26 красавiка 2024, Пятніца, 10:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На фестывалі Lost In Music у Фінляндыі ўпершыню выступяць беларусы

На фестывалі Lost In Music у Фінляндыі ўпершыню выступяць беларусы

Беларускія праекты Shuma, Super Besse і Mustelide выступяць 17 кастрычніка на найбуйнейшым у Фінляндыі музычным шоўкейс-фэсце Lost In Music.

Беларусь упершыню будзе прадстаўленая на гэтым маштабным мерапрыемстве, піша БелаПАН.

Фестываль Lost In Music праходзіць на клубных пляцоўках горада Тампэрэ з 2007 года і паспеў стаць адным з галоўных такіх мерапрыемстваў у краінах Скандынавіі.

Кожны год фестываль збірае больш за 15 тысяч гледачоў і больш за 100 артыстаў. На канцэрты таксама прыходзяць дэлегаты музычнай канферэнцыі Music & Media, якая праходзіць у гэтыя ж дні і на якую прыязджае больш за 500 прадстаўнікоў шоў-бізнэсу Фінляндыі і больш за 100 спецыялістаў з дзясяткаў краін Еўропы і свету, уключаючы мэнэджараў, якія шукаюць новыя імёны, прадстаўнікоў лэйблаў і фестываляў.

Беларусь у гэтым годзе ўпершыню возьме ўдзел у абодвух мерапрыемствах. У рамках заявачнай кампаніі, якая праходзіла пры падтрымцы праекта Experty.by, арганізатары Lost In Music атрымалі з Беларусі 94 заяўкі. Больш прыйшло толькі з Фінляндыі.

Паводле вынікаў для выступу ў рамках спецыяльнага беларускага канцэрта-шоўкейса былі абраныя фолк-электроншчыкі Shuma, сінт-рокеры Super Besse і індзі-электронны праект Mustelide. Мэнэджары груп змогуць узяць удзел у канферэнцыі Music & Media.

«Усе тры артысты сапраўды таленавітыя, і я вельмі хачу ўбачыць іх жыўцом. Я б сказаў, што ў беларускай музыцы ёсць вельмі своеасаблівая містыка і меланхолія. Асабліва спадабалася сумесь традыцыйнай беларускай музыкі і сучаснага гучання ў Shuma. Мне будзе цікава паглядзець, як на гэтую музыку адрэагуе фінская публіка», - кажа букінг-агент фестывалю Lost In Music Фенікс Уілама.

Фестываль Lost In Music і канферэнцыя Music & Media пройдуць з 14 да 17 кастрычніка. Адзіны білет для гледачоў на ўсе канцэрты чатырох дзён каштуе 28,5 еўра, набыць яго можна на сайце Tiketti.fi.

Праект Experty.by таксама прадстаўляе ў Беларусі фестываль MENT Ljubjana (Славенія), куды беларускія артысты могуць падаць заяўку да 14 верасня, і Moscow Music Week, які пройдзе з 10 да 13 верасня. На яго ад Беларусі паедуць: Navi, Nizkiz, «Вялікая Мядзведзіца», Cherny, Awlnight, Gran +.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках