21 траўня 2024, aўторак, 13:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

П'яныя «казакі» з Расеі збілі пінскага студэнта

54
П'яныя «казакі» з Расеі збілі пінскага студэнта

Трох удзельнікаў коннага паходу Масква-Бэрлін затрымала беларуская міліцыя.

Два дні расейцы правялі ў ізалятары часовага ўтрымання Пінскага ГАУС у статусе падазраваных, а на трэці, 10 ліпеня, Пінскі міжраённы аддзел Следчага камітэта выставіў усім тром афіцыйнае абвінавачванне ў злосным хуліганстве (ч.2 арт.339 КК РБ), піша «Вечерний Брест».

Пінская міжраённая пракуратура санкцыянавала іхні арышт тэрмінам на два месяцы на перыяд папярэдняга расследавання.

«Трое грамадзян Расеі, адзін з іх непаўналетні, уночы з аўторка на сераду, быўшы ў нецвярозым стане, збілі маладога чалавека, які жыве ў інтэрнаце Пінскага аграрна-тэхналагічнага каледжа ў вёсцы Галева, пашкодзілі лядоўню, уваходныя дзверы, разбілі шкляную вазу», - распавёў намеснік Пінскага міжраённага пракурора Сяргей Гарошка.

Паводле ягоных слоў, мясцовыя ўлады далі ўдзельнікам коннага паходу для пражывання цэлы паверх у інтэрнаце вышэйназванага каледжа. Пацярпелы жыве на іншым паверсе. Прыхадні прыйшлі да яго ў пакой і збілі. Падставай для канфлікту нібыта паслужыла ягонае сяброўства з дзяўчынай, з якой у дзень свайго засялення ў інтэрнат пазнаёміліся і расейцы. Іх, як на грэх, пасля паказальных выступаў джыгітоўкі ладна пачаставалі трункамі на прыродзе землякі-жыхары Пінска.

Вынесеная ў дачыненні да затрыманых мера стрымання ў выглядзе арышту строгая, але ў гэтай сітуацыі выбар у следства невялікі, аргументуе Сяргей Гарошка пазіцыю пракуратуры. У 17-гадовага расейца няма ў Пінску сваякоў, на апеку якіх можна было б пакінуць яго на перыяд папярэдняга расследавання крымінальнай справы. Што да ягоных старэйшых таварышаў, вызваленне якіх з-пад варты тэарэтычна магчымае пры ўнясенні грашовага закладу і пісьмовага абавязання з'яўляцца да следчага на допыт на першае патрабаванне, то такое хадайніцтва ні імі, ні іх адвакатамі на момант вынясення пастановы аб арышце не заяўлялася.

Частка 2 артыкула 339 КК РБ прадугледжвае пакаранне ў выглядзе арышту, абмежавання альбо пазбаўлення волі. Ступень віны і меру адказнасці вызначае суд. Зрэшты, развязка гэтай гісторыі можа быць іншая. Закон прадугледжвае вызваленне ад крымінальнай адказнасці за менш цяжкае злачынства пры поўным прызнанні віны і кампенсацыі прычыненай шкоды. Што да другой абавязковай умовы, то кіраўніцтва паходу цяпер акурат і займаецца яго выкананнем.

Арганізатары выправы і яе ўдзельнікі асудзілі правіну сваіх арыштаваных таварышаў. Абвінавачаная ў злосным хуліганстве тройца завочна ўжо пазбаўленая ўсіх узнагарод, атрыманых у часе экспедыцыі, якая доўжылася 40 дзён. Выправа для іх закончыцца ў Пінску. Іхнія калегі ладзяцца яшчэ пабываць у Берасці і Берасцейскай цытадэлі, пасля чаго аўтобусам пераехаць беларуска-польскую мяжу і адправіцца ў канчатковы пункт прызначэння - сталіцу Нямеччыны Бэрлін.

Нагадаем, конны паход стартаваў 30 траўня ў сталіцы Расеі. У прэс-службе Міністэрства культуры Маскоўскай вобласці распавялі, што казацкія дружыны мерацца паўтарыць маршрут расейскіх кавалерыстаў у гады Другой сусветнай вайны.

Планавалася, што паход пройдзе праз Беларусь і Польшчу і закончыцца ў Бэрліне 12 жніўня.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках