26 красавiка 2024, Пятніца, 20:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Washington Post: Ядзерныя пагрозы Пуціна сталі пройгрышнай стратэгіяй

3
Washington Post: Ядзерныя пагрозы Пуціна сталі пройгрышнай стратэгіяй

Расейскі прэзідэнт нагадвае пра ядзерны арсенал, бо ягонае войска і эканоміка занадта слабыя, каб кінуць выклік ЕЗ і ЗША.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін спрабуе развязаць геапалітычную галаваломку, у якой з аднаго боку ён хоча аднавіць статус звышдзяржавы, а з другога боку сучасная расейская дзяржава слабейшая ў эканамічнай і вайсковай сферы ў параўнанні з СССР.

Пра гэта на старонках Washington Post піша прафесар міжнароднай палітыкі юрыдычнай школы Флетчара ва Універсітэце Тафта Даніэл Дрэзнер, паведамляе ZN.ua.

"Пуцін хоча стварыць вобраз палітычнага гульца, які пільнуецца "стратэгіі вечнай кары" ў дачыненні да хаўруснікаў і супраціўнікаў, каб прымусіць іх ісці на кампрамісы", - гаворыцца ў артыкуле.

Аглядальнік піша, што з пэўнага пункту гледжання Пуцін паўтарае такім чынам паводзіны NATO ў часы Халоднай вайны. У тыя часы Захад разумеў, што яго неядзерны арсенал значна слабейшы, чым у краін Варшаўскай дамовы. Таму Альянс адмовіўся ад дактрыны "не выкарыстання першымі ядзернай зброі", каб стрымліваць вайсковую перавагу СССР і яго хаўруснікаў.

Але такая стратэгія не дапаможа Пуціну, бо ягоная пазіцыя ў шмат якіх пытаннях сёння слабейшая, чым 5 гадоў таму. Цяпер яму даводзіцца мець справу са слабай эканомікай, варожай Украінай, нацэленай абараняцца і забіваць больш расейскіх наймітаў і вайскоўцаў на Данбасе, а яшчэ і NATO ўзмацняе свае пазіцыі ва Усходняй Еўропе.

Прэзідэнт Расеі адрэагаваў на ўсе гэтыя абставіны вельмі непераканаўча. Ягоным самым рашучым крокам стаў разварот Расеі да Кітая. Але Пекін толькі з радасцю скарыстаецца гэтай сітуацыяй для атрымання камерцыйных выгод і не больш.

Акрамя таго, усе спробы Крамля з дапамогай прапаганды прымусіць еўрапейцаў палюбіць Расею не спрацавалі. Затое лідары ЕЗ могуць стаць больш рашучымі, калі адбудзецца эскалацыя крызісу. Еўразвяз дагэтуль больш магутная сіла на кантыненце, чым Расея. Адзінае, да чаго прывяла палітыка Пуціна - гэта ўмацаванне яе пазіцый на ўнутраным фронце.

Аднак, крах стратэгіі расейскага прэзідэнта - гэта таксама праблема. Цягам мінулага года ён прадэманстраваў, што звяртаецца да эскалацыі кожны раз, калі трапляе ў дрэнную сітуацыю. Але калі сітуацыя на карысць Расеі, Пуцін таксама можа паспрабаваць праверыць NATO на рашучасць. Таму для абодвух бакоў здаецца, што замарожаны канфлікт ва Украіне можа ўстанавіць пэўную стабільнасць і спакой у стасунках. Але наўрад ці гэта праўда.

Такім чынам, па-першае стратэгія ядзерных пагроз Пуціна не спрацуе. Таму яму спатрэбіцца новая эскалацыя. А па-другое, Крэмль думае, што ён аточаны варожым Захадам. Страшна ўявіць, што могуць пастанавіць расейскія палітыкі, калі на змену прэзідэнту ЗША Бараку Абаму прыйдзе хтосьці больш рашучы.

Раней эксперты перасцерагалі, што ЗША і Расея знаходзяцца на парозе гонкі ядзерных узбраенняў. Уільям Пэры і Дэзманд Браўн, былыя міністры абароны ЗША і Вялікабрытаніі, заяўляюць, што Вашынгтон і Масква парушаюць міжнародныя правілы, якія былі распрацаваныя з мэтай скараціць рызыку ўзнікнення канфліктаў.

У гэты ж час, NATO рыхтуецца перагледзець сваю стратэгію ў сферы ядзернай зброі на фоне супярэчнасцяў з Расеяй з нагоды ваенных дзеянняў ва Украіне.

Раней у NATO паабяцалі адказаць на ядзерную актыўнасць Расеі. Пры гэтым Столтэнбэрг заявіў, што планы прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна перадаць войску 40 новых ракет з ядзернымі боегалоўкамі - гэта не што іншае, як неабгрунтаванае і небяспечнае "бразганне" ядзернай зброяй.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках