3 траўня 2024, Пятніца, 8:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міністр замежных спраў Чэхіі выклікаў расейскага пасла для тлумачэнняў

5
Міністр замежных спраў Чэхіі выклікаў расейскага пасла для тлумачэнняў

Ноту пратэсту апублікавала таксама МЗС Славаччыны. Нагодай паслужыла спроба апраўдання расейскімі прапагандыстамі агрэсіі супраць Чэхаславаччыны ў 1968 годзе.

Міністр замежных спраў Чэхіі Любамір Зааралек выклікаў пасла Расеі Сяргея Кісялёва для размовы аб з'яўленні імёнаў чатырох чэшскіх палітыкаў у так званым «чорным спісе» Крамля, а таксама аб трансляцыі фільма «Варшаўская дамова» ў эфіры тэлеканала «Расія-1», паведамляе «Радыё Свабода».

Дакументальны фільм «Варшаўская дамова» быў паказаны па расейскай тэлевізіі ў канцы траўня. У ім ставіцца пад сумнеў, што ўвод савецкіх войскаў у Вугоршчыну ў 1956 годзе і войскаў краін Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе быў агрэсіяй.

Прынамсі, у фільме робіцца акцэнт на непрыязныя рэакцыі жыхароў Прагі на ўвод войскаў краін Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну.

Выкарыстоўваюцца кадры з дакументальных фільмаў, знятых у савецкі час, у якіх негатыўная рэакцыя жыхароў Прагі на падзеі 1968 характарызуецца як выпад у адрас нядаўніх вызваліцеляў. Чэхаславацкіх апазіцыянераў, якія рэзка асудзілі акупацыю краіны, называюць раней судзімымі, фашыстамі, эсэсаўцамі, памочнікамі Гітлера, баевікамі-наймітамі.

Аўтары фільма сцвярджаюць, што дзеянні Варшаўскай дамовы не падтрымлівалі толькі ў Празе, а на ўскраінах сталіцы Чэхаславаччыны і ў сельскай мясцовасці насельніцтва нібыта не крытыкавала ўвод войскаў.

Дзеянні краін Варшаўскай дамовы ў фільме апраўдваюцца падрыхтоўкай уварвання ў Чэхаславаччыну войскаў NATO, а таксама ўзброеным пераваротам, які нібыта планаваўся ў Празе. На карысць гэтых тэзісаў прыводзяцца ў тым ліку кадры прапагандысцкага савецкага фільма «Адпор ворагам сацыялізму».

«У гэтым фільме ёсць ідэалагічныя клішэ, ілжывыя тэзісы і скажоныя факты. Міністр замежных спраў Чэхіі задае пытанне, чаму праз столькі гадоў, цягам якіх за гэтую акупацыю папрасілі прабачэння не толькі прадстаўнікі Савецкага Саюза, але і ўлады сучаснай Расеі, стала магчымым з'яўленне такога дакументальнага фільма на расейскай дзяржаўнай тэлевізіі», - заявіла Міхаэла Лагранёва, чыноўніца Міністэрства замежных спраў Чэхіі.

Фільм асудзілі і іншыя чэшскія палітыкі.

Акрамя Чэхіі ноту пратэсту ў сувязі са з'яўленнем на расейскай тэлевізіі «Варшаўскай дамовы» распаўсюдзіла таксама Міністэрства замежных спраў Славаччыны.

«Паказ дакументальнага фільма, які імкнецца перапісаць гісторыю і фальсіфікаваць факты пра змрочную старонку нашага мінулага, наносіць шкоду расейска-славацкім адносінам, якія дэкларуюцца як добрыя, - гаворыцца ў дакуменце. - Мы настойваем на павазе да праўды пра падзеі 1968 году, якія для Чэхаславаччыны і яе жыхароў азначалі вялікую і шматгадовую трагедыю».

Міхаэла Лагранёва таксама распавяла, што размова кіраўніка МЗС Чэхіі з паслом Расеі была неабходная яшчэ таму, што міністэрства не атрымала тлумачэнняў прычын унясення чэшскіх палітыкаў у «чорны спіс», а таксама не было азнаёмленае з працэдурай абскарджання персанальных санкцыяў.

Былы міністр замежных спраў і кіраўнік партыі «Топ-09» Карл Шварцэнберг, ягоны намеснік Марэк Жэнішэк, дэпутаты Еўрапарламента Ярамір Шчэціна і Штэфан Фюле ўключаныя Масквой у спіс непажаданых персон. Усяго ў «чорным спісе» 89 палітыкаў і грамадскіх дзеячаў з краін Еўразвязу.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках