29 красавiка 2024, панядзелак, 2:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія ВНУ недабралі 229 студэнтаў

1
Беларускія ВНУ недабралі 229 студэнтаў
Фота: bymedia.net

Па выніках уступнай кампаніі ў беларускіх ВНУ засталося 147 месцаў на дзённай форме навучання, 82 - на завочнай.

Намесніца прэм'ер-міністра, старшыня дзяржаўнай камісіі кантролю за ўступнымі выпрабаваннямі Наталля Качанава адзначыла, што ўсяго ў гэтым годзе ў ВНУ прынята 56,5 тысячы чалавек, у тым ліку на дзённую форму - 36 тысяч, на завочную - 20,5 тысячы. На дзённую форму навучання за кошт сродкаў бюджэту паступілі 22 476 абітурыентаў, на завочную бюджэтную – 4 444. Прыём на дзённую форму склаў амаль 64% ад агульнага набору, паведамляе БелаПАН.

Са слоў Качанавай, найбольш запатрабаванымі спецыяльнасцямі сталі «міжнароднае права» ў БДУ, дзе прахадны бал склаў 383 балы, і «журналістыка (напрамак - аўдыёвізуальныя СМІ)» у БДУ - 382 балы.

Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў адзначыў, што колькасць незапоўненых бюджэтных месцаў сёлета менш, чым летась. «Гэта сведчыць аб тым, што мы запланавалі няправільна. Іншая справа, што мы ўжо сур'ёзна прааналізавалі тыя спецыяльнасці, якія засталіся незапоўненымі, і будзем праводзіць сур'ёзную прафарыентацыйную работу сярод абітурыентаў, таму што сярод незапоўненых ёсць спецыяльнасці, неабходныя нашай эканоміцы, - у лёгкай прамысловасці, машынабудаванні, металургіі», - сказаў ён.

Для выпраўлення сітуацыі плануецца пашырыць мэтавы набор на пэўныя спецыяльнасці, адзначыў міністр.

Гаворачы аб педагагічных ВНУ, ён падкрэсліў, што незапоўненымі засталіся толькі дзевяць месцаў у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце ім. А.Куляшова на спецыяльнасць «настаўнік фізікі і інфарматыкі». Агулам работа па прыцягненню здольных абітурыентаў на педагагічныя спецыяльнасці дала вынікі, дадаў Жураўкоў.

На навучанне на платнай аснове ў ВНУ прынята 29562 чалавек, у тым ліку 25147 чалавек - у дзяржаўныя ўстановы адукацыі. Трынаццаць з паловай тысячы чалавек прынятыя на дзённае навучанне, 16 тысяч - на завочнае.

Паводле звестак Мінадукацыі, прыватныя ВНУ выканалі план прыёму на 46% - залічана 4415 чалавек пры плане 9545; 63% прыёму ў прыватныя ВНУ - на завочнае навучанне.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках