3 траўня 2024, Пятніца, 3:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крыніца ў FIFA: Блатэр можа перадумаць сыходзіць

4
Крыніца ў FIFA: Блатэр можа перадумаць сыходзіць
Зэп Блатэр
ФОТА: AP

Зэп Блатэр не выключае для сябе магчымасці вылучэння сваёй кандыдатуры на пазачарговых выбарах прэзідэнта FIFA.

Пра гэта паведаміла BBC крыніца ў атачэнні футбольнага боса.

2 чэрвеня 79-гадовы швайцарац, усяго за два дні да гэтага пераабраны кангрэсам FIFA на пяты тэрмін, абвясціў, што пакіне сваю пасаду пасля абрання новага кіраўніка структуры.

Пазачарговыя выбары пройдуць, хутчэй за ўсё, у сярэдзіне снежня.

Аднак крыніца, блізкая да Зэпа Блатэра, распавяла, што той можа прапанаваць дэлегатам кангрэсу пераабраць яго, калі падыходнага пераемніка не з'явіцца. "Нічога нельга выключаць", - падкрэсліла крыніца.

Цягам найбліжэйшых дзён прэзідэнт FIFA правядзе серыю сустрэч, на якіх ён паспрабуе ацаніць, ці захоўваецца ў яго дастатковы ўзровень падтрымкі сярод футбольных функцыянераў, каб паспрабаваць утрымацца ва ўладзе, нягледзячы на карупцыйны скандал, які скалыхнуў арганізацыю.

Ён ужо абяцаў сысці

Афіцыйна FIFA адсылае журналістаў, якія задаюць пытанні на гэтую тэму, да прамовы Блатэра, у якой ён сказаў, што выстаўляць сваю кандыдатуру на пазачарговым кангрэсе не будзе.

Аднак у 2011 годзе Блатэр, у якога тады ішоў чацвёрты тэрмін, таксама казаў, што сыдзе, а затым перадумаў. Як кажуць крыніцы, ён можа перадумаць зноў, хоць у цяперашнім клімаце гэта яшчэ больш падагрэе скандал.

Пасля арышту шэрагу функцыянераў FIFA ў рамках расследавання ФБР такія планы Блатэра рызыкуюць выклікаць моцны адпор. Ад яго ўжо патрабавалі сысці ў адстаўку неадкладна, а не чакаць абрання новага прэзідэнта.

Многія асцерагаліся, што за месяцы, папярэднія кангрэсу, Блатэр пастараецца дамагчыся абрання лаяльнага пераемніка.

Характэрна, што чалавек, якому даручана вывесці FIFA з крызісу, старшыня камітэта ў аўдыце і адпаведнасці патрабаванням заканадаўства Даменіка Скала, відавочна, спрабаваў перасцерагчы Блатэра ад змены пастановы. Ён нядаўна заявіў, што "трэба прытрымлівацца ініцыяванай працэдуры змены прэзідэнта, бо яна абвешчаная".

Планы рэформаў

Гэта заява стала адказам на публікацыю ў швайцарскай газеце Schweiz am Sonntag аб тым, што Блатэр можа наважыць застацца, бо яго прадаўжаюць падтрымліваць кіраўнікі футбольных асацыяцый з Азіі і Афрыкі.

Скала падкрэсліў, што "для мяне цэнтральнай тэмай з'яўляюцца рэформы". Прапанаваныя ім рэформы відавочна ідуць насуперак з планамі Блатэра, калі ён сапраўды мае намер заставацца.

Так, акрамя фінансавай празрыстасці і новай структуры кіравання, Скала прапануе абмежаваць знаходжанне на пасадзе прэзідэнта і чальцоў выканкама FIFA трыма тэрмінамі агульнай працягласцю не больш за 12 гадоў. Блатэр жа ўжо прабыў на сваёй пасадзе 17 гадоў.

Існуе кампанія "Новая FIFA цяпер" з патрабаваннем стварыць незалежную камісію для рэфармавання арганізацыі як адзіны спосаб асэнсаваных пераменаў у кіраўніцтве сусветным футболам.

Патэнцыйныя кандыдаты на пасаду прэзідэнта FIFA ўсё яшчэ выбіраюць зручны момант для таго, каб заявіць пра свае прэтэнзіі.

Адным з аргументаў, да якіх мог бы звярнуцца Блатэр, калі ён напраўду пойдзе на шосты тэрмін, магло б быць тое, што ён не дасць нейкай адной рэгіянальнай канфедэрацыі, напрыклад UEFА, засяродзіць у сваіх руках надзвычайную ўладу.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках