21 траўня 2024, aўторак, 20:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Збіты «казакамі» студэнт з Пінска: Яны прыйшлі п'янымі і ўтрох мяне білі

17
Збіты «казакамі» студэнт з Пінска: Яны прыйшлі п'янымі і ўтрох мяне білі

Студэнт Пінскага аграрнага тэхналагічнага каледжа, якога збілі ўдзельнікі коннага паходу Масква-Бэрлін, цяпер знаходзіцца дома ў Ганцавічах.

Дзмітрый Гардзей прызнаецца, што ніякіх моцных пабояў у яго няма, «сур'ёзнага нічога і не было, і ўжо ўсё амаль прайшло, хіба толькі сківіца крыху баліць». Хлопец не вельмі хоча распавядаць падрабязнасці сутычкі ў інтэрнаце каледжа. Вядома толькі, што п'яныя расейцы чапляліся да ягонай дзяўчыны, а Дзмітрый заступіўся, піша «Наша нiва».

«Яны прыйшлі п'яныя разбірацца са мной наконт дзяўчыны, і ўтрох мяне збілі, - дадае хлопец. - Наогул, іх было чацвёра і адзін з іх у выніку расцягнуў бойку. Ніякай міліцыі там не было».

Падчас бойкі расейцы пашкодзілі лядоўню, уваходныя дзверы і разбілі шкляную вазу ў пакоі пацярпелага. Дзмітрый пацвярджае, што прычынай бойкі стала ягоная дзяўчына Вераніка, якая таксама вучыцца ў каледжы і жыве ў інтэрнаце. Са слоў хлопца, п'яныя казакі чапляліся да дзяўчыны, а Дзмітрый за яе заступіўся.

Сама Вераніка прызналася, што «падпісала ў следчых абавязанне аб невыдаванні» і не мае права нешта распавядаць.

Беларуская міліцыя затрымала траіх удзельнікаў бойкі. Два дні расейцы правялі ў ізалятары часовага ўтрымання Пінскага ГАУС у статусе падазраваных, а на трэці (10 ліпеня) ім усім выстаўленае афіцыйнае абвінавачванне ў злосным хуліганстве. Пінская міжраённая пракуратура санкцыянавала іх арышт тэрмінам на два месяцы на перыяд папярэдняга расследавання.

Са слоў пракурора Берасцейскай вобласці Івана Наскевіча, у выраку праваахоўнікаў не трэба шукаць палітычнага кантэксту. Маўляў, закон для ўсіх аднолькавы:

«Нашы сябры-расейцы павялі сябе неадэкватна. Самае крыўднае ў гэтай сітуацыі тое, што мы заўсёды адэкватна на кожны факт правапарушэння глядзім: калі б яны першапачаткова папрасілі прабачэння, зрабілі захады для кампенсацыі прычыненай шкоды, то і мы зрабілі б па-братэрску. Але, на жаль, такіх крокаў зроблена не было».

Нагадаем, пінскія ўлады ўрачыста, з хлебам-соллю, ускладаннем вянкоў і паказальнымі выступамі сустрэлі ўдзельнікаў коннага паходу Масква - Бэрлін. Казакам бясплатна выдзелілі для пражывання цэлы паверх у інтэрнаце Пінскага аграрнага тэхналагічнага каледжа. Супрацоўнікі навучальнай установы распавялі, што займаўся ўсім аддзел ідэалогіі гарвыканкама, а дакладней, загадчык сектара ідэалагічнай работы і спраў моладзі Юрый Бушык. Праўда, спадар Бушык робіць выгляд, што наогул ніякага дачынення да сустрэчы гасцей з Расеі не мае.

«Гэта не інтэрнат гарвыканкама, таму мы не маглі туды нікога засяліць, - адразае чыноўнік і, не даючы ўставіць слова, «уцякае». - Але я ўстрымаюся ад каментароў, усяго найлепшага, да пабачэння!»

Цікава, што начальніца аддзела ідэалогіі таксама нічога не ведае, бо была ў адпачынку і толькі надоечы вярнулася. Ідэолаг самога каледжа Святлана Пракаповіч, якая дзяжурыла ў гэтую ноч у інтэрнаце і была сведкай бойкі, адмаўляецца размаўляць. Маўляў, без дазволу дырэктара нельга. Дырэктар жа пасля секунднай паўзы кажа, што знаходзіцца ў адпачынку і перанакіроўвае журналістаў у гарвыканкам. Пагадзіцеся, не зусім звычайная таямнічасць для такой простай справы, як хуліганства!

Дарэчы, паход казакоў прадоўжыўся не толькі без затрыманых удзельнікаў, але і без... коней. Берасце стала канчатковым пунктам маршруту коннага паходу ў тым варыянце, у якім ён быў задуманы. Прайшоўшы ў конным шыхце ад Масквы да Берасця 1400 км, далей экспедыцыя адправіцца ў скарочаным складзе, а менавіта - без жывёлін. Са слоў арганізатараў, ім давялося адмовіцца ад першапачатковага фармату праз патрабаванні польскага ветэрынарнага нагляду.

Паводле папярэдняй інфармацыі, уночы 16 ліпеня ўдзельнікі паходу перасеклі на аўтобусе беларуска-польскую мяжу.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках