27 красавiка 2024, Субота, 22:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гомельскі «вертыкальнік»: Спірт - важная крыніца даходаў. Гэтую нішу нельга выпускаць

36
Гомельскі «вертыкальнік»: Спірт - важная крыніца даходаў. Гэтую нішу нельга выпускаць

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік патлумачыў скасаванне абмежавання на продаж алкаголю.

У Менску і Гомелі скасавалі абмежаванні на раздробны продаж алкагольных напояў і піва. Цяпер трункі можна будзе купіць нават у начны час, калі крама працуе 24 гадзіны.

Улады Менска і Гомеля знялі забарону на продаж алкагольных і слабаалкагольных напояў, а таксама піва з 22:00 да 09:00 гадзін. Цяпер трункі можна будзе купіць на працягу ўстаноўленага рэжыму працы гандлёвага аб'екта. Калі крама працуе да 23 гадзін, то набыць піва і гарэлку можна да гэтага часу. Калі крама працуе 24 гадзіны, то трункі можна набыць у кожны час.

Як патлумачылі БелаПАН у Менгарвыканкаме, пастанова аб зняцці абмежаванняў была прынятая пасля нарады аб пытаннях вырабу і абарачэння алкагольнай прадукцыі, якую 20 жніўня гэтага года правёў кіраўнік Беларусі. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада навесці жорсткі парадак у гэтай сфэры.

«Актыўная палітыка, якую прапаноўваў урад і сёння прапануе, практычна ўходала, як кажуць спецыялісты, галіну. Акцызы прычыніліся да павелічэння кошту і разам з кантрафактам - да зніжэння попыту на гэтую прадукцыю, а значыць – страт для бюджэту. Прыватныя структуры за кошт спраўнасці і за кошт не ведаю якіх чыннікаў занялі блізу 35% рынка, пры гэтым несумленна пасунуўшы дзяржаўныя структуры, у тым ліку з дапамогай сеткавых структур», - заявіў дыктатар.

У сваю чаргу старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік падчас нядаўняй апаратнай нарады на тэму эканамічнай сітуацыі ў рэгіёне адзначыў, што за год рэалізацыя моцных алкагольных напояў скарацілася адразу на 30%. Пры гэтым, паводле ягоных слоў, піць менш не сталі.

«У вобласць вялікімі партыямі завозяць левы тавар, збольшага, з Расеі. Такую гарэлку без дакументаў зазвычай рэалізуюць у сельскіх крамах. Галоўная бяда ў тым, што шмат хто з адказных кіраўнікоў на месцах нават не заўважае гэтай з'явы, фактычна, згадзіліся з становішчам спраў. Навучыцеся аналізаваць рынак - навучыцеся і гандляваць. Спірытус - важная крыніца даходаў. Гэтую нішу нельга выпускаць», - сказаў кіраўнік Гомельскай вобласці.

Забарона на продаж алкаголю ў Гомелі дзейнічала амаль два гады (з 31 кастрычніка 2013 года), а ў Менску - крыху больш за два месяцы (з 15 чэрвеня 2015).

Увядзенне абмежавальных захадаў ГУУС Менгарвыканкама тлумачыла тым, што рэалізацыя алкаголю ў гандлёвай сетцы горада ў начны час робіць найбольш негатыўны ўплыў на крымінагенную сітуацыю ў Менску.

У той жа час звесткі УУС Гомельскага аблвыканкама даюць супярэчлівае ўяўленне на гэты конт. Калі за мінулы год у Гомельскай вобласці ў стане алкагольнага ап'янення было ўчынена 2227 злачынстваў, што на 5,5% менш, чым у 2013 годзе, то за шэсць месяцаў гэтага года ў стане алкагольнага ап'янення было ўчынена 1128 злачынстваў, што на 2,9% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

«Я сёння размаўляў з работнікамі спецпрымальніка. Груба кажучы, былога выцвярэзніка. Два дні як скасавалі забарону, але ў іх не адбылося ніякага значнага наплыву наведнікаў. П'яных было і так шмат. У іх у параўнанні з мінулым годам напаўняльнасць вышэйшая. Можа быць, гэта звязана з спякотай. Людзі перабіралі і трацілі арыентацыю. Прычын можа быць процьма», - распавёў «Беларускім навінам» супрацоўнік прэс-службы УУС Гомельскага аблвыканкама.

На пытанне аб тым, наколькі дзейсная была забарона, суразмоўца адказаў, што «людзі п'юць усё адно».

Варта адзначыць, што ў Менску падчас дзеяння забароны на продаж алкаголю пасля 22:00 піва і гарэлку можна было спакойна набыць у так званых «бутлегераў» і таксістаў. Праўда, падвойным коштам.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках