29 красавiка 2024, панядзелак, 9:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грыбнога сезону ў гэтым годзе не будзе?

13
Грыбнога сезону ў гэтым годзе не будзе?

Аматарам схадзіць па грыбы давядзецца пачакаць як мінімум да наступнага года.

Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік, паведамляе карэспандэнт БелТА.

Анамальная спякота, натуральна, адаб'ецца на ўраджаі ягад. "Аднак мы бачым, што і суніцы, і чарніцы ўжо ёсць. Наконт журавін жа сказаць складана - узровень грунтовых вод упаў, тарфянікі сухія, таму з журавінамі будзе праблема", - сказаў першы намеснік міністра.

Што ж тычыцца грыбоў, то Аляксандр Кулік вымушаны засмуціць грыбнікоў: "Увесну вільгаці практычна не было, лета цалкам высушыла лясную падсцілку, таму з грыбамі, мабыць, прыйдзецца пачакаць да наступнага года".

Адказваючы на пытанні журналістаў што да тэрмінаў і месцаў збору грыбоў і ягад, першы намеснік міністра нагадаў, што згодна з адпаведнымі правіламі нарыхтоўка і збор дзікарослых ягад і грыбоў вядзецца на любых участках ляснога фонду, за выключэннем тых, дзе гэты тып лесакарыстання забаронены ці абмежаваны ў адпаведнасці з заканадаўствам.

"Так, да прыкладу, нарыхтоўка і збор дзікарослых ягад і грыбоў у прамысловых мэтах забараняюцца ў лясах запаведнікаў і помнікаў прыроды; у лясах асабліва каштоўных участкаў ляснога фонду, якія маюць генетычнае, навуковае і гісторыка-культурнае значэнне; у гарадскіх лясах і лясах лесапаркавых частак зялёных зон; у курортных лясах, а таксама на ўчастках ляснога фонду, што вызначаюцца юрыдычнымі асобамі, якія вядуць лясную гаспадарку, - глушцовых таках і ў радыусе 300 м вакол іх", - удакладніў Аляксандр Кулік. Тэрміны пачатку нарыхтоўкі і збору ягад штогод устанаўліваюцца абласнымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.

Першы намеснік міністра нагадаў і пра тое, што пры нарыхтоўцы і зборы ягад, грыбоў трэба выконваць пэўныя правілы. Прынамсі, пры зборы ягад забараняецца ўжываць розныя механічныя прыстасаванні, якія могуць пашкодзіць ягаднікі. Каб не пашкодзіць грыбніцу, грыбы трэба зразаць нажом на глебе ля ножкі або асцярожна выкручваць без парушэння ляснога подсцілу. Разграбаць яго (асабліва пры нарыхтоўцы лісічак) забараняецца.

"За збор або нарыхтоўку дзікарослых ягад і грыбоў на тэрыторыі, дзе такія нарыхтоўкі або збор забароненыя, альбо за парушэнне ўстаноўленых тэрмінаў, прымяненне забароненых сродкаў або метадаў збору або нарыхтоўкі дзікарослых ягад і грыбоў прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць у выглядзе папярэджання або накладанне штрафу ў суме да 20 базавых адзінак", - адзначыў Аляксандр Кулік. Паводле ягоных звестак, з пачатку гэтага года за такія дзеянні да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнутыя 62 парушальнікі.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках