27 красавiка 2024, Субота, 22:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

80% беларусаў баяцца новай дэвальвацыі

12
80% беларусаў баяцца новай дэвальвацыі

Семдзесят два адсоткі беларусаў мяркуюць, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе.

Пра гэта сведчаць вынікі нацыянальнага апытання, праведзенага ў чэрвені Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Літва). Як паведамляе НІСЭПД, было апытана 1513 чалавек, памылка рэпрэзентатыўнасці не перавысіла 3%, піша БелаПАН.

Не згодныя з меркаваннем большасці блізу 17% (у сакавіку было 67,5% супраць 20%). Такім чынам, адзначаюць сацыёлагі, «трывога за будучыню не праходзіць». Калі ў чэрвені 2014 паляпшэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне цягам найбліжэйшых гадоў чакалі 28,6% і столькі ж чакалі пагаршэння, то сёння лік аптымістаў знізіўся да 21,7%, а песімістаў - павысіўся да 36,5%.

«Напрыклад, нягледзячы на запэўніванні ўладаў, звыш 80% беларусаў па-ранейшаму асцерагаюцца новай дэвальвацыі беларускага рубля ў найбліжэйшыя месяцы (у верасні 2013 года было 72%), 34,1% уважаюць гэта за рэальную пагрозу, а 46,5% - магчымую», - адзначаюць у НІСЭПД. На думку 34,6% апытаных, «агулам становішча рэчаў у краіне развіваецца ў правільным кірунку», а 49,4% - у няправільным (у сакавіку было 36,9% супраць 45,8%).

«Мяняюцца прыярытэты эканамічных трывог: хоць на першым месцы застаецца рост коштаў - 76,9%, грамадзян усё больш хвалюе беспрацоўе - 55,8%, спад вытворчасці - 55,8% і збядненне насельніцтва - 49,3% (у сакавіку было 84,1; 47,2; 50,3 і 46,8% адпаведна)», - гаворыцца ў паведамленні.

«Агулам эканамічнае самаадчуванне беларусаў застаецца няўстойлівым, хоць і назіраецца некаторая стабілізацыя. Так, колькасць тых, чыё матэрыяльнае становішча пагоршылася, знізілася з 46,3% у сакавіку да 37,2% у чэрвені, а тых, у каго яно палепшылася, засталося на ранейшым узроўні - блізу 9% («не змянілася» - было 44%, стала 51,3%). Сярэдні памер даходаў (уключаючы заробкі, пенсіі, дапамогі і іншыя даплаты), які прыходзіўся на аднаго чальца сям'і ў мінулым месяцы, павысіўся з 211 даляраў у сакавіку да 240 даляраў у чэрвені, хоць да снежаньскага ўзроўню ў 285 даляраў яшчэ не падняўся», - адзначаюць сацыёлагі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках