26 красавiка 2024, Пятніца, 14:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусаў чакае імклівы рост коштаў імпартных тавараў

20
Беларусаў чакае імклівы рост коштаў імпартных тавараў

Практычна кожную партыю тавару, які ўвозіцца, імпарцёры цяпер павінны аддаваць на санітарна-гігіенічную экспэртызу.

Такое патрабаванне прадугледжанае пастановай Саўміна №666 ад 6 жніўня, якая ўвайшла ў дзеянне з 27 жніўня, піша tut.by.

Дакумент тычыцца такіх груп тавараў, як прадукты харчавання, тавары для дзяцей, тавары бытавой хіміі, касметыка, бытавая тэхніка, аўтамабільныя тавары і многае іншае.

«Па сутнасці, дакумент уводзіць дадатковыя захады нетарыфнага рэгулявання. І гэта пры тым, што ў дзейсныя тэхнічныя рэгламенты Мытнага саюза ўжо ўключаны адзіныя санітарна-эпідэміялагічныя і гігіенічныя патрабаванні да прадукцыі», - каментуюць новаўвядзенне імпарцёры. З іх слоў, большасць кампаній былі негатовыя да такіх зменаў.

Як было раней

«Да 27 жніўня мы пацвярджалі адпаведнасць прадукцыі дзейным тэхнічным рэгламентам да ўвозу на тэрыторыю Беларусі. Для прадукцыі серыйнай вытворчасці не трэба было праводзіць выпрабаванні для кожнай партыі тавару», - распавялі прадстаўнікі кампаніі - імпарцёра касметыкі. Прасцей кажучы, імпарцёры павінны былі мець на руках неабходныя дакументы, каб увозіць і рэалізоўваць тавары.

Што мяняецца

Новая пастанова Саўміна накіраваная на забеспячэнне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва. Усё, што было ўвезенае ў краіну да 27 жніўня, можа быць прададзенае паводле старых правіл.

- Дакумент тычыцца ўсёй увезенай з 28 жніўня ў Беларусь бытавой тэхнікі, аўтамабільных кампанентаў (лакафарбавая прадукцыя, маслы, тармазныя вадкасці і іншае), А таксама хімічнай і нафтахімічнай прадукцыі вытворчага прызначэння, тавараў бытавой хіміі, лакафарбавых, палімерных, сінтэтычных матэрыялаў, з якіх зробленыя мэбля, адзенне, абутак і многае іншае, - тлумачыць пастанову Саўміна старшыня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч. - Паводле гэтага заканадаўчага акта, праводзіць працэдуру рэгістрацыі неабходна на кожную партыю тавару, які трапляе ў Беларусь.

Як патлумачылі ў адной з кампаній-імпарцёраў, пры правядзенні паўторнай экспэртызы аналагічных тавараў для лабараторных выпрабаванняў будуць адбіраць не менш за 30% з партыі.

Што гэта значыць для імпарцёраў

Бізнэс кажа, што праца ў новых умовах адназначна ўскладніцца.

«Напрыклад, цяпер пры ўвозе партыі з 300-400 найменняў тавару нам спатрэбіцца мінімум месяц для падрыхтоўкі дакументаў і атрымання заключэння, - распавядае прадстаўнік кампаніі, якая займаецца імпартам касметыкі. - Гэта значыць, што партыя тавару проста будзе «замарожаная».

Са слоў супрацоўніка кампаніі-імпарцёра, фірма запрасіла неабходныя дакументы ў вытворцы прадукцыі і накіравала ліст у Міністэрства аховы здароўя з пытаннямі па ўжыванні новага дакумента.

«Начальства толькі што дало ўказанне загрузіць па максімуму буйныя крамы, бо наступныя пастаўкі будуць праз тры тыдні, не раней», - распавёў гандлёвы прадстаўнік імпарцёра бытавой хіміі.

Што гэта значыць для пакупнікоў

У першую чаргу, гаворка ідзе аб магчымым дэфіцыце тавараў. Як кажа Сяргей Міхневіч, новыя патрабаванні павялічваюць тэрмін трапляння тавараў на паліцы крамаў. Праўда, у дзяржорганах упэўненыя, што запасаў у імпарцёраў дастаткова, каб прадаўжаць гандаль.

Другое наступства пастановы - рост коштаў.

«Каб правесці экспэртызу толькі аднаго наймення, нам трэба выплаціць амаль 600 тысяч рублёў за лабараторныя выпрабаванні. Плюс выдаткі на падрыхтоўку астатніх дакументаў, - кажа прадстаўнік пастаўшчыка касметыкі. - Мне складана падлічыць, на колькі падымецца кошт канкрэтных пазіцый, аднак трэба разумець, што ўсе гэтыя выдаткі лягуць на канчатковага спажыўца».

Што кажуць чыноўнікі

Афіцыйных каментароў ні Саўмін, ні санітарныя службы аб дзеянні новай пастановы пакуль не давалі. Паводле інфармацыі партала, тлумачэнні зацікаўленых органаў павінны з'явіцца да канца гэтага тыдня.

Як ужо змагаліся з імпартам і чым гэта скончылася

Пастанова з «прыгожым» нумарам 666 не першы дакумент, які закрануў працу імпарцёраў.

- Самай гучнай была, мабыць, пастанова Саўміна за нумарам 991, якая з'явілася ў 2009 годзе. Згодна з ёй тавары можна было купляць ці непасрэдна ў вытворцаў, ці ў афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў. Па сутнасці, дакумент забараніў пасярэднікаў. Некалькі дзён бізнэс быў паралізаваны, але потым скандальную пастанову скасавалі, а прэзідэнт назваў яе з'яўленне «галавацяпствам».

- З 1 красавіка гэтага года павінен быў запрацаваць указ прэзідэнта аб сертыфікатах на тавары лёгкай прамысловасці, якія ўвозяць ІП. З гэтай даты ім збіраліся забараніць продаж адзення без дакументаў, аднак ІП заявілі, што не паспелі распрадаць рэшткі, і норму перанеслі на 1 студзеня 2016 года.

- Каб паменшыць спажывецкі імпарт, улады (у асобе ўсё таго ж Міхаіла Мясніковіча, але ўжо на пасадзе старшыні Савета Рэспублікі) прапанавалі ўвесці збор на пакупкі беларусаў у замежных інтэрнэт-крамах.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках