беларускай мовы і літаратуры гаварылі па-беларуску, прынамсі стараліся размаўляць. Аднак усе астатнія прадметы выкладаліся па-расейску. Адсюль і вынік», - кажа ён.

Як перакананы суразмоўцы, кожны беларус павінен ведаць родную мову. Але пачынаць далучэнне да мовы, як кажа Андрэй, трэба з дзяцінства - потым проста не будзе часу пераналаджвацца.

«Гэта трэба, безумоўна. Патрэбна вучыць, ведаць мову, бо гэта нашая гісторыя, гэта нашая спадчына. Таму гэта бясспрэчна - прынамсі, асновы роднай мовы павінны ведаць усе беларусы. Асабіста я гэта падтрымліваю. Вядома, пачынаць трэба яшчэ са школы, бо потым, калі браць наш выпадак, вырастаеш, прыходзіш у спорт, і на вучобу застаецца зусім мала часу. А як трапляеш у спорт прафесійны, то яго не застаецца наогул. На трэнінгах выжыльваюся так, што дайце толькі паляжаць і не чапайце, сіл няма нават дыхаць. Трохі адпачыў, пайшоў на другі трэнінг - зноў жа стан напаўпрытомным. Такі, што ўжо дакладна не да самаадукацыі», - адзначыў Андрэй Багдановіч.

Андрэй і Аляксандр маюць прозвішча, якое ведае кожны беларус нават з сярэдняй адукацыяй. Дапамагала або, наадварот, перашкаджала быць цёзкамі з Максімам Багдановічам?

«Не памятаю, каб былі нейкія падкусы, каб параўноўвалі і гэтак далей. Да таго ж прозвішча ў нашых краях нярэдкае, нават у нашым класе было два Багдановічы - я і яшчэ адная дзяўчына. Можа, калі ў каго і вырвалася - вось, мясцовы Багдановіч, паэт, але не больш за тое. Само сабой, Максіма Багдановіча чытаў, але, прызнаюся, выключна ў рамках школьнай праграмы. Каб сказаць, што зачытваўся - падманваць не буду. Мне дагэтуль больш фантастыка падабаецца», - кажа ён.

«Пагоня» Багдановіча небеспадстаўна ўважаецца за патрыятычны гімн усіх беларусаў. Але амаль праз 100 гадоў пасля смерці паэта і «Пагоня», і гістарычны сцяг у незалежнай Беларусі ўспрымаюцца як іншародныя цела. Наколькі апраўданая такая пазіцыя? Андрэй кажа, што трэба спалучаць гісторыю і сучаснасць.

«Да гістарычнай сімволікі стаўлюся так, як і павінен ставіцца кожны - гэта нашая гісторыя, гэта старонка жыцця нашых продкаў. Так што адпаведна стаўлюся, з павагай. Нашыя дзяды, прадзеды адтуль, з той эпохі. А паколькі гэта гісторыя нашых продкаў, якія жылі да нас, то мы павінны яе паважаць. Зразумела, што дзяржава патрабуе таго, што ёй больш падабаецца. Нават не тое што падабаецца, проста дзяржава цяпер такая, і трэба, каб было так. Зрэшты, я не так моцна ва ўсім разбіраюся, але калі цяпер дзяржаўныя атрыбуты такія, то што тут прыдумляць? На нашай лодцы нанесеныя элементы цяперашняга сцяга: арнамент на носе і чырвона-зялёная расфарбоўка на бартах», - сказаў Андрэй Багдановіч.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках