29 красавiка 2024, панядзелак, 10:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: Валютныя рэзэрвы Беларусі на нулі

42
Станіслаў Багданкевіч: Валютныя рэзэрвы Беларусі на нулі

Валютны курс у нас штучна не стрымліваецца, бо няма чым стрымліваць.

На просьбу "Ежедневника" экс-старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч пракаментаваў працэсы, якія адбываюцца ў беларускай эканоміцы і на валютным рынку краіны.

- Сёння ўсе намаганні ўрада накіраваныя на тое, каб не дапусціць занадта вялікага росту коштаў. Таму валютны курс вызначаецца не Нацыянальным банкам, а рынкам, попытам і прапановай, станам аплатнага, замежнагандлёвага балансу. І я думаю, што ўсё, што адбываецца сёння, звязана са станам эканомікі. Гэты стан стала пагаршаецца і трэба чакаць, што паўзучая інфляцыя будзе і надалей. Яна можа быць крыху спыненая, калі Нацбанк прыме пастанову аб абмежаванні росту грашовай масы. Крыху больш, чым за паўгоддзе, грашовая маса ў Беларусі вырасла на 21%, а ВУП упаў на 4%. Гэта значыць валавога ўнутранага прадукту няма, а колькасць грошай расце, - сказаў Станіслаў Багданкевіч.

- Чаму беларускі рубель далей падае на фоне ўмацавання расейскага рубля? Звязана гэта з прывязкай нашай грашовай адзінкі да кошыка валют?

- Прычым тут прывязка? Курс вызначаецца попытам і прапановай на біржы. Кошык валют - гэта проста арыенцір для фінансавых уладаў. Але, я б сказаў, ён ніяк не ўплывае на той курс, які ўвесь час фармуецца попытам і прапановай. Мне не падабаецца, што мы ўвесь час спасылаемся на Расею і яе фінансавы стан. Беларускі экспарт у Расею - 37%. Астатняе аплачваецца ў далярах і еўрах. Чаму мы ўвесь час гаворым пра расейскі рубель, пра Расею, што там дрэнна. Але хіба дрэнна ў іншых краінах, якія маюць уласную валюту? Трэба арыентавацца не толькі на Усход, трэба гандляваць шматвектарна, бо абвяшчаецца гэта ўладай цягам 20 гадоў, але потым не робіцца. І трэба глядзець на ўнутраныя прычыны пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. Няхай у Расеі падаюць кошты нафты, газу і там дрэнна. Але нам жа ад падзення кошту газу добра. Мы менш выдаткоўвае энэргіі на адзінку прадукту. Зніжаюцца кошты нафты, але што, мы прадаём сваю нафту? У кожным выпадку мы купляем нафту ўнутрырасейскімі коштамі, а прадаём бензін і газ сусветнымі. Яны таксама сталі ніжэйшымі, але яны не стратныя. Калі вы возьмеце статыстыку, то ўбачыце, што нашая нафтаперапрацоўка паводле прыбыткаў у Беларусі на трэцім месцы пасля продажу калійных угнаенняў і газпрамаўскай трубы. А адчуванне такое, што ў нас няма Нацыянальнага банка, няма ўласнай валюты і ўсё вызначаецца ў Расеі. У нас ёсць уласная эканоміка і трэба ёй займацца.

- Як вы ставіцеся да зробленай учора заявы беларускага дыктатара, што ў Беларусі нельга стрымліваць кошты. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка пакляўся, што ўлады нічога не робяць "каб стрымліваць ці ўзмацняць ці аслабляць нацыянальную валюту".

- Што да валютнага курсу, я пра гэта і тлумачыў. Значнай дэвальвацыі не можа быць. Таму што ў нас валютны курс вызначаецца попытам і прапановай штодня. Валютны курс у нас штучна не трымаецца, бо няма чым трымаць - рэзэрвы на нулі. Чысты валютны рэзерв 1,5-1,6 млрд даляраў - гэта вельмі мала. За год мы толькі пазыкі аплачваем на 4 млрд даляраў. Гэта значыць тут улады сапраўды нічога не рэгулююць і нейкага абрынання быць не можа. А вось кошты ў нас растуць, бо прадпрыемствы вырабляюць прадукт, які не знаходзіць збыту на канкурэнтаздольным рынку. Паглядзіце: грузавых аўтамабіляў - больш чым гадавы запас, трох-шасцімесячныя запасы лядоўняў, сельгастэхнікі ды іншага транспарту. Гэта значыць, мы столькі стварылі, але ўсё ляжыць на складах. А грошы людзям выплачваюцца і выплачваюцца. Таму гэтыя "пустыя" грошы ідуць на рынак і ў краіне растуць кошты. Ідзе інфляцыя, а за ёй і дэвальвацыя. Але яна цяпер адбываецца ў меншай ступені праз станоўчы замежнагандлёвы баланс. Мы прадаём больш, чым імпартуем, калі верыць нашай статыстыцы. Гэта значыць мая выснова такая: усё дрэнна, а таму трэба займацца эканомікай.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках