7 траўня 2024, aўторак, 9:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Беларусь абрынуўся цыклон «Даніэла»

79
На Беларусь абрынуўся цыклон «Даніэла»
ФОТА: сацсеткі

Вуліцы гарадоў былі занесеныя снегам, а рух моцна абцяжараны.

У Беларусь з паўднёвага захаду прыйшоў цыклон «Даніэла», ён ссоўваецца праз нашу краіну на паўночны ўсход, у кірунку Расеі. Прагназуецца, што моцны снегапад будзе ўвесь сённяшні дзень.

17:30 Нягледзячы на прагнозы, снегапад прадаўжаецца. Развітанне з Даніэлай здоўжылася. Вядома, што ўплыў цыклона на сталіцу прадоўжыцца аж да заўтрашняга дня, хай пікавыя моманты ўжо пройдзеныя. Менчукам, якія асцерагаюцца складанасцяў з вяртаннем дадому пасля працы, паабяцалі: грамадскі транспарт будзе працаваць паводле графіку гадзіны пік да 20:00. Аўтамабілістам будзе лягчэй рухацца, чым з раніцы, аднак усё адно варта быць асцярожнымі за стырном, піша onliner.by.

17:10 Колькасць населеных пунктаў, адключаных праз снегапады ад электрычнасці, дасягнула 650.

Міністэрства надзвычайных сітуацый паведамляе, што цягам дня прадаўжаецца адключэнне электрычнасці ў населеных пунктах краіны.

16:05 Непагадзь затрымала прыбыццё некалькіх рэйсаў у Нацыянальны аэрапорт Менск.

Практычна на 1,5 гадзіны затрымліваецца рэйс EY-061/B2-0351 з Абу-Дабі. Ёсць інфармацыя пра затрымкі рэйсаў LO-705/B2-705 з Варшавы (у звычайныя дні прылёт паводле раскладу ў Менск а 15.05) і B2-784 са Стамбула (15:15).

Авіякампанія Lufthansa наогул скасавала рэйс LH-1486 Франкфурт-Менск. Ён павінен быў прызямліцца ў Нацыянальным аэрапорце Менск сёння а 14.35.

15:00 На менскія вуліцы вывелі спецназ унутраных войскаў. 200 вайскоўцаў дапамагаюць гарадскім службам прыбіраць снег.

14:20 У Менску аднавіліся ападкі. Але сіноптыкі супакойваюць, што вялікага снегападу не будзе. Гэта развітальны залп цыклона.

14:10 З пачатку наступлення цыклона на дарогах краіны колькасць аварый вырасла ўдвая.

Чалавечых ахвяр няма, толькі матэрыяльныя страты для аўтаўладальнікаў. Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміла старшая інспектарка ў асаблівых даручэннях ДАІ РБ Ганна Ванадзік.

«Складанасць у тым, што снег далей цярушыць, але на гэты момант пра цяжкія наступствы аварый звестак пакуль няма. Бяспечная хуткасць у горадзе сёння 9-15 кіламетраў на гадзіну. І тыя, хто едзе з такой хуткасцю - не за дваццаць хвілін, але за гадзіну дабіраюцца да месца», - заявіла яна.

13:30 Абнадзейлівыя навіны з Рэспубліканскага гідраметэацэнтра: «У гэты момант цэнтр цыклона знаходзіцца над Менскам. Аднак турбавацца не трэба, наадварот, гэта азначае, што снегапад пойдзе на спад. Ападкі будуць не такімі інтэнсіўнымі і выпадуць з перапынкамі».

Менавіта ў Менску выпала больш за ўсё снегу за апошні дзень. Уночы вышыня покрыва павялічылася на 10 сантыметраў, а з 9 гадзін раніцы - яшчэ на 6-7 см, разам - 16-17 см.

13:00 Відавочна, стыхія пачынае адступаць. У Менску ападкі практычна спыніліся, тэмпература падвысілася, а дарогі паступова чысцяць ад снегу. Дарожнікі абяцаюць выкарыстоўваць перапынак у непагадзі па максімуму, піша onliner.by.

12:35 Відавочцы ў сацсетках публікуюць фота і відэа стыхіі.

12:20 Вырасла колькасць населеных пунктаў, якія апынуліся без электрычнасці.

На 9 гадзін 12 студзеня праз непагадзь апынуліся абясточанымі 207 населеных пунктаў у Берасцейскай, Гомельскай, Менскай і Магілёўскай абласцях, паведаміла прэс-служба МНС са спасылкай на ДВА «Белэнэрга».

12:15 У Twitter паведамляюць пра яшчэ адное здарэнне з фурай. Са слоў карыстальнікаў, на вонкавым баку МКАД развярнула аўтацягнік, рух ад пр. Дзяржынскага ў кірунку вуліцы Кіжаватава абцяжараны.

12:10 Працягваюць паступаць паведамленні аб затрымаўшымся грамадскім транспарце на вуліцах Менска. На пр. Пераможцаў, напрыклад, (каля завода «Атлант») не можа выехаць аўтобус маршруту №73. Ён буксуе на павароце, гармонік развярнула.

11.30 Перабоі з грамадскім транспартам доўжацца. Відавочца паведамляе з вул. Сурганава: «Аўтобусы і тралейбусы стаяць, народ ідзе да метро пешшу».

11.20 Моцныя снегапады прайшлі ў Берасці і Гародні, адбылося шмат аварый, але сітуацыя стабілізуецца.

11.00 Праз непагадзь, выкліканую праходжаннем цыклона «Даніэла», у Беларусі было абясточана 80 населеных пунктаў.

10.30 Менчукі ў сацсетках паведамляюць аб цяжкасцях у руху на дарогах.

10:25 Інфармацыя ад ДАІ Цэнтральнага раёна: «Цяпер абцяжараны рух грамадскага транспарту на вул. Я. Купалы (ад вул. Куйбышава да вул. М. Багдановіча), на вул. Гарадскі Вал (у кірунку пр. Незалежнасці), а таксама на развязках МКАД - Ціміразева, МКАД - Даўгінаўскі тракт. У Цэнтральным раёне прыбіральная тэхніка рухаецца ад вул. Ціміразева ў кірунку пр. Машэрава, далей яна пройдзе пр. Машэрава ў кірунку Даўгінаўскага тракта, затым зноў накіруецца ў цэнтр горада: вул. Куйбышава, вул. Старажоўская, пр. Машэрава, вул. М. Багдановіча».

10:15 Менчукі паведамляюць пра складаную абстаноўку ля ДС «Славінскага»: «Аўтобусы не могуць выехаць на маршрут. Маршрут №100 буксаваў ў снезе працяглы час».

10:10 Сітуацыя на дарогах застаецца няпростай, але паступова паляпшаецца. У гэты момант абцяжараны рух на вул. Нямізе і вул. Багдановіча.

10:00 «Цяпер цыклон знаходзіцца ля Баранавічаў, у канцы дня будзе ля Віцебска. У Менску чакаецца прырост снежнага покрыва яшчэ на 5-6 см. Увесь аўторак будуць ападкі. Добра, што пакуль няма ветру, праз які ўтвараліся б перамёты. У гэты момант ідзе снег з дажджом на ўсходзе Віцебскай вобласці, а таксама на большай частцы Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Там назіраецца наліпанне снегу на правадах і галалёдзіца», - адзначылі ў Рэспубліканскім гідраметэацэнтры.

«Сітуацыя знаходзіцца пад кантролем. Надзвычайных здарэнняў у горадзе не зафіксавана. План «Завея» не ўводзіўся. Асноўная праблема звязана з тым, што інтэнсіўнасць снегападу супала з гадзінай пік. Хуткасць руху істотна зніжана. 100% дарожнай тэхнікі выведзена на вуліцы, яна сканцэнтравана на асноўных магістралях», - распавёў прэс-сакратар Менскай гарадской управы МНС Віталь Дэмбоўскі.

09:50 Усё ж менчане адмовіліся ад паездак на аўтамабілях. У метро шмат людзей. Нагадваем, што метрапалітэн падоўжыў ранішні час пік да 10:30.

Сіноптыкі адзначаюць, што «Даніэла» не будзе такім жорсткім, як цыклон «Хаўер», што абрынуўся на Беларусь 15 сакавіка 2013. Аднак, будзьце пільнымі і асцярожнымі. Дапамагайце блізкім і проста незнаёмым.

Напісаць каментар 79

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках