29 красавiка 2024, панядзелак, 12:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шклозавод «Нёман» пераходзіць на трохдзёнку

19
Шклозавод «Нёман» пераходзіць на трохдзёнку

Многія работнікі аднаго з найбуйнейшых вытворцаў посуду са шкла і крышталю ў СНД атрымліваюць заробак 2,5 мільёна рублёў, і будуць атрымліваць яшчэ менш.

У рэдакцыю «Салідарнасці» звярнуліся працаўнікі завода ААТ «Шклозавод «Нёман» (горад Бярозаўка Лідскага раёна).

- Інжынерна-тэхнічных работнікаў і падсобных рабочых з ліпеня перавялі на трохдзёнку. Да гэтага ў нас была то пяцідзёнка, то чатырохдзёнка. Людзі атрымліваюць па 2,5 мільёна рублёў. Выходзіць, цяпер заробак яшчэ паменшыцца?! Працаўнікі не ведаюць, як далей жыць! Іншай працы ў Бярозаўцы не знайсці. Тым, хто сыходзіць у адпачынак, не выплачваюць нават адпускныя - абяцаюць разлічыцца пасля вяртання на працу.

Самае цікавае, што на трохдзёнку пераводзяць тых, у каго на прадпрыемстве самы маленькі заробак. Нікога з начальства перамены не закранулі, - паведамілі абураныя працаўнікі.

Работнікі мяркуюць, што нядаўна з помпай запушчаная вытворчасць шклаваты (цеплаізаляцыйнага матэрыялу) прадпрыемству не дапамагло, а зусім наадварот.

- Усе грошы ідуць у новы цэх, дзе вырабляюць шклавату. Але яе ніхто не купляе, яна адпраўляецца на склад! Атрымліваецца, што цяпер і шклавата ў страце, і вытворчасць посуду ў страце. Зрабілі толькі горш. Пад вытворчасць шклаваты ўзяты крэдыт - і як мы будзем за яго расплачвацца? Такое ўражанне, што начальству гэта да лямпачкі. Чыноўнікі, якія прыязджаюць, кажуць, што ў нас усё добра. Так што, аказваецца, мы жывем і квітнеем! - распавялі работнікі шклозавода «Нёман».

Журналісты звярнуліся па каментар паводле заяваў працоўных да намесніцы дырэктара ААТ «Шклозавод «Нёман» у ідэалагічнай працы, сацыяльных пытаннях і кадрах Валянціны Набагез.

- На трохдзёнку мы пераводзім зусім няшмат людзей - блізу 70 чалавек (усяго на прадпрыемстве працуе амаль 1900). Гэта звязана з памяншэннем аб'ёму адгрузак. Улетку асноўная вытворчасць у нас сыходзіць у адпачынак. Цэхі па выпрацоўцы шклавырабаў адпраўляюцца адпачываць па чарзе. Таму, натуральна, падаюць адгрузкі, - паведаміла яна.

Пры гэтым намесніца дырэктара дала зразумець, што заробкі ў работнікаў, якіх перавядуць на трохдзёнку, паменшацца. З меркаваннем, што на шклавату, якую нядаўна сталі выпускаць на прадпрыемстве, няма пакупнікоў, яна катэгарычна не пагадзілася.

- У гэты момант мы грузім 20 вагонаў у Валгаград. Сядзяць пакупнікі з Азербайджана, таксама падпісваюць дамову. Вы зразумейце, перад тым, як запусціць новую вытворчасць, вялася планамерная і мэтанакіраваная праца пошуку пакупнікоў. І яны ёсць. Я мяркую, што ўсё нармальна, праца вядзецца. Але і склад павінен быць. Каб, калі заўтра звернецца пакупнік, мы не казалі яму «станьце ў чаргу» або «пачакайце месяц». У разумных межах складскія запасы павінны быць, - сказала Валянціна Набагез.

Цэх вырабу шкловалакна запусцілі на шклозаводзе «Нёман» у тэставым рэжыме ў красавіку. Тады ж дырэктар прадпрыемства Ігар Бацян паведаміў, што прадпрыемства мае поўны пакет заказаў на шклавату і прадукцыю з яе на гэты год, а кіраўнік Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў выказаў надзею, што завод здолее ў 2015 годзе выйсці на прыбытковую працу не толькі па шклаваце, але і асноўнай вытворчасці. Савет Міністраў падтрымаў прадпрыемства, пастанавіўшы кампенсаваць да канца года ў межах сродкаў рэспубліканскага бюджэту адсоткі за карыстанне банкаўскім крэдытам, якія выплачваюцца ААТ «Шклозавод «Нёман».

У траўні ў Камітэце дзяржкантролю паведамілі, што на шклозаводзе «Нёман» хавалі паўгадавы запас прадукцыі: запасы дасягнулі Br109,1 млрд, або 658,2% да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці. З паведамлення БелТА, замест ужывання дадатковых захадаў для разгрузкі складоў ААТ спрабавала схаваць рэальную сітуацыю: у незавершанай вытворчасці шклозавода як паўфабрыкаты знаходзілася гатовая прадукцыя, спакаваная ў кардонную тару з адзнакай АТК і штампам даты вырабу, на суму Br4,5 млрд. Пратэрмінаваная запазычанасць ААТ за спажыванне паліўна-энэргетычных рэсурсаў склала 132,1 млрд.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках