6 траўня 2024, панядзелак, 15:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Няскораны Марыніч» - кніга пра былога міністра і палітвязня

5

У Менску сёння пройдзе прэзентацыя кнігі Аляксандра Тамковіча «Няскораны Марыніч. Гісторыя ў фота».

Прэзентацыя адбудзецца ў менскім бізнес-цэнтры «Imaguru» па вуліцы Фабрыцыуса, 4, паведамляе «Радыё Свабода». Гэта 17-я кніга Аляксандра Тамковіча пра дзеячаў беларускай палітыкі, культуры і грамадства.

Кнігу меркавалі апублікаваць да 75-годдзя Міхаіла Марыніча. Але ён не дажыў да гэтай даты. 75 гадоў Марынічу споўнілася б 13 студзеня 2015. Да юбілею ён не дажыў 3 месяцы - памёр 17 кастрычніка 2014-га.

«Працаваць над кнігай я пачаў крыху менш, чым год таму. У той час Міхаіл быў вельмі хворы пасля другога інсульту, амаль не размаўляў, таму хацелася нешта добрае для яго зрабіць. Увесь жнівень я ездзіў да Марыніча на лецішча. Першапачаткова кніжка задумвалася як гутаркі з Марынічам. Натуральна, іх было вельмі шмат. Але я наважыў зрабіць такі фармат: 5 размоў з Марынічам. Амаль усё было гатова, я нават дамаўляўся з ім, каб паказаць рукапіс, але не паспеў... А чаму я наважыў напісаць пра яго не эсэ, не нарыс, а кнігу? Па-першае, мне многія казалі, што гэта быў незвычайны чалавек, вельмі сумленны, шчыры, прыстойны. Ну, і па-другое, падштурхнула ягоная хвароба, з якой ён мужна змагаўся да апошняга. Я сам прайшоў такое ж выпрабаванне, таму я, як ніхто іншы, разумею і спачуваю. На жаль, трэба спяшацца ў жыцці», - распавёў Аляксандр Тамковіч.

У кнізе больш за 120 фатаграфій.

«Яшчэ адна прычына, чаму я раблю такія біяграфічныя кніжкі, - у сённяшняй гістарыяграфіі існуе страшная цэнзура, і я вельмі баюся, што пройдзе 15-20 гадоў, людзі ўжо не будуць памятаць, што і як там было, хто змагаўся і на чыім баку. Каб не распаўсюджваліся міфы, створаныя прапагандай, я выбраў дакументальны жанр», - растлумачыў Тамковіч.

Міхаіл Марыніч працаваў старшынём Менскага гарвыканкама, паслом Беларусі ў Чэхіі, Славакіі і Венгрыі, міністрам замежных эканамічных сувязяў, амбасадарам у Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання. Марыніч прэтэндаваў на ўдзел у выбарах прэзідэнта Беларусі 2001 года, зарэгістраваў ініцыятыўную групу, аднак не змог сабраць 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты. У 2004 годзе Марыніч быў арыштаваны КДБ, а пазней асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі за нібыта крадзеж аргтэхнікі ў амбасадзе ЗША. У 2006 годзе міжнародная арганізацыя «Amnesty International» прызнала Марыніча вязнем сумлення. У кастрычніку 2010 года Камітэт ААН правоў чалавека прызнаў, што ў дачыненні да Міхаіла Марыніча ўжываліся катаванні, а крымінальная справа ў дачыненні да яго была палітычнай расправай.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках