Кіраўнік МЗС Нямеччыны: Агрэсія Расеі - найгоршы крызіс з часоў халоднай вайны
- 17.08.2015, 15:34
- 72,061
Сітуацыя ва Украіне стала самым сур'ёзным крызісам пасля завяршэння халоднай вайны, і развязаць яе можна, толькі прасоўваючыся наперад маленькімі крокамі.
Такое меркаванне выказаў міністр замежных спраў ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер, выступаючы ў панядзелак на канферэнцыі амбасадараў у Швейцарыі, паведамляе Укринформ.
«Падчас швейцарскага старшынства ў 2014 годзе АБСЕ прыняла на сябе ключавую ролю ва ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу. Без сумневу, горшы крызіс з пункту гледжання палітыкі бяспекі ў Еўропе з часоў заканчэння халоднай вайны - украінскі крызіс», - заявіў кіраўнік МЗС Нямеччыны.
З ягоных слоў, Швейцарыі выпала «асаблівая адказнасць апошнія месяцы» ў спробах урэгуляваць сітуацыю, а АБСЕ стала «важнай платформай для дыялогу паміж усімі дзеючымі асобамі канфлікту».
«Менск паказаў палітычны шлях выхаду з канфлікту. Гэты працэс, мы ўсё гэта ведаем, не ідэальны. Але гэта адзіны шлях, які ў нас ёсць» - падкрэсліў Штайнмаер.