5 траўня 2024, Нядзеля, 21:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Нямеччыны: Праблема палітвязняў была перашкодай для нармалізацыі стасункаў

10
МЗС Нямеччыны: Праблема палітвязняў была перашкодай для нармалізацыі стасункаў

Да 30 кастрычніка павінна быць прынятая пастанова аб санкцыях ЕЗ у дачыненні да Беларусі.

Будучыя ў Беларусі прэзідэнцкія выбары з'яўляюцца лакмусавай паперкай для ацэнкі шанцаў на пераналаджванне стасункаў паміж Беларуссю і Еўразвязам, заявіў 3 верасня ў Менску каардынатар федэральнага ўрада Нямеччыны ў міжграмадскім супрацоўніцтве з Расеяй, краінамі Цэнтральнай Азіі і Усходняга партнёрства Гернат Эрлер.

На сустрэчы з журналістамі ён, сярод іншага, адзначыў, што падставай для ягонага візіту ў Менск паслужыла вызваленне 22 жніўня шасцярых палітвязняў і "звязаныя з гэтым чаканні беларускага кіраўніцтва ў тым, што тычыцца рэакцыі на гэта Захаду", паведамляе БелаПАН.

"Праблема палітвязняў шматгадовая, яна з'яўлялася перашкодай для нармалізацыі стасункаў паміж Еўразвязам і Беларуссю", - сказаў Эрлер.

Паводле ягоных слоў, на даручэнне ўрада Нямеччыны на сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем 3 верасня ў Менску Эрлер паведаміў, што гэты крок вітаецца і ацэньваецца станоўча.

"Гэты крок дае магчымасці для таго, што ў міжнародным плане называюць пераналаджваннем стасункаў, - заявіў ён. - Вядома, хацелася б, каб гэты першы крок меў працяг. У якасці вызначальнай падзеі мы маем на ўвазе выбары, якія з'яўляюцца лакмусавай паперкай для ацэнкі шанцаў на пераналаджванне".

Як адзначыў Эрлер, калі выбары пройдуць сумленна і назіральная місія БДІПЧ АБСЕ будзе мець магчымасць бесперашкодна ажыццяўляць працу ў назіранні за імі, то гэта "аўтаматычна адчыняе дзверы перад Еўразвязам і Нямеччынай для паляпшэння стасункаў".

Прадстаўнік Нямеччыны падкрэсліў, што да 30 кастрычніка павінна быць прынятая пастанова аб санкцыях ЕЗ у дачыненні да Беларусі. "Калі ацэнка выбараў будзе станоўчай, будзе адкрыты шлях у кірунку прыпынення санкцый і пачатку палітычнага дыялогу, - сказаў нямецкі чыноўнік. - У рамках гэтага дыялогу гатовыя прыйсці да супрацоўніцтва ў цэлым шэрагу кірункаў, якія маюць цікавасць для Беларусі, у тым ліку што да перамоўнага працэсу аб палягчэнні візавага рэжыму, магчымасці правядзення ў наступным годзе інвестыцыйнай канферэнцыі, падтрымкі Беларусі ва ўступе ў СГА".

Эрлер таксама адзначыў, што Макей заявіў пра ахвоту беларускай стараны "на выбарах пайсці ў падтрымку чаканняў Захаду, у тым ліку ў тым, што тычыцца працы назіральнай місіі, і такім чынам адкрыць магчымасць для развіцця стасункаў".

Раз у наступным годзе Нямеччына будзе старшыняваць у АБСЕ, на сустрэчы з Макеем было закранутае і пытанне пра будучыню гэтай арганізацыі, паведаміў Эрлер. Сярод іншага прадстаўнік Нямеччыны падкрэсліў патрэбу адкрыць у Беларусі тэхнічны офіс АБСЕ, які будзе падтрымліваць рэалізацыю супольных праектаў. Са слоў Эрлера, Макей заявіў пра ахвоту Беларусі да павелічэння супрацоўніцтва з АБСЕ.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках