18 траўня 2024, Субота, 10:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканамісты прагназуюць падзенне ВУП Беларусі ў 2015 годзе на 3,5%

30
Эканамісты прагназуюць падзенне ВУП Беларусі ў 2015 годзе на 3,5%
ФОТА: EURORADIO.FM

Важнай новай праблемай наступных гадоў стане беспрацоўе.

Пра гэта гаворыцца ў новым макраэканамічным прaгнозе Даследчага цэнтра ІПМ, прэзентацыя якога прайшла ў гэтым месяцы.

«Мы чакаем, што ў 2015 годзе ВУП Беларусі скароціцца на 3,5%. Спад ВУП будзе абумоўлены цэлым шэрагам прычын: структурная слабасць, неспрыяльнае вонкавае асяроддзе, адносна жорсткая макраэканамічная палітыка. Гэтыя фактары прывядуць да скарачэння ўнутранага попыту разам з паляпшэннем чыстага экспарту ў нацыянальнай эканоміцы», - гаворыцца ў дакуменце.

Грашова-крэдытная сфера

Экспэрты Даследчага цэнтра ІПМ мяркуюць, што пры новым рэжыме манетарнай палітыкі ў сярэднетэрміновым перыядзе сфармуецца тэндэнцыя паступовага абясцэньвання рубля. Пры гэтым сярэднегадавая інфляцыя ў 2015 годзе будзе заставацца высокай – 17,5%, але знізіцца да 11,4% у 2016 годзе.

«Аднак уразлівасць фінансавых рынкаў будзе захоўвацца. Ключавымі выклікамі для фінансавай стабільнасці стануць пагаршэнне якасці крэдытнага партфеля банкаў, недахоп золатавалютных рэзерваў, а таксама высокія і нестабільныя інфляцыйныя чаканні», - гаворыцца ў дакуменце.

Дзяржаўныя фінансы

Кансалідаваны бюджэт у 2015 і 2016 гадах будзе выкананы з прафіцытам 2 і 1,6% ад ВУП. Прафіцыт звязаны з залічэннем у бюджэт даходаў ад экспартных мытаў на нафтапрадукты ў суме 1,5 і 1,7 млрд даляраў у 2015 і 2016 гадах адпаведна пры захаванні жорсткай палітыкі расходаў.

«Мяркуецца, што сродкі ад мытаў будуць накіраваныя на абслугоўванне замежнай пазыкі, у той час, як выдаткі кансалідаванага бюджэту, звязаныя з аплатай працы і капітальнымі выдаткамі, будуць скарачацца ў рэальным вымярэнні», - мяркуюць экспэрты ІПМ.

Плацежны баланс

У 2015 годзе дэфіцыт існага рахунку складзе 1,5 млрд даляраў або 2,6% ВУП, і скароціцца ў параўнанні з папярэднім годам. Галоўнымі прычынамі гэтага стануць паляпшэнне балансу гандлю таварамі і залічэнне мытаў нафтапрадуктаў у беларускі бюджэт. У 2016 годзе экспэрты ІПМ прагназуюць павелічэнне дэфіцыту існага рахунку да USD 2,0 млрд (3,2% ад ВУП). Аналітыкі чакаюць, што прыток прамых замежных інвестыцый з прычыны рэцэсіі скароціцца і складзе 1,6 млрд даляраў як 2015, так і ў 2016 годзе. Сальда рахунку аперацый з капіталам і фінансавага рахунку будзе звычайным і складзе 1,5 млрд даляраў у 2015 і 3,5 млрд даляраў у 2016 годзе.

Перадумовы прагнозу

Сусветны кошт сырой нафты (нафтавы кошык) у сярэднім за 2015 складзе 65 даляраў за барэль, а ў 2016 годзе - 70 даляраў за барэль.

Беларусь імпартуе з Расеі 22,5 млн тон сырой нафты ў 2015 годзе і 23 млн тон у 2016 годзе.

Кошт імпартаванага з Расеі газу складзе ў 2015-2016 гадах 170 даляраў за тысячу куб.м (у сярэднім за год).

У 2015 годзе ўрад Беларусі атрымае 1,5 млрд даляраў нафтавых мытаў (USD 1,7 млрд у 2016) і зможа прыцягнуць у 2015 і 2016 гг. па 1,5 млрд даляраў новых замежных запазычанняў, такім чынам часткова рэфінансаваць дзяржаўную пазыку.

ВУП у Расеі скароціцца ў 2015 годзе на 3,5%.

***

Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, ВУП Беларусі ў студзені-красавіку 2015 у рэальным вымярэнні зменшыўся на 2,6% у параўнанні са студзенем-красавіком 2014 да Br253,9 трлн.

Згодна з афіцыйным прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі прырост ВУП у 2015 годзе павінен скласці 0,2-0,7%.

ЕАБР прагназуе, што ВУП Беларусі скароціцца ў 2015 годзе на 1-2 %% у параўнанні з 2014 годам, МВФ прагназуе зніжэнне на 2,3%. Сусветны банк прагназуе падзенне на 3,5%.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках