26 красавiка 2024, Пятніца, 22:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія бізнэсоўцы ў Рызе: Трэба забыцца на палітыку і зарабляць грошы

12
Беларускія бізнэсоўцы ў Рызе: Трэба забыцца на палітыку і зарабляць грошы

Афіцыйны Менск працягвае спробы пазбавіць «Усходняе партнёрства» палітыкі і перавесці яго ў выключна эканамічны фармат.

«Усходняе партнёрства» - гэта не толькі палітыка, гэта і грошы. І чым больш адкрытую палітыку праводзіць краіна, тым больш яна можа зарабіць. Пра гэта гаварылі ўдзельнікі бізнэс-форуму ў рамках рыжскага саміту. Забыцца на палітыку і зарабляць грошы ў абыход яе прапаноўвалі беларускія бізнэсоўцы, паведамляе Белсат.

Бізнэс у абыход палітыкі - гэта адная з улюбёных мантраў афіцыйнага Менска. Аб патрэбе падпарадкаваць эканоміцы і «Усходняе партнёрства» зусім нядаўна на сустрэчы з еўракамісарам Яханэсам Ханам казаў і аўтар гэтай мантры - Аляксандр Лукашэнка.

На практыцы гэта азначае: мы не спыняем рэпрэсіі супраць дысідэнтаў, трымаем у турмах палітвязняў, не прымаем прапаноў дэмакратызацыі, а вы, Еўропа, гандлюеце з намі без умоваў і прэтэнзій. Але нават калі на хвіліну ўявіць, што Еўропа заплюшчвае вочы на аўтарытарную палітыку кіраўніцтва Беларусі, то бар'ераў для нармальных бізнэс-кантактаў і гэтак процьма. Гэта бюракратыя і недасканаласць заканадаўства. Бяда ў тым, што гэтага не бачаць самі беларускія прадпрымальнікі, якія ўзялі ўдзел у бізнэс-форуме.

«Такіх крытычных рэчаў няма. Мы прыбралі бар'еры на мяжы, мы прыбралі пытанні афармлення транспартных плыняў. Таму я б сказаў, што няма нічога, што трэба рэвалюцыйна змяніць. Трэба працаваць, а калі з'яўляюцца нейкія перашкоды, іх трэба ліквідаваць», - кажа гендырэктар Рэспубліканскага звязу наймальнікаў Сяргей Жарнікаў.

Але складана пазбаўляцца перашкод, калі ты іх не заўважаеш альбо свядома ігнаруеш. У Беларусі да сёння няма базавага гандлёвага пагаднення з Еўразвязам.

«Дагэтуль паміж Беларуссю і ЕЗ дачыненні рэгулююцца ранейшым савецкім, 1989, пагадненнем аб гандлі. Гэта ўвогуле выглядае нонсэнсам», - адзначае аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Елісееў.

Усе астатнія краіны «Усходняга партнёрства» маюць мінімум базавае пагадненне аб супрацоўніцтве. Грузія, Малдова ды Украіна ўжо ўніфікуюць свае законы з еўрапейскімі і знішчаюць апошнія бар'еры ў бізнэс-кантактах з Еўропай і, зразумела, зарабляюць на гэтым.

Пры тым, што сярод усіх краін «Усходняга партнёрства» у Беларусі самая нізкая эфектыўнасць асваення дапамогі ЕЗ, у 2006-2012 гадах наша краіна атрымала ад Еўразвязу цэлых $755 млн! Да 2020 года на сацыяльныя, экалагічныя ды іншыя праекты Менск атрымае чарговыя сотні мільёнаў. І гэтая сума магла б быць значна большай. Для гэтага трэба паменшыць колькасць органаў узгаднення, антызаходнія настроі чыноўнікаў і велізарную бюракратыю. Але гэта, бадай, не стасуецца з планамі афіцыйнага Менска, бо ўсё гэта і ёсць самая сапраўдная палітыка.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках