4 траўня 2024, Субота, 8:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Кулакоў: Навучыў арыштантаў у ІЧУ размаўляць па-беларуску

3
Леанід Кулакоў: Навучыў арыштантаў у ІЧУ размаўляць па-беларуску
ЛЕАНІД Кулакоў

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў выйшаў на волю пасля 7 дзён адміністрацыйнага арышту.

29 ліпеня Леанід Кулакоў добраахвотна прыйшоў у ізалятар часовага ўтрымання Менскага раёна на вуліцы Скарыны, каб адседзець арышт, у знак салідарнасці з Юрыем Рубцовым, у якога тады быў дзень нараджэння.

Нагадаем, яшчэ 19 чэрвеня актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі, Сяргей Мацкойць і Леанід Кулакоў былі затрыманыя ў Менску за расцяжку «Свабоду Рубцову». Выходныя ўсе трое правялі ў ІЧУ Менскага раёна, а 22-га чэрвеня ў Менскім раённым судзе Вінярскага прысудзілі да арышту на 10 дзён, Мацкойць - на 5 дзён за «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства».

Разгляд адміністрацыйнай справы над Кулаковым, які не ўдзельнічаў у самім вывешванні расцяжкі, адклалі да 23-га чэрвеня пасля хадайніцтва адваката выклікаць у суд сведкаў. Аднак затым Кулакова прызналі вінаватым у правядзенні несанкцыянаванага пікету і пакаралі арыштам на 10 дзён.

Леанід Кулакоў абскардзіў пастанову суда, яго скарга была разгледжаная 17 ліпеня ў Менскім абласным судзе. Суддзя наважыў пастанову суддзі суда Менскага раёна ад 23 чэрвеня ў дачыненні да Кулакова пакінуць без змены, а скаргу - без задавальнення.

Аб умовах утрымання і стасункі з адміністрацыяй ІЧУ Леанід Кулакоў распавёў у інтэрв'ю сайту charter97.org.

- Стаўленне аховы да «палітычных» было асаблівым у параўнанні з асноўнай масай, якая знаходзіцца ў ІЧУ. Можна нават сказаць, што «палітычных» яны паважаюць.

Стаўленне іншых зняволеных таксама станоўчае. За сем дзён арышту мне ўдалося «прывучыць» тых з іх, хто беларус (там ёсць і замежнікі, якія чакаюць дэпартацыі) размаўляць са мной па-беларуску і скандаваць «Жыве Беларусь!».

Калі я выходзіў, мне ўдалося сказаць начальніку ІЧУ, што мая віна ў тым, што я люблю Беларусь і змагаюся за будучыню нашага народа. Спадзяюся, ён мяне зразумеў.

- Стала вядома, што з вамі ў агульнай камеры знаходзіўся ВІЧ-інфікаваны зняволены. Як такое магло адбыцца?

- Калі я зайшоў у камеру, ён прадставіўся Дзмітрыем. Сказаў, што ў яго ВІЧ, і што пра гэта ён заяўляў і следчаму, і суддзі, і ахове ІЧУ.

Калі я за ім назіраў у камеры, я заўважыў, што ён ніколі не мые пасля прыбіральні рукі - ні разу гэтага не зрабіў. Посуд, з якой ядуць зняволеныя, апрацоўваецца незразумела як. Калі я два месяцы таму быў у ІЧУ, мне далі талерку з засохлай ежай, якая відавочна не першым разам трапляла ў турэмнае «меню». Гэтым разам я ўзяў з сабой аднаразовы посуд, які, на шчасце, дазволілі пранесці.

Чалавек з ВІЧ знаходзіўся там паводле крымінальнага артыкула. Ён сам 44-гадовы наркаман, 20 з якіх правёў у месцах пазбаўлення волі. Узялі яго за спробу ўзлому чужых дзвярэй. Натуральна, што ён не браў з сабой на такую «справу» медыцынскіх дакументаў, якія пацвярджаюць ВІЧ.

Следчаму, які вёў справу, ён сказаў, што з'яўляецца ВІЧ-інфікаваным. Потым быў суд. Суддзі ён таксама пра гэта заявіў. І хоць у следчага і суддзі быў час праверыць інфармацыю, ніхто ўвагі на гэта не звярнуў. Калі яго прымалі ў ІЧУ, ён таксама звярнуў на гэта ўвагу, але праз адсутнасць папер чалавека змясцілі ў агульную камеру (усяго нас там было 7 чалавек).

Акрамя таго, посуд з якога ён еў, увесь час перамяшчаўся з камеры ў камеру. А тое, што ён не апрацоўваецца належным чынам, вядома кожнаму, хто быў пад арыштам.

Хачу падкрэсліць, што супрацоўнікі ІЧУ не нясуць віны за размяшчэнне ВІЧ-інфікаванага ў агульную камеру: у яго ж не было медыцынскіх дакументаў, а пастанова аб размяшчэнні прымаецца аператыўна. Віну нясуць следчы і суддзя, у якіх было час праверыць вусныя заявы чалавека, але яны праігнаравалі і паленаваліся гэта зрабіць.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках