29 красавiка 2024, панядзелак, 2:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Роберт Тышкевіч: Улады Беларусі павінны спыніць рэпрэсіі супраць свайго народа

7
Роберт Тышкевіч: Улады Беларусі павінны спыніць рэпрэсіі супраць свайго народа
Робэрт Тышкевіч
ФОТА: CHARTER97.ORG

Сёння ў польскім Сэйме прайшла выстава «Прадстаўнікі беларускай меншасці ў парламенце Другой Рэчы Паспалітай».

Арганізатарамі выставы выступілі кіраўнік камісіі замежных спраў польскага Сэйма Роберт Тышкевіч і «Беларускі дом у Варшаве». Канцэпцыя і матэрыялы выставы былі распрацаваныя на падставе навуковых даследаванняў спецыялісткі ў гісторыі беларускай меншасці ў Польшчы Сільвіі Тафілюк.

На адкрыцці прысутнічалі дэпутаты польскага Сэйма, польскія і беларускія палітыкі і грамадскія дзеячы, у тым ліку маршалак Сэната Богдан Барусевіч, кіраўнік камісіі Сэйма замежных спраў Роберт Тышкевіч, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі 2010 года Андрэй Саннікаў , кіраўнікі Беларускага дома ў Варшаве Уладзімір Кобец і Алесь Зарэмбюк, намеснік кіраўніка польскага фонду «Свабода і дэмакратыя», былы першы сакратар польскай амбасады ў Менску Марэк Буцька, даследчыца гісторыі беларускай меншасці ў Польшчы Сільвія Тафілюк.

Ва ўступным слове Робэрт Тышкевіч падкрэсліў гістарычную значнасць і сённяшнюю актуальнасць мерапрыемствы.

«Гэта вельмі сімвалічная выстава, і вельмі паказальна, што яна праходзіць у польскім Сэйме. Не менш паказальна, што адным з яе арганізатараў з'яўляецца «Беларускі дом у Варшаве», які аб'ядноўвае прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі тут, у Польшчы.

Карыстаючыся выпадкам, хачу падкрэсліць, што ў міжваеннае дваццацігоддзе, калі Беларусь была пазбаўленая сваёй дзяржаўнасці, прадстаўнікі беларускай меншасці ў Польшчы, у асобе сваіх парламентарыяў у Сэйме, выпрацавалі асновы сучасных палітычных рухаў Беларусі.

Беларуская дэпутацкая група, умоўна званая «малым парламентам», мела як сваё левае крыло - «Грамаду», так і правае - Беларускую хрысціянскую дэмакратыю. Гэтыя два палітычныя напрамкі, якія займаюць важнае месца і ў сучаснай партыйнай сістэме Беларусі, былі сфармаваныя менавіта прадстаўнікамі беларускага насельніцтва Другой Рэчы Паспалітай у Сэйме і Сэнаце.

Таму варта памятаць, што гісторыя польскага парламента з'яўляецца часткай палітычнай гісторыі Беларусі. І нас аб'ядноўвае не толькі геаграфічнае суседства, але і агульны досвед парламентарызму і палітычнай дзейнасці.

Хачу таксама выказаць пажаданне, каб сучасны беларускі парламент нарэшце стаў па-сапраўднаму абіраным на свабодных дэмакратычных выбарах. Каб палітычныя партыі, асновы якіх былі закладзеныя беларускай меншасцю ў міжваеннай Польшчы, прысутнічалі ў ім і змаглі сапраўды вызначыць лёс незалежнай беларускай дзяржавы. Зычу гэтага ўсім, хто змагаецца за свабодную і дэмакратычную Беларусь», - сказаў Робэрт Тышкевіч.

Робэрт Тышкевіч, Алесь Зарэмбюк і Сільвія Тафілюк. ФОТА: CHARTER97.ORG

Сустаршыня «Беларускага дома ў Варшаве» Алесь Зарэмбюк распавёў аб гісторыі ўзнікнення выставы і выказаў надзею, што такое мерапрыемства з часам атрымаецца арганізаваць і ў свабоднай, дэмакратычнай Беларусі.

«Хацелася б крыху сказаць пра тое, як узнікла ідэя такой выставы. Амаль год таму мы размаўлялі з пані Сільвіяй Тафілюк, якая родам з польска-беларускага памежжа, з Сямятычаў, займаецца гісторыяй беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Мы прыйшлі да высновы, што ў палітычнай гісторыі 20 стагоддзя ёсць цікавыя постаці, агульныя для нашых народаў.

І вось прайшло менш за год - і мы рады прэзентаваць грамадскасці гэтую выставу, з якой можна даведацца, што беларусы ў 20-я гады мінулага стагоддзя бралі чынны ўдзел у палітычным жыцці Польшчы. І дзякуючы дэмакратыі, якая была ў міжваеннай Польшчы, беларускія палітыкі здолелі атрымаць вельмі каштоўны досвед парламенцкай, дэмакратычнай дзейнасці.

Многія беларусы, як у нашай дзяржаве, так і ў Польшчы, пакуль мала ведаюць пра гэта неацэнены досвед беларускай дэмакратыі, што толькі зараджалася, атрыманы яшчэ ў 20-я гады мінулага стагоддзя. Выстава знаёміць з асобамі беларускіх дэпутатаў і сэнатараў, абраных беларускім народам у прадстаўнічыя органы ўлады Другой Рэчы Паспалітай.

На жаль, мы цяпер не можам адказаць узаемнасцю польскай меншасці ў Беларусі, якая таксама немаленькая, але ніяк не прадстаўленая ў беларускай «палаце прадстаўнікоў». Але я думаю, трэба яшчэ крыху пачакаць, і мы таксама зможам правесці ў Беларусі выставу, прысвечаную прадстаўнікам польскага народа ў Беларусі, якія бяруць чынны ўдзел у палітычным жыцці беларускай дэмакратычнай дзяржавы.

Такія выставы нас аб'ядноўваюць і дазваляюць наладзіць нашую добрасуседскую будучыню, заснаваную на цвёрдым гістарычным падмурку і фактах супольнага ўдзелу ў парламенцкім жыцці. Памятаючы пра гэта, мы павінны разам імкнуцца да ідэалаў незалежнай і дэмакратычнай Беларусі, дзе такія чыннікі стануць магчымымі», - адзначыў Алесь Зарэмбюк.

Алесь Зарэмбюк таксама распавёў пра намер правесці наступную выставу, прысвечаную таму, як склаліся надалей лёсы дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння, якія з'яўляліся дэпутатамі польскага Сэйма і сэнатарамі Польскай рэспублікі. А ў многіх, пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР, яны склаліся трагічна.

Аўтарка канцэпцыі і матэрыялаў выставы, даследчыца гісторыі беларусаў у Польшчы Сільвія Тафілюк адзначыла, што «веды пра беларускіх дэпутатах польскага парламента з'яўляюцца важнай часткай польскай нацыянальна-гістарычнай памяці».

«Беларусы складалі значную частку насельніцтва міжваеннай Польшчы, і за гэтыя 20 гадоў у польскім парламенце яны былі прадстаўлены 30-ю дэпутатамі», - падкрэсліла Сільвія Тафілюк. Таксама яна паведаміла сайту charter97.org аб намеры пашырыць кола даследаванняў аб значных для Беларусі постацях беларускай меншасці ў Польшчы і ўключыць у яго не толькі вядомых парламентарыяў і дзеячаў нацыянальнага адраджэння - такіх як Браніслаў Тарашкевіч або Сымон Рак-Міхайлоўскі - але і асоб «другога плана», пра ўнёсак якіх у палітычную і культурную гісторыю беларусаў пакуль мала вядома.

«Гэта будуць біяграфіі тых людзей, якія займаліся інтарэсамі і нацыянальным развіццём беларусаў у сваіх лакальных супольнасцях, у канкрэтнай мясцовасці», - адзначыла даследчыца.

Кіраўнік камісіі Сэйма замежных спраў Робэрт Тышкевіч, быў у 2005 годзе ініцыятарам рэзалюцыі аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, пракаментаваў у інтэрв'ю сайту charter97.org палітычную сітуацыю ў нашай краіне.

«Калі гаворка ідзе пра сітуацыю з правамі чалавека, то яна за гэтыя гады ніяк не змянілася. Калі казаць пра ўзровень рэпрэсій, то ён крыху знізіўся, у параўнанні з сітуацыяй пасля выбараў 2006 і 2010 года. Але для нас важна тое, каб адсутнасць рэпрэсій была не вынікам «добрай волі» кіраўніка, каб яна забяспечвалася законам.

Цяпер у Беларусі няма ні дэмакратычнага выбарчага заканадаўства, ні заканадаўства, якое б гарантавала свабоду сходаў, партый і меркаванняў. Адзіным гарантам свабоды можа быць закон, а не воля таго ці іншага чалавека.

На сёння прыкметна, што беларускія ўлады ў пытанні рэпрэсій пільнуюцца выбарачнай стратэгіі - у сувязі з чаканнем прэзідэнцкіх выбараў. Як доўга яны будуць прытрымлівацца гэткай тактыкі - мы ўбачым пасля выбараў. Я вельмі спадзяюся, што пасля выбараў рэпрэсіі не вернуцца на такім узроўні, якімі былі ў 2010 годзе. Але я магу толькі спадзявацца, бо ніякіх прававых гарантый для гэтага няма», - сказаў Робэрт Тышкевіч.

Асабліва ён падкрэсліў, на якіх прынцыпах павінна грунтавацца палітыка Польшчы і Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі, зыходзячы з такой ацэнкі прававой сітуацыі.

«Можна сказаць, што стасункі паміж Еўразвязам і Беларуссю на сёння застаюцца «замарожанымі». Няма сур'ёзных поўнафарматных палітычных кантактаў. Ёсць толькі кантакты ў вузкіх пытаннях - такіх як эканоміка, памежны рух. Але і ў іх не відаць асаблівага прагрэсу.

Расплачваецца за гэта беларускі народ. Беларусь застаецца закрытай і не карыстаецца тымі магчымасцямі, якія дае суседства з Еўрапейскім Звязам - еўрапейскімі інвестыцыямі, сучаснымі тэхналогіямі і эканамічнымі дасягненнямі.

І мы праводзім тую ж палітыку, што і ўсе гэтыя гады. Мы гаворым Менску: калі жадаеце разлічваць на паўнапраўнае партнёрства з Еўропай, то вы павінны адмовіцца ад палітыкі рэпрэсій супраць свайго народа і правесці дэмакратычныя рэформы.

Пакуль гэтага не адбываецца, нашая палітыка грунтуецца на падтрымцы грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі і свабодных медыяў у Беларусі. Гэта тая палітыка, якую мы праводзім ўсе апошнія гады, і якая павінна дапамагчы беларусам у барацьбе за свабоду і дэмакратыю. Усё, што можна зрабіць, мы з нашага боку робім. Астатняе павінны зрабіць самі беларусы», - сказаў Робэрт Тышкевіч.

Сваю ацэнку выставе даў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў.

«Я вельмі пазітыўна ацэньваю тое, што грамадскасці паказалі твары беларускіх палітыкаў, што былі дэпутатамі польскага Сэйма. Атрымалася вельмі яскравая падзея. Таму што глядзіш цяпер на фотаздымкі людзей, якія баранілі інтарэсы беларускага народа - і бачыш вельмі выбітных асоб. Яны былі не толькі палітыкамі і дэпутатамі польскага Сэйма, але і праславіліся кожны ў сваёй справе. Узяць хоць бы Браніслава Тарашкевіча або Сымона Рак-Міхайлоўскага - яны былі знакамітымі пісьменнікамі, навукоўцамі, інжынерамі, абсалютна рознабаковымі асобамі. Сапраўды, гэта асобы беларускага адраджэння, а не проста палітыкі.

І можна толькі падтрымаць тое, што сказаў Робэрт Тышкевіч: мы спадзяемся, што хутка ўбачым не толькі беларусаў, абраных у польскі Сэйм, але і раўназначных гэтым гістарычным постацям дэпутатаў, абраных у паўнавартасны беларускі парламент», - заявіў Андрэй Саннікаў.

Маршалак Сэйму Багдан Барусевіч і лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў
Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках