3 траўня 2024, Пятніца, 15:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Топ-мэнэджэр беларускай кампаніі: Функцыя МТЗ - абараняць нас ад рабочых з нажамі

40
Топ-мэнэджэр беларускай кампаніі: Функцыя МТЗ - абараняць нас ад рабочых з нажамі

Што будзе пагражаць беларускаму бізнэсу ў будучыні: нястача рабочых рук і галоў альбо лішак не ўяўляючай кадравай каштоўнасці «біямасы»?

Прадстаўнікі бізнэсу, запрошаныя на сустрэчу парталам Bel.biz, абмеркавалі трэнды, якія паўплываюць на беларускі бізнэс найбліжэйшыя 10 гадоў. Адным з такіх трэндаў экспэрты назвалі аўтаматызацыю фізічнай працы. Пры гэтым адзначылі, што для развітых краін гэты трэнд ужо учорашняга дня, у будучыні іх чакае аўтаматызацыя працы разумовай - укараненне «штучнага інтэлекту». У Беларусі ж інавацыі позняцца, таму самы час пагаварыць пра працэс замены працоўных рук машынамі і ягоныя наступствы для бізнэсу і грамадства, піша «Ежедневник».

Сацыяльная функцыя стратных заводаў

«Раней я быў схільны да такой думкі, што ў нас будзе дэмаграфічная праблема - нястача людзей. Цяпер я памяняў свой пункт гледжання цалкам, - прызнаўся дырэктар развіцця кампаніі Apply Logistic Дзмітрый Чарнаморац. - Адна з праблем эканомікі, якая нас чакае, - гэта лішак людзей. А менавіта, лішак біямасы. Мы бачым, з якой хуткасцю ідзе аўтаматызацыя вытворчых працэсаў і гандлёвых працэсаў. Напрыклад, усе кампаніі думаюць аб скарачэнні колькасці сэрвіснага персаналу ў рэтэйле».

Дзмітрый Чарнаморац упэўнены, што для кампаній поўная аўтаматызацыя развяжа кадравыя праблемы, аднак створыць новыя глабальныя выклікі. «Дзяржаве давядзецца ўтрымліваць гэтую залішнюю біямасу. МАЗ і Трактарны - іх галоўная задача - не грузавікі і трактары выпускаць. Яны з'яўляюцца гета - для таго каб гэтыя людзі потым не пабеглі з нажамі драпаць нашы «Поршы».

Аднак спакой уладальнікам аўтамабіляў Porsche дастанецца не за дарма - падаткі для бізнэсу падвысяць, каб фінансаваць утрыманне вызваленай «біямасы». Высокія падаткі, у сваю чаргу, могуць справакаваць сыход «мабільных» бізнэсаў з краіны.

Працаздольных беларусаў будзе неставаць

З прагнозам калегі не пагадзіўся Аляксандр Мудрык, дырэктар персанала кампаніі «Алютэх». «Калі можна, паважаная біямаса, - узяў слова экспэрт. - Дзмітрый сказаў вельмі катэгарычна. Я не пагаджуся, што ў нас у будучыні будзе залішні персанал».

Ён нагадаў аб праблеме перавышэння смяротнасці над нараджальнасцю ў нашай краіне, а таксама старэння нацыі. Паводле стандартах ААН, старэючая краіна тая, у якой больш за 7% насельніцтва - людзі старэйшыя за 65 гадоў. У Беларусі ж да 2025 года ў нас будзе 27% людзей старэйшыя за гэты ўзрост. Адпаведна, доля працаздольнага насельніцтва скароціцца - менавіта гэты фактар вызначыць праблемы з кадравымі рэсурсамі на бліжэйшыя 10 гадоў.

Абвострыць сітуацыю і міграцыя: бліжэйшыя 10 гадоў людзі з краіны будуць з'язджаць, прагназуе Аляксандр Мудрык. Пры гэтым на гастарбайтэраў Беларусі спадзявацца не варта.

«Абмежаванне нараджальнасці ў Кітаі сёння пачынае даволі моцна па ім біць, - адзначыў прадстаўнік «Алютэх». - Таму я не думаю, што кітайскія таварышы дапамогуць развязаць дэмаграфічныя праблемы ў Беларусі. Іх адтуль ужо не будуць адпускаць».

У сувязі з гэтым ён адзначыў, што бізнэсу сёння няма сэнсу выносіць вытворчасць у Кітай. «Я магу сказаць, куды варта пераводзіць свае бізнэсы. У першую чаргу гэта Індыя, Аўстралія, ЗША і Канада, - параіў спецыяліст. - Там дэмаграфічных праблем не будзе і там размяшчэнне вытворчасці хутчэй за ўсё будзе расці. Таму што туды хочуць ехаць, там класныя ўмовы для жыцця».

Межы на рынку працы руйнуюцца

У адказ на пярэчанні калегаў Дзмітрый Чарнаморац выказаў упэўненасць, што бізнэс знойдзе шляхі развязання кадравых праблем. Бо ў сучасным свеце фізічныя межы ўмоўныя, і ніхто не перашкаджае наймаць супрацоўнікаў дыстанцыйна.

«Жалеза становіцца таннейшае, асноўны дадатковы кошт - гэта праектаванне. Да прыкладу, у нашым бізнэсе сёння працуюць супрацоўнікі з Пакістана, Гішпаніі, Партугаліі. Яны дыстанцыйна частку праекта робяць і працуюць танней, чым беларусы», - сказаў прадстаўнік Apply Logistic.

Ён прывёў і іншы прыклад: «Калі хто-небудзь з вас будуе дом, займаецца аздабленнем кватэры і вы хочаце знайсці дызайнера, не звяртайцеся да беларусаў, звяртайцеся да гішпанца. Яны зробяць хутчэй, танней і прафесійней».

Дыпломы абясцэняцца

Экспэрты адзначылі, што ў сферы працоўных рэсурсаў акрамя колькаснай праблемы ёсць і якасная.

«Сістэма адукацыі ў Беларусі не перайначыцца за гэтыя 10 гадоў. І мы таксама будзем «кляпаць» спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Усе, «і жук, і жаба», ідуць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, - панаракаў Аляксандр Мудрык. - Таму ўжо праз 10 гадоў мы як працадаўцы не будзем звяртаць увагі на гэтыя «скарынкі», мы будзем звяртаць увагу на тыя кампетэнцыі, якія ёсць у спецыяліста, на прафесійныя веды, навыкі і ўменні. Калі мы гаворым пра маладога спецыяліста, мы будзем глядзець у прынцыпе на ягоны патэнцыял».

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках